35 лет работе в Ушачской детской школе искусств посвятила Маргарита Гринберг

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

У пачатку навучальнага года ў дзіцячай школе мастацтваў састаўляецца новы расклад заняткаў, карэкціруецца парадак урокаў. Але адзін пункт уносіцца ў графу без усялякага абмеркавання: вось ужо 35 год зводная рэпетыцыя аркестра народных інструментаў ладзіцца кожны чацвер а палове пятай гадзіны. Вядзе ж яе нязменны кіраўнік калектыву Маргарыта Андрэеўна Грынберг.

Узначаліць аркестр выпускніцы музвучылішча даверылі ўжо праз год работы ў нашай школе мастацтваў. Тагачасны дырэктар Леанід Аляксандравіч Власенка быў прыхільнікам калектыўных форм музіцыравання і вопытным вокам разгледзеў у выкладчыцы па класе домры добры патэнцыял. Ва Ушачы дзяўчына трапіла па размеркаванні: як і многія, разлічвала адпрацаваць неабходны тэрмін і “збегчы” ў родны Полацк. А засталася назаўсёды. “Чаму? Ды вельмі калектыў спадабаўся: усе прафесіяналы сваёй справы, якой аддаваліся ўсёй душой. Да таго ж інструментальная база ва Ушачах была такая, што маглі пазайздросціць многія гарадскія школы”, – расказвае Маргарыта Андрэеўна.

Дарэчы, у старэйшых класах яна вырашала дылему: музыка ці матэматыка. Выбраўшы першае, засмуціла школьных настаўнікаў, якія прарочылі ёй бліскучую будучыню ў дакладных навуках. Але ж рашэнне аказалася правільным. “Наша прафесія – адна з самых важных, бо мы выхоўваем душу дзіцяці!” – упэўнена яна. Гэтай справай Маргарыта Андрэеўна займаецца з апантанасцю. “Быў час, што не магла перажыць ноч: так хацелася хутчэй зноў на работу!” – згадзіцеся, нячаста можна пачуць ад людзей падобныя прызнанні.

Заўсёды шанцавала ёй і з вучнямі: Ніна Пранік, Лена Крышнёва, Люда Бычкова, іншыя юныя дараванні адольвалі вельмі складаныя творы. Аднойчы, яшчэ ў савецкія гады, нават азадачылі абласную камісію, якая, праслухаўшы канцэрт Мікалая Будашкіна для домры з аркестрам, дзе саліравала Люда, парэкамендавала ўшачанам… спрасціць праграму: маўляў, гэта ўзровень больш высокай ступені музычнага навучання. Да слова, каля 15 былых падапечных М.Грынберг пайшлі па яе слядах – скончылі музычны каледж ці вучацца ў ім. Адна з іх – Лера Васькевіч, сёлета прыйшла ў нашу школу мастацтваў у якасці маладога спецыяліста. Цікава, што яе педагогам у каледжы была Людміла Бычкова.

“Неяк выконвалі на сцэне пранікнёную Арыю Бібергана для фартэпіяна з аркестрам. Прагучаў апошні акорд, я павярнулася да гледачоў і ўбачыла, што ў многіх на вачах слёзы… Музыка – гэта вялікая сіла, і вельмі важна даць дзецям магчымасць уладарыць ёю, несці людзям магутны эмацыянальны і выхаваўчы пасыл”, – разважае М.Грынберг.

У 2004 годзе ўшацкаму дзіцячаму калектыву было прысвоена званне “ўзорны”, якое ён упэўнена пацвярджае кожныя тры гады. А яшчэ рэгулярна славіць раён і школу на прэстыжных конкурсах: чаго толькі вартыя дзве запар перамогі на фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”! Маргарыта Андрэеўна падкрэслівае, што гэта – плён намаганняў усёй установы: “Асабліва я ўдзячная кіраўнікам харавога і эстраднага аддзяленняў Ж.В.Савіцкай і А.А.Сазонавай, а таксама іх выхаванцам, якія аздабляюць нашы выступленні сваім удзелам, робяць нумары больш цікавымі для публікі. Гэтыя трывалыя сувязі дзейнічаюць на працягу ўсяго часу існавання калектыву. Яркімі і запамінальнымі былі і нумары, дзе саліравалі нашы юныя акардыяністкі, выхаванкі Н.Г.Пашкевіч Люда Дабравольская і Наташа Шах: ужо тады было бачна, што яны стануць зоркамі беларускай музыкі. Дзякуючы іх высокаму тэхнічнаму ўзроўню мы маглі працаваць над такімі творамі, пра якія можа толькі марыць музыкант-педагог”.

Ды ўсё ж не дыпломы, якімі ўвешана сцяна кабінета, лічыць галоўным здабыткам кіраўнік аркестра: куды больш каштоўныя “экспанаты” – фотаздымкі вучняў, што таксама вісяць побач. Літаральна ўсе твары на іх азарае ўсмешка: музыка прыносіць радасць. А яшчэ ўдзел у аркестры фарміруе ў дзецях калектывізм, уменне чуць не толькі сябе, а і іншых, і моцна згуртоўвае – невыпадкова многія хлопцы і дзяўчаты прыходзяць на рэпетыцыі і пасля таго, як скончылі школу. Тым больш што іх час, як мы ведаем, не трэба ўдакладняць!

“…Нават не верыцца, што ў гэтым кабінеце правяла ўжо 36 год!” – задумліва глядзіць на звыклы пейзаж за акном Маргарыта Андрэеўна. Зрэшты, хутка ён зменіцца, але пераезд у новы будынак яна чакае з дваістым пачуццём: канечне, прыемна будзе працаваць у сучасных прасторных кабінетах, але і шкада будзе пакідаць сцены, якія дыхаюць гісторыяй ушацкай музыкі. Не абышлася наша размова і без пытання пра творчыя планы. Кіраўнік аркестра прызналася, што вельмі хоча сёлета арганізаваць выступленне нашага калектыву на якой-небудзь буйной сцэне. Мусім спадзявацца, што гэта ідэя ператворыцца ў жыццё.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *