Работники участка ЖКХ в агрогородке Глыбочка знают своё дело!

К профессиональному празднику

Дзякуючы рабоце ўчастка УП ЖКГ аграгарадка Глыбачка бесперабойнае, якаснае цеплазабеспячэнне атрымліваюць мясцовы сельвыканкам і кантора гаспадаркі, цёпла і ўтульна дзецям з сярэдняй школы-дзіцячага сада, пацыентам бальніцы сястрынскага догляду. На балансе жыллёва- камунальнай гаспадаркі знаходзяцца таксама дзевяць шматкватэрных жылых дамоў. Здаецца, нямнога аб’ектаў, але ж і штат работнікаў тут невялікі – у падначаленні майстра Аляксандра Іванавіча Вялюгі ўсяго восем спецыялістаў. Працуюць зладжана, адказна – як вынік: участак з’яўляецца адным з лепшых структурных падраздзяленняў вялікага прадпрыемства.

Улічваючы спецыфіку дзейнасці, зразумела, калектыў гэты выключна мужчынскі. Больш за дзесяць гадоў машыністамі-качагарамі працуюць Руслан Пятровіч Пліскевіч і Аляксей Уладзіміравіч Камовіч, якіх А.І.Вялюга небеспадстаўна называе надзейным “стрыжнем” участка. Па слядах свайго бацькі пайшоў Васіль Аляксеевіч Камовіч. Пасаду электрыка займае Уладзімір Віктаравіч Кішчанка – адзін з самых універсальных спецыялістаў, пры неабходнасці падменіць качагараў, сядзе за руль трактара. Пра такіх як Артур Генадзьевіч Новікаў кажуць: малады ды зусім ранні: на ім – усе зварачныя работы.

– З калектывам мне адназначна пашанцавала, на кожнага магу разлічваць! – зазначае А.І.Вялюга. – У любой экстраннай сітуацыі мы з імі “на тэлефоне”. Скажам, прарвала ўначы дзе-небудзь каналізацыю, пакінуць кацельню абодвум работнікам, што знаходзяцца на змене, адначасова нельга – у такім разе выязджаю на месца сам ці звязваюся з іншымі падначаленымі. Ніхто не адмаўляе! Зручна і тое, што ўсе жывуць непадалёк.

Аляксандр Іванавіч, які звыш сямі гадоў адпрацаваў на ўчастку машыністам кацельні, а апошнія чатыры займае пасаду майстра, шчыра “хварэе” за даручаную справу. Улічваючы зношанасць абсталявання, каб землякі маглі пазбегнуць шэрагу непрыемнасцяў, абследуе жылфонд нават звыш вызначанага графіка. Калі тэрмінова патрабуюцца якія-небудзь запчасткі, на ўласным аўто імчыць за імі ў райцэнтр. Нароўні з падначаленымі бярэцца за любыя віды работ. А яны падтрымліваюць парадак на вуліцах аграгарадка – абкошваюць тэрыторыю могілак, што знаходзяцца на балансе камунгаса, зразаюць аварыйныя дрэвы.

Вось і ў дзень нашага візіту на ўчастак майстар, а таксама машыністы-качагары Р.Пліскевіч і А.Камовіч сачылі за работай ацяпляльных катлоў, займаліся нарыхтоўкай дроў. Дарэчы, каб крыху аблегчыць апошнюю задачу, адзін з мужчын прыгнаў з дому мотаблок.

– Не лічу гэта чымсьці звышардынарным, – кажа А.І.Вялюга. – Кожны з нас зацікаўлены ў аптымізацыі вытворчых працэсаў, таму часта прыносім дадатковыя пілы, электракасілкі і іншае.

Хоць і завяршаецца бягучы ацяпляльны сезон, камунальнікі з Глыбачкі ўжо рыхтуюць драўніну на будучы. Гэты матэрыял, якога з запасам хопіць на наступны год, трэба прасушыць, распілаваць, пакласці на захоўванне. У бліжэйшыя дні, нягледзячы на прафесійнае свята, правераць спецыялісты і ўвесь жылфонд.

Рабочы дзень часта не ўкладваецца ў адведзеныя рамкі. Даводзіцца затрымлівацца на ўчастку, каб у дамах землякоў было цёпла, не працякаў дах, а наваколле радавала чыстым і прывабным выглядам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *