«Подъёмный» вариант для неподъёмных вещей. Ушачанин Артур Свежинский предлагает землякам услуги по чистке ковров и мягкой мебели

Общество

На тое, што прадпрымальнікі павінны больш актыўна развіваць бізнес у малых гарадах і сельскай мясцовасці, Прэзідэнт нашай краіны звяртаў увагу неаднойчы. “Мы абавязаны больш сур’ёзна падумаць пра вяскоўцаў і якасць іх жыцця. Сучасныя людзі маюць патрэбу ў рамонце дамоў і бытавой тэхнікі, у стрыжцы, пашыве адзення і многім іншым. Малы бізнес здольны гэта зрабіць. Але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя цэны на паслугі ў сельскай мясцовасці”, – адзначаў Аляксандр Лукашэнка.

На стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне ўмоў для самазанятасці скіраваны шэраг прынятых у апошні час заканадаўчых актаў. Сярод такіх, напрыклад, Указ Прэзідэнта №345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання”, у якім прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў: адсутнасць падатку на зямлю і нерухомасць, на дабаўленую вартасць (а гэта прыкладна пятая частка кошту), утрая ніжэйшы падатак на прыбытак. Асабліва ж прывабным стала аказанне бытавых паслуг вяскоўцам і жыхарам невялікіх пасёлкаў для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія з’яўляюцца плацельшчыкамі адзінага падатку, – за ажыццяўленне дзейнасці яны ўносяць у месяц усяго адну базавую велічыню. Менавіта гэтыя льготы падштурхнулі маладога ўшацкага індывідуальнага прадпрымальніка Артура Свяжынскага да рашэння распачаць сваю справу.

Малады чалавек пэўны час жыў і працаваў у Расійскай Федэрацыі, але вырашыў вярнуцца на малую радзіму, па якой заўсёды сумаваў. У прафесійным арсенале Артура дыпломы тэхнікума па спецыяльнасцях юрыста і тэхніка-праграміста, а таксама Смаленскага ўніверсітэта, дзе ён вывучаў эканоміку і кіраванне на прадпрыемствах. Тым не менш, уладкавацца на работу ў нашым раёне па гэтых прафесіях не змог. А калі рэгістраваўся ў якасці беспрацоўнага, атрымаў ад спецыялістаў цэнтра занятасці насельніцтва параду адкрыць уласную справу.

– Прапанова зацікавіла, тым больш што дзяржава ў такіх выпадках вы­дзяляе бязвыплатную субсідыю, – расказвае Артур. – Засталося рашыць, чым менавіта заняцца. Прааналізаваў рынак працы і прыйшоў да высновы, што калі, напрыклад, ушачанін хоча адрамантаваць абутак, адзенне ці бытавую тэхніку, зрабіць дублікат ключоў, то ён можа атрымаць такую паслугу ва Ушачах, а вось калі ў доме забрудзіўся дыван – везці яго трэба аж у Полацк, не кажучы ўжо пра непад’ёмную мяккую мэблю. Вось і рашыў паспрабаваць запоўніць гэтую нішу і заняцца прафесійнай хімчысткай тэкстыльных прадметаў інтэр’ера на доме. Дзвюх з паловай тысяч рублёў субсідыі якраз хапіла на набыццё спецыяльнага абсталявання – прафесійнага мыючага пыласоса з неабходнымі насадкамі: дзякуючы яму з паверхні ўбіраецца распылены раней чысцячы сродак і яна становіцца практычна сухой.

Яшчэ адзін неабходны стартавы элемент – рэклама. Артур распаўсюджваў яе праз інтэрнэт, расклейваў на пад’ездах і, канечне, даваў аб’явы ў “раёнцы”, якая для многіх вясковых жыхароў па-ранейшаму з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі. Некалькі трэніровачных чыстак на прадметах уласнага інтэр’еру, а потым і першы заказ ад жыхаркі адной з ушацкіх шматпавярховак. Пераўтварэннем свайго дывана пажылая жанчына засталася задаволенай, як і ветлівасцю маладога прадпрымальніка.

– Дэвіз “кліент заўсёды правы” трэба засвоіць любому, хто спрабуе сябе ў сферы паслуг, – упэўнены А.Свяжынскі. – Пагаварыць з чалавекам, даць парады па доглядзе за мэбляй, а то і паспачуваць наконт хваробы ці выслухаць расказ пра ўнукаў, – гэта таксама складнік якаснага абслугоўвання. А яшчэ, адчыняць дзверы дома абавязкова трэба з усмешкай!

Бываюць у Артура заказы і з сяла – на ўласным аўтамабілі ён можа выехаць у любую вёску. З цеплынёй расказвае, напрыклад, пра сям’ю з Селішча, у доме якой нядаўна чысціў дываны і мяккую мэблю: кліентаў парадавалі вынікі работы і яны нават пачаставалі вельмі смачным салам ад уласнага парсючка!

А ці пад’ёмныя для ўшачан расцэнкі на паслугу? Напэўна, кожны гаспадар сам павінен меркаваць, ці можа ён выдаткаваць, напрыклад, 18 рублёў на тое, каб брудны дыван 2х3 стаў “бы толькі з крамы”, ці аддаць 30 за абнаўленне канапы. Паспрабуе майстар вярнуць першапачатковы выгляд і рэчам, на якіх “пагаспадарылі” каты ці сабакі, але абыдзецца гэта крыху даражэй, бо ўхіліць плямы і спецыфічны пах бывае няпроста.

Калі справы і надалей будуць ісці няблага, прадпрымальнік мяркуе з надыходам цёплага сезона заняцца і чысткай салонаў аўтамабіляў. Не выключае таксама, што зробіць аказанне бытавых паслуг не асноўным, а дадатковым сваім заняткам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Бытавыя паслугі ў Беларусі зараз аказваюць звыш 37,3 тысячы суб’ектаў гаспадарання, 33 працэнты з іх – юрыдычныя асобы, а астатнія дзве трэці – індывідуальныя прадпрымальнікі. Найбольш запатрабаваныя са 157 відаў паслуг – цырульныя (18,7 працэнта ад агульнай колькасці). На сяле паслугі аказваюць 13,3 працэнта суб’ектаў. Летась у беларускіх райцэнтрах і вёсках было адкрыта 1128 новых аб’ектаў бытавога абслугоўвання.



1 комментарий по теме “«Подъёмный» вариант для неподъёмных вещей. Ушачанин Артур Свежинский предлагает землякам услуги по чистке ковров и мягкой мебели

  1. Для работы ,клеить обои ,готовить стены ,шпаклевать их .Нужно открывать ИП .Выделяются ли средства на это,для закупки материала ..???7

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *