За любовь и 14 переездов. Ушачанка Лидия Белоусова удостоена медали «Жена пограничника»

Общество

У канцы мінулага года ў Беларусі быў зацверджаны медаль “Жонка пагранічніка”. У органах МУС і Расіі ёсць падобны – “Жонцы афіцэра”. Многія жанчыны, што ахвяравалі сваёй кар’ерай, асабістымі планамі, чакалі вяртання мужоў з гарачых кропак, варты гэтай узнагароды. Аднак жонкі менавіта пагранічнікаў па самаахвярнасці стаяць у першым радзе, бо траплялі яны нават не ў гарнізон – ваенны гарадок, дзе жыло многа сямей вайскоўцаў, можна было няхай не па спецыяльнасці, аднак уладкавацца на працу і жыць у калектыве. Яны аказваліся ў глыбінцы пазбаўленымі элементарных выгод цывілізацыі. Хаця навошта абагульняць. У якіх умовах жылі і чым займаліся жонкі афіцэраў, не тоячы, расказала Лідзія Васільеўна Белавусава, якой медаль “Жонка пагранічніка” ў канцы сакавіка ўручыў старшыня Полацкай арганізацыі ветэранаў пагранічнай службы Васіль Юр’евіч Трафіменка. Дарэчы, атрымалі яго толькі тыя жанчыны, хто правёў разам з мужам на граніцы не меней 20 гадоў.

Мядовы месяц у тайзе

Ушачанін Аляксандр Іванавіч Белавусаў вёз васемнаццацігадовую жонку з суседняга Полацкага раёна адразу пасля вяселля 11 мая 1971 года на заставу Тазгоу, дзе служыў начальнікам. З перасадкамі ў Маскве, Краснаярску, Хабараўску, Уладзівастоку, Находцы. З апошняй – на грузавой машыне з фуражом, які выпісаў для дваццаці службовых коней. На мяжы з Японіяй ніякага дроту і слупоў не было, адпаведна і спрацовак. Таму толькі ад пагранічнікаў, што патрулявалі на катэрах па вадзе, і сухапутных застаў уздоўж Японскага мора і залежала ахова граніцы.

Маладажоны засяліліся ў тайзе ў палове звычайнага драўлянага дома. У другой жыла сям’я зампаліта. З мэблі – ложак, стол і некалькі стулаў, на невялікай кухні – пліта і газніца. Правадная і радыёсувязь, у экстранных выпадках шыфроўкі з Находкай, дзе размяшчаўся атрад. Побач з “домам афіцэраў” салдацкая казарма. Вось і ўвесь “ваенны гарадок”. На вуліцу выходзілі з ліхтарамі… і апаскай. Аднойчы, пакуль увечары разам з салдатамі глядзелі кіно, тыгр з’еў іх дамашнюю аўчарку. Сустрэчы з вялізнымі “кошкамі”, якія, прынамсі, вельмі ціха рухаюцца, былі нярэдкімі. І калі Лі­дзія Васільеўна адна ішла на сопку па грыбы, глядзела, каб у зоне бачнасці заставаўся вартавы салдат. Страляць тыграў забаранялася, аднак звычайна хапала папераджальнага… у паветра.

Трымаць у руках зброю Лідзія Васільеўна пачала адразу, як прыехала на заставу. Зусім свежымі былі ўспаміны пра востраў Даманскі, дзе кітайскія вайскоўцы ў 1969 годзе расстралялі практычна ўсю заставу. І Аляксандр Іванавіч рыхтаваў жонку да горшых падзей. Страляла яна выдатна, дарэчы, і з пісталета, і з аўтамата. А вось верхам на кані ездзіла толькі аднойчы. Іх мядовы месяц супаў з сенакосам, і яна разам з усімі накіравалася на лугі. Аляксандр Іванавіч падабраў ёй “спакойнага” коніка, які, аднак, ледзь не разнёс маладзіцу пры спуску з сопкі. Адчуў, што кіруе слабая рука… Ліда ўжо развітвалася з жыццём, аднак моцна трымалася за грыву.

Суніцы для настрою

Акліматызацыю Лідзія Васільеўна праходзіла цяжка. У гарах не хапала кіслароду і была вялікая вільготнасць. Млявасць стала хранічнай. Ніколі ні на што не скардзілася, аднак муж бачыў яе стан, імкнуўся падбадзёрыць. Раніцай уставаў і да разводу пастоў прыносіў да ложка шклянку свежых суніц. Салдаты вярталіся з абходаў з букетамі прыгожых горных кветак.

З часам яна прывыкла, хаця стаяла нават пытанне аб перамене месца службы. Нязвыклым быў не толькі клімат, а і ежа. Там яна ўпершыню ўбачыла сухую бульбу і моркву, наогул на заставы паступалі пераважна кансервы. Са свежых прадуктаў толькі зрэдку верталётамі выкідвалася мяса – ласяціна, мядзведзіна ці кітовае, затое ў дастатку было рыбы. Гарбушу, сёмгу, пілянгас лавілі сеткамі. А на стале ў салдат пастаянна стаяла чырвоная ікра. Хапала і марской капусты, якую Лідзію Васільеўну навучылі саліць і тушыць мясцовыя карэйцы. Часта прасілі салдаты пабалаваць нечым смачным, і тады разам з поварам пяклі піражкі, ляпілі пельмені.

Хаця не толькі гэтыя добраахвотныя абавязкі выконвала жонка начальніка заставы. Наогул не было старшыны, які павінен быў займацца гаспадарчымі справамі, і яна выпісвала фураж, прымала тавар. А часта і дзяжурыла, здаралася, што пры водпусках ці змене навабранцаў замест 20 заставалася толькі дзевяць чалавек. Гэта пазней жонак афіцэраў залічалі ў штат, яны атрымлівалі званні і зарплату, у той час – не. Толькі што кароў не даіла, якіх на заставе было чатыры.

Да бліжэйшага пасёлка ад заставы 40 кіламетраў. На астравок цывілізацыі за 70 кіламетраў – карабель у будучым порце Усходні, на якім знаходзілася цырульня і гандлёвыя кропкі – яна вырывалася некалькі разоў у год падчас партыйных сходаў. Парторг атрада, які прыязджаў на заставу, выдзяляў “Волгу” са словамі: “Засумавала напэўна па магазінах”. Тады і рабіла прычоскі – яе хутка абслугоўвалі па-за чаргі.

Пакуль працаваў генератар

Час першых родаў супаў з васьмімесячнай камандзіроўкай Аляксандра Іванавіча ў Алма-Ату. Выпісаць іх з сынам прыехаў, а праз дзень зноў накіраваўся ў Казахстан. Жонка зампаліта, якая была родам з Находкі, наогул большую частку часу праводзіла ў горадзе. І купала малога Саньку Лідзія Васільеўна з зампалітам. На пліце грэ­ла ваду, ну а сушыла і прасавала пялёнкі – у дызельнай. Паспець зрабіць гэта трэба было за гадзіну-паўтары, калі генератар выпрацоўваў электрычнасць – чатыры гады пражылі на заставе без яе. А калі бацька вярнуўся, малы доўга не прымаў “незнаёмца”.

Калі ж сыну споўнілася 9 месяцаў, у Лідзіі Васільеўны раптоўна паднялася тэмпература. “Хуткая дапамога” адвезла яе ў шпіталь, а Саньку некалькі тыдняў даглядалі салдаты.

У 1976-м Аляксандра Іванавіча прызначалі начальнікам штаба камендатуры ў Тэрнеі: 700 кіламетраў ад Находкі напрамкі, ну а цеплаходам па моры – двое сутак. Гэта ўжо быў невялічкі, аднак раённы цэнтр. Пакуль жылі там, Лідзія Васільеўна скончыла Хабараўскі тэхнікум савецкага гандлю, і калі іх у чарговы раз перавялі ў Находку, яна нарэшце знайшла работу па спецыяльнасці. Уладкавалася тэхнолагам у трэст грамадскага харчавання. Там быў выдатны калектыў, яе паважалі і падтрымлівалі. І назначэнне Аляксандра Іванавіча камендантам зноў у Тэрней бурыла наладжанае жыццё. Гэта быў адзіны раз, калі яна не хацела ехаць услед за мужам. Знаходзілася на дзявятым месяцы цяжарнасці. Сын хадзіў у школу, кватэра – з усімі выгодамі, у якой уласнымі рукамі зрабіла рамонт. Калегі адгаворвалі, абяцалі дапамагаць… Аднак яна зноў пусцілася ў небяспечнае падарожжа. На моры падняўся шторм, і калі да цеплахода ў Тэрнеі падагналі катэр з баржай, на які і высаджвалі людзей, спусціцца па вяровачнай лесвіцы было немагчыма. Афіцэры скакалі з трохметровай вышыні, Саньку дарослыя паймалі. Угаворвалі скакаць і яе. Цяжарная жанчына не магла рашыцца… і тады яе спусцілі ў сетцы – кранам, як груз. Адзіны мясцовы доктар прымаць роды на месцы адмовіўся. І яе хутка накіравалі ў большую бальніцу. Праведаць шматпакутную парадзіху прыехаў амаль увесь афіцэрскі састаў Находкі, і калі іх сябар запытаўся, як назавуць сына, яна сказала яго імя – Вячаславам.

А ў адзін з вечароў Аляксандр Іванавіч паведаміў: “Збіраемся ў Мазамбік. Саньку адправім да родных у Наваполацк, Славіка возьмем з сабой”. Афіцэраў-пагранічнікаў часта назначалі саветнікамі ў замежныя краіны. Але не прайшлі медкамісію, а праз паўгода даведаліся, што там забілі ўсіх прадстаўнікоў дыпламатычнай службы.

Апошні перавод хоць і аказаўся ва Уладзівасток, вельмі вялізны горад – па спецыяльнасці Лідзія Васільеўна не ўладкавалася. Ад кватэры, школы і садка трэба было вельмі далёка ез­дзіць ці наогул прапаноўвалі рэстаран цягніка Уладзівасток-Масква. І хоць Аляксандр Іванавіч быў камандзірам базы забеспячэння ўсёй Ціхаакеанскай пагранічнай акругі – самай вялікай у Савецкім Саюзе, але жонку, маючую профільную спецыяльнасць, на работу не прыняў. “Іншых браў, а сваю сорамна”, – кажа сёння ветэран. Ды і паколькі сам дняваў і начаваў на рабоце – матэрыяльная адказнасць была вельмі вялікай, саставы ішлі з усяго Саюза, некаму трэба было даглядаць дзяцей. І Лідзія Васільеўна просіцца ўзяць яе ў бліжэйшы садок хаця б нянечкай. “Нам патрэбны выхавацелі з любой адукацыяй”, – сказалі ў аддзеле адукацыі. 36 чалавек было ў яе першай сярэдняй групе, 37-м – Славік, які катэгарычна не заставаўся без маці…

Пра заставу нагадвае карціна

На радзіму сям’я палкоўніка вярнулася ў 1988-м і доўга блукала без жылля, хоць па законе яго павінны былі прадставіць на працягу паўгода ў любым горадзе, акрамя сталіц рэспублік. Яны хацелі Наваполацк, дзе жылі родныя, але атрымалася праз некалькі год толькі ва Ушачах. Саслужыўцы прапаноўвалі вярнуцца назад, іх кватэру доўга нікому не аддавалі, але ж дома іх чакалі хворыя бацькі. Лідзія Васільеўна паспела скончыць Полацкі педагагічны тэхнікум і працяглы час працавала выхавацелем у садку. “Нядаўна спыніў мяне 25-гадовы юнак, пачаў дзякаваць, сказаў, абавязкова завітае ў госці. Выхавацеляў памятаюць нячаста, таму вельмі прыемна. Заўсёды з цеплынёй успамінаю добрых людзей, якіх шмат было на нашым шляху. Многа сяброў, хоць пераважная большасць засталася на Далёкім Усходзе”.

24 гады правёў на мяжы Аляксандр Іванавіч, чатырнаццаць разоў за гэты час пераязджала сям’я, прадаючы за бясцэнак ці проста пакідаючы мэблю. Толькі карціна з відам заставы Тазгоу заўсёды з імі. Ды і ў сямейным меню назаўсёды засталіся стравы з морапрадуктаў. Лідзія Васільеўна як і раней, часта прымае гасцей, пастаянна балуе гасцінцамі ўнука, а сын Вячаслаў час ад часу просіць прыгатаваць крабаў. Дарэчы, хто б з іх ні прыгадваў былое, заўсёды гавораць “мы”, а не “я”. Так, яны сталі адным цэлым, а ў наступным маі – месяцы ўсіх іх галоўных свят – Белавусавы адзначаць 50 год сумеснага жыцця. На зваротным жа баку медаля “Жонка пагранічніка” невыпадкова напісана “За любоў”.

Вольга Караленка.

На здымку:Аляксандр і Лідзія Белавусавы, Васіль Трафіменка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *