Если не «светит» газ, выручит электричество. Как отапливать помещения с помощью электроэнергии?

Общество

Як і абяцалі, сёння мы працягнем гаворку пра ацяпленне памяшканняў з дапамогай электрычнасці, раскажам пра асноўныя моманты, якія трэба ведаць. А распачаць парады мне б хацелася, здавалася б, з апошняга – з аплаты. Так, першыя спажыўцы ўжо заплацілі за кастрычнік і ведаюць “накручаныя” кілаваты за лістапад, таму ўшачанам няблага было б разлічыць свае сілы, перш чым пускацца ў няхуткае і нятаннае падарожжа.

Узважце магчымасці

Дык вось, Антаніне Мікалаеўне Пугач з аграгарадка Глыбачка першай выставілі рахунак. За нехалодны кастрычнік яна заплаціла пад 67 рублёў – за 2 тысячы кілават. У лістападзе лічыльнік паказаў 2440 кілават, аднак гэтыя лічбы жанчыну не палохаюць. Яна параўноўвае з мінулымі зімамі, калі на сезон разыходзілася 2 машыны дроў і адна брыкету, – па 200 рублёў, бо ацяпляліся катлом на цвёрдым паліве. Зараз пабачыла, што электрычны працуе не на поўную магутнасць і бярэ меншы аб’ём, чым заяўлена ў характарыстыках. Разлічвае, што і ў халодныя месяцы ўкладзецца ў сто рублёў. Трэба дадаць, што дом у А.Пугач цагляна-блочны, таму і праграваецца марудней, чым драўляны, ды і плошча немалая – 117 квадратных метраў. Крыху меней плошча ў Г.В.Сурвілы з Лутава – 100 метраў, таму і нагарэла за кастрычнік – 1800 кілават.

Выбіраем крыніцу ацяплення

Калі вы таксама лічыце, што гэта прымальная месячная сума за ацяпленне, дарэчы, з гарачай вадой, то першае, што павінны зрабіць, гэта выбраць крыніцу электраабагравання. Гэта могуць быць панэлі і цёплая падлога, лямпы і стужкі, якія грэюць прадметы, а не паветра. Пераважная ж большасць ушачан, з тых, якія рашыліся на электраацяпляенне, абралі ўсё ж электракацёл. Абумоўлена гэта перш за ўсё тым, што ў многіх, як у У.Рахоўскага з гарпасёлка ці А.Пугач з Глыбачкі па доме было пракладзена паравое ацяпленне. Сістэма ў такім выпадку поўнасцю захоўваецца, не давядзецца ні батарэі вешаць, ні трубы пракладаць, толькі набыць электракацёл. Ён каштуе ад 50 да 2 тысяч долараў у залежнасці ад вытворцы, камплектацыі, магутнасці. Калі ж у вас нічога гэтага няма, то мабыць варта прыгледзецца да той жа цёплай падлогі ці іншых носьбітаў цяпла. Матэрыял абыдзецца танней, чым манціраваць па ўсім доме трубы. Менавіта цёплую падлогу для абагрэву дома абраў А.Касяк з гарпасёлка. Яшчэ адзін ушачанін хацеў паста­віць панэль магутнасцю ўсяго 3,5 кілават. Толькі палічыў, што такі малы аб’ём (невялічкае і памяшканне) не варты тых затрат на ўкладанне. Але што б вы не абралі, уважліва прачытайце характарыстыкі, разлічыце адпаведна са сваім аб’ёмам дома і тады ідзіце ў раён электрасетак.

Ці хопіць магутнасці ліній

Гэта першая інстанцыя, куды вам трэба звярнуцца. Там ад вас прымуць заяву, правераць тэхнічныя магчымасці і дадуць адказ, ці могуць выдзеліць неабходную колькасць электраэнергіі. Яна залежыць менавіта ад магутнасці абранай электракрыніцы, плюс некалькі кілават на асвятленне. Напрыклад, калі раней на домаўладанне адводзілася каля 3,5 кілават, то з электраабаграваннем будзе 8-12. Як нам паведаміў начальнік вытворча-тэхнічнай групы раёна электрасетак С.С.Рэкуць, па гэтай прычыне з 96 заяўнікаў 12 ужо атрымалі адмоўны адказ. “Справа ў тым, што нашы падстанцыі і лініі не бязмерныя і разлічаны на пэўныя аб’ёмы. Таму існуе прынцып першынства – хто з вёскі ці вуліцы, якія сілкуюцца на адной лініі, звярнуўся раней, таму і рэзервуецца заяўленая магутнасць”. На рукі ж заяўніку выдаецца даведка, што існуе тэхнічная магчымасць, з якой ён ідзе ў службу “адно акно” райвыканкама. На жаль, адразу не мелі яе жыхары вёсак Зарэчча Вяркудскага сельсавета, Федаронкі – Сарочынскага, адмаўляюць ужо жыхарам Сонечнай і Лясной Двор Пліна, паколькі паступіла многа заяў. Самымі актыўнымі заяўнікамі з’яўляюцца жыхары аграгарадка Глыбачка, вёсак Дубраўка, Старое Сяло Жарскага сельсавета. Падключана электраацяпленне ў Забораўне, Качанах, Лутаве, Глыбачцы Ушацкага сельсавета і ў аднайменным аграгарадку. Больш актыўнымі з’яўляюцца вяскоўцы, у якіх няма магчымасці правесці газ. Аднак У.Рахоўскі з гарпасёлка наўмысна адмовіўся ад такога варыянту, бо падлічыў, што ўстаноўка асобнага лічыльніка і электракатла будзе танней.

Праверце паперы на дом

Не толькі дом, але і зямля павінны быць зарэгістраваны, бо без гэтых дакументаў у вас проста не прымуць заявы. Дарэчы, самы першы, хто вырашыў зрабіць электраацяпленне яшчэ ў лютым, таксама жыхар аграгарадка Глыбачка, пакуль топіцца дрывамі, бо не была аформлена зямля, а гэта працэдура займае шмат часу. Не мае значэння, знаходзіцца яна ў прыватнай уласнасці або ў пажыццёвым карыстанні. Таксама пры сабе пры звароце ў “адно акно” райвыканкама трэба мець і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на дом і тэхнічны пашпарт. Звяртаецца непасрэдна ўласнік або па даверанасці ад яго імя іншая асоба. Калі ў доме ра­зам пражываюць паўналетнія члены сям’і, то патрэбна і згода кожнага.

Праз месяц, магчыма і раней, вы атрымаеце рашэнне райвыканкама аб дазволе на рэканструкцыю і тэхнічныя ўмовы. І пачняце выбіраць праектантаў (некалькі чалавек абіралі полацкую фірму “Брыар”) і выканаўцаў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *