15 сентября — День библиотек

Общество

Работа мая і маіх калег у культустановах, у якіх нам пашчасціла працаваць, звязана непасрэдна з людзьмі, мы нясём ім праз літаратуру, перыёдыку, іншыя формы работы – самыя розныя веды. І каб рабіць гэта дастойна, патрэбна ўвесь час удасканальвацца. Кожны год нашы бібліятэкі ўдзельнічаюць у раённых конкурсах, мэта якіх – павышэнне прафесійнага майстэрства, паглыбленне работы з карыстальнікамі ў пэўным напрамку дзейнасці.

Напрыканцы года на раённым узроўні падводзяцца вынікі традыцыйнага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. На пераможцаў прадстаўляюцца дакументы для ўдзелу ў другім туры абласнога конкурсу. Абавязкова афармляем дакументы на атрыманне прэміі аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галі- не культуры і мастацтва па намінацыях “Лепшая бібліятэка” і “Лепшы бібліятэчны работнік”. Рыхтуе матэрыял у аргкамітэт аддзел бібліятэчнага маркетынгу (загадчыца – З.П.Таранда). За ўдзел у конкурсах у 2009 годзе цэнтральная раённая бібліятэка атрымала прыз: на 200 тысяч рублёў камплекты мастацкай і галіновай літаратуры.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята сёлета лепшым бібліятэчным работнікам 2010-га ў раёне названа Святлана Рыгораўна Клачок – бібліятэкар 1-й катэгорыі аддзела абслугоўвання дзіцячай бібліятэкі.

У гэтым годзе нашы ўстановы ўдзельнічалі ў конкурсе на лепшую выдавецкую прадукцыю бібліятэк, прысвечаную 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У раёне вызначыліся ў намінацыі “Лепшае бібліяграфічнае выданне” дзіцячая №1 і ў намінацыі “Лепшы сцэнарый масавага мерапрыемства” – Вялікадолецкая бібліятэкі-філіялы. Першая прадставіла бібліяграфічны ўказальнік “Яны абаранялі наш край”, мэта якога – сістэматызаваць друкаваныя матэрыялы аб знакамітых земляках, якія былі звязаны з Ушаччынай у час ваеннага ліхалецця. Названы ўказальнік зараз удзельнічае ў другім туры абласнога конкурсу. Падрыхтаваны ён Л.М.Эртман і Т.Д.Сакаловай.

Адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падвядзенні вынікаў раённага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшая бібліятэка Года якасці-2010”, наладжанага сумесна з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”. Пераможцы вызначаліся ў трох намінацыях: за значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем (дзіцячая бібліятэка-філіял, загадчыца – Л.Эртман), лепшая бібліятэка аграгарадка (Ільюшынская – А.Апёнак), лепшая бібліятэка па добраўпарадкаванні і санітарным стане прылягаючай тэрыторыі (Арэхаўская – І.Малак). Згодна ўмовам конкурсу, пераможцы атрымаюць прэміі, каштоўныя падарункі.

Удзел у такіх конкурсах вызначае арыенціры, стымулюе нашу работу.

Ад усяго сэрца віншую сваіх калег з Днём бібліятэк. Жадаю новых поспехаў, творчага падыходу, асабістага шчасця.

Л.ГОЛУБ, загадчыца цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *