Идут в народ… через телефон! На Витебщине МЧС проводит профилактическую акцию «Звонит 101»

Профилактика и безопасность

“Добры дзень! Вам тэлефануе служба 101!” – без такіх слоў на працягу апошняга тыдня не абыходзіцца рабочы дзень выратавальнікаў Віцебшчыны. Новую форму прафілактычнай работы ў святле няпростай эпідэмічнай сітуацыі вырашылі ўвесці менавіта ў нашай вобласці. Акцыя “Тэлефануе 101” накіравана ў першую чаргу на сельскае насельніцтва, пажылых людзей і адзінокапражываючых.

Трэба адзначыць, што спачатку ўшачане здзіўляюцца такому нечаканаму званку, а потым ахвотна ўступаюць у размову.

– Кожнаму нагадваем аб правілах эксплуатацыі печаў і аб тым, што нельга пакідаць іх без нагляду. Адлучыцца на 15 хвілін да суседа ці збегаць у аўталаўку – за гэты час можа адбыцца ўзгаранне. Нядаўні пажар у Жарах – яскравы таму прыклад. Хачу сказаць, што большасць грамадзян сталі актыўнымі субяседнікамі, дзякавалі нам за ўвагу і карысталіся магчымасцю задаць пытанні па тэме, – расказвае пра акцыю інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях К.І.Карзянок. – Напрыклад, Уладзімір Мікалаевіч з вёскі Альшаны пацікавіўся, як праверыць спраўнасць пажарнага апавяшчальніка і як часта трэба мяняць батарэйку ў прыборы. Нагадаю, што праверыць прыбор можна, націснуўшы і ўтрымліваючы тэставую кнопку, пры гэтым павінен з’явіцца гукавы сігнал і загарэцца чырвоны светлавы індыкатар. Элемент сілкавання трэба мяняць прыкладна раз у год. А вось з Зінаідай Мікалаеўнай, якая пражывае ў вёсцы Забалоцце, размова доўжылася больш 20 хвілін: абмеркавалі пытанні эксплуатацыі печаў і электрапрыбораў, не пакінулі без увагі праблему выпальвання сухой расліннасці. Жанчына нават падзялілася сумнай гісторыяй, звязанай з паламі: у маладосці яна атрымала апёкі падчас спробы патушыць ужо некантралюемае гарэнне травы. З таго часу не выпальвае траву сама і забараняе рабіць гэта сваякам і суседзям.

Так, апошняя тэма даволі актуальная – вясна ўступае ў свае правы, а людзі, адчуваючы цяпло, імкнуцца з дапамогай запалак навесці парадак. Паводле аператыўных звестак МНС, толькі з 1 красавіка ў краіне зарэгістравана 27 лясных і 9 тарфяных пажараў, 245 загаранняў травы і кустоўя. Выратавальнікі нагадваюць, што выпальванне сухой травы забаронена і караецца немалым штрафам. Спаліць жа смецце на ўчастку можна толькі ў бязветранае надвор’е на бяспечнай адлегласці: 10 метраў ад будынкаў, 20 – ад лесу, 30 метраў – ад месцаў адкрытага захоўвання сена і саломы. Пляцоўка для спальвання павінна быць абкапана, не забудзьцеся і пра ёмістасць з вадой аб’ёмам не менш за 10 літраў.

Калі ж, зняўшы тэлефонную трубку пачуеце: “Гэта служба 101” не здзіўляйцеся, прымайце ўдзел у акцыі і асвяжыце ў памяці важную інфармацыю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *