Обеды прямо из «Европы»! Ушачские кооператоры готовят обеды для аграриев, занятых на посевной

Общество

“Сёння на абед расольнік, плоў, салата і кампот з булачкай. Зараз – апошнія “штрыхі”, і стравы адправяцца на палі сельгаспрадпрыемстваў да героеў пасяўной кампаніі”, – кажа повар кафэ “Еўропа” Алена Міхаль (на здымку), чаруючы над каструляй. Так, у цяперашні час менавіта Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства гатуе абеды для многіх гаспадарак Ушаччыны і не толькі.

– Як вядома, у сувязі з няпростай эпідэмічнай сітуацыяй нашы кафэ і бары зачынены, а рэжым работы рэстарана і сталовай абмежаваны, прыкметна зменшылася і колькасць наведвальнікаў кропак грамадскага харчавання. Аднак без справы работнікі не сядзяць. Так, адны сельгаспрадпрыемствы не маюць магчымасці гатаваць для сваіх працаўнікоў, другія не здольныя вытрымаць высокія патрабаванні санітарна-гігіенічных норм. Мы ж з задавальненнем пайшлі насустрач аграрыям – і нам добра, і ім смачна, – гаворыць начальнік аддзела грамадскага харчавання Ушацкага філіяла Т.А.Глінская.

Так, работнікі рэстарана “Купалінка” кожны дзень гатуюць для вялікадолецкіх механізатараў, а кафэ “Еўропа” – для “Маяка-Ушацкага”, “Ільюшынскага”, а таксама “Блізніцы” Полацкага раёна. Апошнія, дарэчы, з ахвотай заключылі дагавор з ушацкімі кааператарамі, бо многія жыхары гэтага населенага пункта раней карысталіся паслугай выязнога абслугоўвання і заўсёды заставаліся задаволенымі. І зараз як полацкія, так і ўшацкія работнікі палёў, вяртаючы пустую тару, перадаюць словы ўдзячнасці за смачныя абеды.

У “Ільюшынскім”, напрыклад, маецца свая абсталяваная сталовая, але ў гаспадарцы, падлічыўшы ўсе расходы на харчаванне працаўнікоў, прыйшлі да высновы, што больш выгадна рабіць заказ ва Ушацкім філіяле, бо ўсё роўна практычна ўсе прадукты закуплялі ў спажыўтаварыстве, да таго ж у затраты ўваходзіла яшчэ электраэнергія, зарплата работнікам сталовай. Сярэдні ж кошт цяперашніх абедаў даволі прымальны – у сярэднім каля 6 рублёў. Стравы ж, прыгатаваныя рукамі прафесіяналаў, ільюшынцам прыйшліся даспадобы.

Зрэшты, для ўсіх гаспадарак прадугледжана аднолькавае меню, якое загадзя абгаворана, улічаны пажаданні. На гэтым тыдні ў “Еўропе” штодня гатавалі 45 порцый, яшчэ 10 – у “Купалінцы”. Але аб’ёмы павінны павялічыцца па меры таго, як у сяўбу ўключыцца большая колькасць працаўнікоў сяла ў прыгаданых гаспадарках, а таксама за кошт новых заказчыкаў: аб сваім намеры ў бліжэйшы час пачаць супрацоўнічаць з Ушацкім філіялам заявіла і ААТ “Агра-Селішча”.

Акрамя прыгатавання абедаў для аграрыяў тыя ж повары “Еўропы” па-ранейшаму вырабляюць паўфабрыкаты, у прыватнасці, галубцы, якія ў ахалоджаным і замарожаным выглядзе паступаюць на прылаўкі магазінаў. “Зменшыўся попыт апошнім часам на шаурму і хачапуры, аднак ёсць іншыя заданні, да прыкладу, да Вялікадня ў продажы павінны з’явіцца засоленая паляндвіца і мясныя рулеты, зробленыя на нашай кухні”, – кажа А.Міхаль.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *