Правильное питание — один из принципов здорового образа жизни

Здравоохранение

Правільнае харчаванне – адзін з прынцыпаў здаровага ладу жыцця. Яно будуецца ў адпаведнасці з узростам, відам працоўнай дзейнасці, станам здароўя. Найлепшымі ж суадносінамі бялкоў, тлушчаў, вугляводаў з’яўляецца 1:1:6 – для дзяцей, 1:1:4 – для дарослых, 1:0,8:3 – для пажылых людзей.

Варта ведаць, што для чалавека важны не аб’ём ежы, а энергетычная каштоўнасць з’едзенага. Так, бывае, пры вялікім “стале” мы не атрымліваем дастатковую колькасць калорый ці, наадварот, паспытаўшы некалькі кавалачкаў торта, набіраем сутачную норму. Спажыванне ў вялікай колькасці хлеба, цукру, бульбы, жывёльных тлушчаў прыводзіць арганізм да дысбалансу і атлусцення. Апошняе ў сваю чаргу нярэдка выклікае развіццё хвароб страўнікава-кішачнага тракту, цукровы дыябет, дэпрэсію і інш.

Каб не падвяргаць арганізм стрэсу, харчавацца трэба рэгулярна, невялікімі порцыямі, пажадана ў адзін і той жа час. Аптымальны рэжым прыёму ежы – чатырохразовы. Пры гэтым на першы сняданак варта выдзеліць 25 працэнтаў сутачнага рацыёну, на другі – 15, на абед – 35, вячэру – 25. Для аптымальнага атрымання энергіі рэкамендуецца на сняданак ужываць кашы, на абед – ежу з дастатковым утрыманнем бялкоў (рыба, яйкі, белае мяса курыцы, бабовыя), а на вячэру – прадукты з вялікім утрыманнем клятчаткі (агародніна, садавіна).

Паўнацэнная ежа здаровага чалавека павінна быць разнастайнай. Пры гэтым паваранай солі і жывёльных тлушчаў павінна быць як мага менш. Выбірайце свежыя і натуральныя прадукты, вывучайце іх склад.

Найбольш карысныя тыя прадукты, якія ў меншай меры падвяргаюцца тэрмічнай і хімічнай апрацоўцы. Ужывайце больш вараных або запечаных у духоўцы страў і як мага менш смажаных, вэнджаных, тлустых і салёных. Не гатуйце ежу на некалькі дзён.

Піце чыстую ваду. Яна аказвае дабратворны ўплыў на скуру, увільгатняе яе знутры, сілкуе энергіяй, забяспечвае нармальнае страваванне. Аптымальным лічыцца спажыванне каля двух літраў вадкасці ў суткі.

А.НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага райЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *