Ночью все пешеходы серые. Сотрудники отделения ГАИ и редакции провели эксперимент и протестировали разные виды фликеров

Закон - один для всех Профилактика и безопасность

У дні, калі дарожнае становішча ўскладняюць дажджы і туманы, колькасць аварый з удзелам пешаходаў узрастае. Флікеры дапамаглі б вырашыць праблему: яны дазваляюць вадзіцелю ўбачыць чалавека ў святле фар на адлегласці да 400 метраў. Але ж які святлоадбівальнік выбраць: наклейку, нарукаўную павязку, камізэльку? Мы вырашылі правесці эксперы­мент і разам з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі высветліць, як павядзе сябе на дарозе кожны. А ў сувязі з правядзеннем у краіне з 19 па 24 лістапада акцыі “Час стаць заўважаным!” заадно праверылі, як ушачане рэагуюць на ўзгаданае патрабаванне.

– У больш чым палове выпадкаў наезды на пешаходаў адбываюцца ў цёмны час сутак, – уводзіць нас у курс спраў выконваючы абавязкі начальніка АДАІ Мікалай Гаўрылюк. – З пачатку бягучага года ў Беларусі ў цёмны час сутак адбылося 870 дарожных аварый, у якіх 202 чалавекі атрымалі смяротныя траўмы, 833 – раненні. Ад агульнай колькасці загінуўшых больш чым 68 працэнтаў – гэта пешаходы і веласіпедысты.

Васямнаццаць гадзін. Спыняемся на неасветленым участку дарогі. У наяўнасці некалькі розных флікераў. Можна было б прычапіць іх усе – такога чалавека вадзіцель заўважыць з любой кропкі. Але зіхатлівых, нібы навагодняя ёлка, пешаходаў убачыш хіба што на агітацыйных плакатах ДАІ. У рэальным жыцці мы носім пераважна цёмную вопратку і ў лепшым выпадку адзін флікер.

… Тэсціруем найперш красоў­кі. Устаўленых вытворцам святлоадбівальных палос не бачна вадзіцелю, паколькі святло фар на іх не трапляе. Флікер на сумцы таксама не панацэя: адзін няёмкі рух – і рукаў курткі цалкам яго закрыў. Бачнасць такога флікера склала ўсяго 30 метраў – адлегласць пры хуткім руху крытычная. Самай эфектыўнай аказалася святлоадбівальная камізэлька. У ёй убачылі чалавека амаль за 400 метраў! Аднолькавыя вынікі паказалі куртка са святлоадбівальнымі палоскамі на спіне і нарукаўны флікер-палоска. Іх вадзіцель разгледзеў з адлегласці 300 метраў, а ў блізкім святле – за 120.

Адны флікеры ратуюць жыцці, іншыя толькі ствараюць ілюзію бяспекі.

– Не ўсё, на што прымацавана этыкетка “святлоадбівальны элемент”, на самой справе ім з’яўляецца, – кажа старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Лісоўскі. – Свядомыя вытворцы пазначаюць, што флікер адпавядае стандарту СТБ ЕН 13356-2006 “Вырабы святлоадбівальныя для пешаходаў”. Да таго ж такая прадукцыя, як правіла, пазначана вадзянымі знакамі. Калі напісана, што выраб – гэта браслет ці сувенір, то нават пры знешнім падабенстве ён можа і не быць святлоадбівальным. Разглядаем такі флікер-падробку. Здавалася б, выглядае як звычайны, у цемры свеціцца, што яшчэ трэба? Аднак бачны ён усяго за пяць метраў. Па нормах жа для бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 метраў (лепшыя характарыстыкі ў гэтым сэнсе дэманструюць флікеры белага і салатавага колераў), бо прыпыначны шлях аўтамабіля на мокрым дарожным пакрыцці пры хуткасці 90 км/г набліжаецца да 153 метраў, на сухім – каля 90.

Едзем пасля эксперыменту па райцэнтры, бачым веласіпедыста з адлегласці больш за 500 метраў!

– Наперадзе катафоты белага колеру, ззаду – чырвонага, – аглядае транспартны сродак М.Гаўрылюк. – Плюс на колах ёсць бакавыя катафоты, каб веласіпедыст быў прыкметны вадзіцелю пры руху ўздоўж праезнай часткі. Укамплектаваны па ўсіх правілах! Пытанняў няма.

Заўважаем у цемры яшчэ аднаго маладога чалавека. Аляксей кажа, што ішоў да сваёй машыны. Флікера ў яго не аказалася… Дарэчы, у Расійскай Федэрацыі хочуць абавязаць вадзіце­ляў насіць святлоадбівальныя камізэлькі пры спыненні за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак ці ва ўмовах дрэннай бачнасці. Гэта звязана з ростам колькасці наездаў на вадзіцеляў.

Што датычыцца пешаходаў, то правілы дарожнага руху абавязваюць тых, хто знаходзіцца на праезнай частцы ў цёмны час сутак, абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Гэта ж рэкамендуецца рабіць тым, хто ідзе па абочыне ці тратуары.

Спыняем парушальніцу, якая пераходзіла праезную частку ва неўстаноўленым месцы і не была пазначана флікерамі. На першы раз абмежаваліся папярэджаннем.

– Чалавека, які перабягае дарогу ў цемры, вадзіцель заўважыць у лепшым выпадку за 25-30 метраў, – тлумачыць Мікалай Гаўрылюк бестурботнаму пешаходу, уручаючы флікер у падарунак. – Такую адлегласць пры хуткасці 90 км/г аўтамабіль праходзіць прыблізна за адну секунду. Нават пры хуткасці 50 км/г прыпыначны шлях аўто перавышае гэтую адлегласць.

Што датычыцца адказнасці, то мінімальны памер штрафу за ігнараванне святлоадбівальных элементаў складае зараз 25,5 рубля. Можна купіць дзясятак флікераў! А карысць і выратаванае жыццё не змерыш ніякімі грашыма.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *