Сесія раённага савета

Официально

На мінулым тыдні адбылася дзевятнаццатая сесія Ушацкага раённага Савета дэпутатаў 25 склікання.

Народныя выбраннікі абмеркавалі справаздачу раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2009 годзе, з якой выступіў старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, і прагнозныя паказчыкі на 2010 год, а таксама бюджэт раёна на 2010 год, які прадставіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Н.Р.Дубоўская.

А.А.Кавалёнак адзначыў, што ў народнагаспадарчым комплексе раёна захавана станоўчая дынамі- ка развіцця. Перавышаны заданні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2006-2010 гады па экспарту тавараў і паслуг, аб’ёмах рознічнага тавараабароту і інвестыцый у асноўны капітал, платных паслуг насельніцтву, намінальнай налічанай заработнай плаце. Узраслі колькасць занятага насельніцтва, узровень сярэднямесячнай заработнай платы, скарацілася беспрацоўе.

Аднак, выканаць прагнозныя паказчыкі 2009 года ўдалося не ўсім. Дапушчана зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, рознічнага тавараабароту, платных паслуг, экспарту тавараў, перавышаны планавы паказчык па імпарту.

Алег Анатольевіч падрабязна прааналізаваў стан спраў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці раёна, а таксама асноўныя мэтавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2010 год, які завяршае чарговы пяцігадовы цыкл. Выканаць іх, як патрабуе старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А.М.Косінец, неабходна да 1 лістапада 2010 года. Гэта стане сур’ёзным экзаменам для кіраўнікоў усіх суб’ектаў гаспадарання. Выканаўшы ўсе прагнозныя паказчыкі, мы забяспечым свой эканамічны дабрабыт, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Як адзначыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Н.Р.Дубоўская, бюджэт раёна на 2010 год распрацаваны на аснове чакаемага выканання бюджэту ў 2009 годзе, прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2010 год, параметраў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, падатковага і бюджэтнага заканадаўства.

Агульная сума даходаў бюджэту раёна на 2010 год запланавана ў аб’ёме 12083,2 мільёна рублёў з ростам да 2009 года на 11 працэнтаў. Даходная частка раённага бюджэту з’яўляецца напружанай і прадугледжвае максімальную мабілізацыю ўсіх рэсурсаў.

Прадугледжаны дастаткова высокі ўзровень выкарыстання магчымасцей па прыцягненні даходаў ад размяшчэння вонкавай рэкламы, выкарыстання зямельных участкаў, у тым ліку шляхам продажу права іх арэнды на аўкцыёнах.

Адным з перспектыўных накірункаў работы па павелічэнні даходаў бюджэту з’яўляецца развіццё вытворчага сектара ў малых населеных пунктах, а таксама сеткі аб’ектаў прыдарожнага сервісу.

З мэтай скарачэння падатковай нагрузкі прадугледжана адмена збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, падатку на набыццё аўтатранспартных сродкаў, падатку з продажу, збору з карыстальнікаў за паркоўку транспартных сродкаў. У якасці кампенсацыі павялічаны размер стаўкі падатку на дабаўленую вартасць з 18 да 20 працэнтаў.

Для збалансаванасці бюджэту раёна і ажыццяўлення мэтавых расходаў з абласнога бюджэту ў 2010 годзе прадугледжваюцца сродкі для перадачы ў бюджэт Ушацкага раёна ў агульнай суме 20273,4 мільёна рублёў, узровень датацыі складае 62,6 працэнта.

Расходы па праекту кансалідаванага бюджэту раёна на 2010 год запланаваны ў суме 32356,6 мільёна рублёў.

З садакладам выступіў старшыня пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця В.П.Сяргееў, які ў прыватнасці адзначыў, што ў дакладах старшыні райвыканкама А.А.Кавалёнка і начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Н.Р.Дубоўскай змястоўна акрэслены стан спраў у раёне, указаны магчымыя шляхі сацыяльна-эканамічнага развіцця, далейшага руху ў выкананні пастаўленых першачарговых задач перад усімі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.

Паколькі прагнозныя паказчыкі на 2010 год даведзены да ўсіх суб’ектаў гаспадарання, В.П.Сяргееў ад імя бюджэтнай камісіі прапанаваў зацвердзіць іх.

У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел дэпутаты У.М.Круглік — старшыня райспажыўтаварыства, І.В.Ластаўка — старшыня Кубліцкага сельвыканкама, А.П.Русак — дырэктар агароднінасушыльнага завода, Г.А.Грыдзюшка — дырэктар прамкамбіната.

Зацверджаны заданні па асноўных мэтавых паказчыках народнагаспадарчага комплексу раёна і бюджэт на 2010 год. Пасля экспертызы і рэгістрацыі ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь гэтыя дакументы будуць апублікаваны ў газеце “Патрыёт”.

Далей дэпутаты зацвердзілі інструкцыі аб парадку правядзення аўкцыёнаў па прадастаўленні юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам у часовае карыстанне гандлёвых плошчаў у пунктах продажу, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці Ушацкага раёна, і аб парадку здачы ў арэнду капітальных пабудоў (памяшканняў і збудаванняў), ізаляваных памяшканняў, іх частак, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці раёна. Рашэнні па іх будуць апублікаваны ў газеце “Патрыёт”.

Праграму развіцця турыстычнай галіны Ушацкага раёна на 2010 год на разгляд дэпутатаў прадставіў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак.

У яе абмеркаванні прыняў удзел намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта К.Э.Вагулкін.

Па прапанове начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.А.Чырвонай дэпутаты зацвердзілі 35 выбарчых акруг, якія будуць створаны па выбарах у раённы Савет дэпутатаў 26 склікання і сярэднюю колькасць выбаршчыкаў у выбарчай акрузе – 364 чалавекі.

Прынята рашэнне аб скасаванні населеных пунктаў Есяновікі і Зарубаўшчына Ушацкага раёна.

Начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.Р.Кісель прадставіў праекты рашэнняў аб прадастаўленні права на закупку вінаграднага смаўжа і лімітах выкарыстоўваемых прыродных рэсурсаў на 2010 год. Прыняты адпаведныя рашэнні.

Зацверджаны план работы Ушацкага раённага Савета дэпутатаў на першы квартал 2010 года.

Падрыхтаваў Ф.ВОЛАХ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *