«Решение о переезде далось непросто!» Воспоминания Зинаиды Кравченко о Чернобыльской трагедии

Общество

У нашым раёне нямала перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Яны даўно сталі ўшачанамі, аднак пастаянна памятаюць пра сваю малую радзіму, як ураджэнка Нараўлянскага раёна, ветэран працы – былая настаўніца Кубліцкай сярэдняй школы Зінаіда Мікалаеўна Краўчанка. Прапануем яе ўспаміны.

Пужала невядомасць

Я жыла ў вялікім сяле Галоўчыцы, куды вярнулася з мужам пасля атрымання вышэйшай адукацыі. У васьмідзясятыя гады там было не менш 700 чалавек, працавала дзве школы: адна аздараўленчая – рэспубліканскага значэння, другая звычайная, у якой муж выкладаў фізіку, потым быў дырэктарам, а я вучыла пачаткоўцаў. Пра трагедыю мы даведаліся не адразу. Яшчэ 1 мая ў Нароўлі была дэманстрацыя, а пятага эвакуіравалі нашых навучэнцаў. Маім сынам не было яшчэ двух і пяці гадоў, і мы за некалькі дзён да гэтага спантанна прынялі рашэнне пакінуць вёску, пакуль не высветліцца сітуацыя. Бо не ведалі нічога, а тэлефаністка з камутатара паведаміла, што рыхтуецца яшчэ адзін спецыяльны выбух, каб апусціць у шахту рэактар, а як усё пройдзе, невядома. І сусед падвёз нас ноччу на цягнік, якім і накіраваліся на Віцебшчыну – брат ужо жыў у Кублічах.

Два месяцы мы правялі на Ушаччыне, потым яшчэ два ў Чаркасах – на радзіме мужа. Калі перад вераснем я пачала шукаць сваю школу і запыталася ў міністэрстве, куды яе эвакуіравалі, за гэтае слова на мяне проста накінуліся – яно тады не ўжывалася. Адшукалі іх у Чырвоным беразе пад Гомелем. А потым усіх вярнулі назад, і мы сям’ёй яшчэ чатыры гады жылі ў сваім сяле. Вельмі прыгожым – у нас быў дубовы гай і штучнае возера, працякае рэчка Славечна – прыток Прыпяці. Гэта ў сямнаццаці кіламетрах ад Нароўлі і каля 30 напрамую да Чарнобыльскай АЭС, а па дарогах пад 50.

У першыя гады яшчэ не было праграмы па перасяленні. Эвакуіравалі толькі тых, хто жыў у трыццацікіламетровай зоне ад рэактара, прычым каго куды. Некаторыя людзі занялі свабодныя дамы і ў нашым сяле. Адразу Галоўчыцы пакінулі толькі адзінкі.

Пастаянныя вандроўнікі

Хаця звычайным, канечне, жыццё назваць было нельга. Непасрэдна ў вёсцы знаходзіліся вайскоўцы, якія тры разы на дні мылі нейкімі растворамі нашу школу, музычную, сельсавет, кафэ, Дом культуры, дарогі, якія абсалютна ўсе заасфальтавалі. Вучням больш не выстаўлялі адзнак. Яны вучыліся вахтавым метадам, бо пастаянна вандравалі – іх накіроўвалі на аздараўленне ў Артэк, лагеры Далёкага Усходу і Каўказа. Пачаткоўцы – з бацькамі, старэйшых суправаджалі настаўнікі, а потым перадавалі важатым. Мой муж Уладзімір Юр’евіч неаднойчы суправаджаў дзяцей, а наколькі ім надакучылі пальмы, а цягнула дадому, я памятаю па іх шчымлівых сачыненнях. Першыя пару гадоў мы нават супакоіліся і наладжвалі звычайны быт – рамантаваліся, садзілі кветкі. Толькі дзяцей амаль не выпускалі гуляць, каб з пылам не хапалі радыяцыі. Часта мылі рукі і паласкалі рот.

Харчовы рай

Адзінае, што было проста выдатным, гэта забеспячэнне ў магазінах. У лес, там ён пераважна ліставы, мы больш не хадзілі, забаранялася трымаць і падсобную гаспадарку, здалі і карову, і парсюкоў, таму харчаваліся лічы выключна прывазным. І гэта быў харчовы рай. На той час мы наогул не бачылі сасісак у вакуумнай упакоўцы. Завозілі рознае мяса, тушонкі, ну а кітайскія шасцікілаграмовыя з вялізнымі кускамі ў жэле памятаю і зараз. На сталах у школе пастаянна стаяла бясплатная мінеральная вада і сокі, якія мы прымушалі піць дзяцей. Акрамя гэтага на кожнага члена сям’і выдаваліся пайкі: у наборы грэчка, кансервы мясныя і рыбныя, згушчонка. Усяго хапала, ды і прадукты ў магазінах былі па танным кошце. Хаця наш саўгас-мільянер па-ранейшаму засяваў палі і на вялізным комплексе гадаваў быкоў, казалі – на гаспадарчыя мэты.

Цяжкое рашэнне

Аднак задумаліся пра пераезд мы, калі пачаліся праблемы са здароўем. Гэта зараз разумеем, многае з таго, што рабілі – катэгарычна нельга было. Прымалі вадкі ёд і ў таблетках, сачылі, каб прапілі яго вучні, хаця нам і так хапіла яго з выбухам… Складана сказаць, хто з нашага акружэння не ездзіў у Мінск, каб праверыць шчытападобную залозу. Практычна ўсе. Гэта зараз аналізы ці ультрагукавое даследаванне можна зрабіць у раённай паліклініцы, тады не. А калі побач пачалі паміраць людзі, узнікла паніка. У маім трэцім класе вучылася Люда. Заўважыла, што яна прыляжа на парту ды прыляжа. Забілі трывогу, паўгода яна правяла ў Гомельскай бальніцы, аднак не справілася з лейкеміяй…

З пасёлка выехалі ўсе нашы калегі, што мелі дзяцей, ды і наогул вельмі многія жыхары. Мы рашыліся на самаадсяленне – калі яшчэ не прапаноўвалася дзяржаўнае жыллё ў іншай мясцовасці. Пенсіянеры маглі атрымаць кватэру ў Мінску і іншых гарадах, дзе жылі дзеці, таксама як і маладыя бацькі з райцэнтра. Хто жыў у сельскай мясцовасці, тых перасялялі ў раёны. Мы ж прыехалі ў Кублічы, дзе нам пабудавалі дом, а ў школе аказалася работа для дваіх. Крыху пазней, але ў гэтым жа 1990 годзе, запрацавала дзяржаўная праграма па перасяленні, і саўгасу “Кублічы” вярнулі сродкі, патрачаныя на будаўніцтва. Так мы і аселі, прыжыліся. Хоць рашэнне аб пераездзе аказалася вельмі балючым. Я і зараз душой там. Перазвоньваемся з роднымі – у Нароўлі жывуць стрыечныя сёстры. Наша сяло паменела разы ў чатыры, школа яшчэ захавалася, але вельмі мала вучняў, даўно не працуе цагляны завод. Ды і вёскі не пазнаць. Кінутыя дамы хутка зруйнавалі, і зараз там вуліца з новымі. Усё зусім не так, як было. Але адзінкавыя захаваныя ружы і вінаград, што везлі ў выдзеленай бясплатна фуры як самы багаты скарб, і зараз прыгадваюць, як буялі сады на гомельскай зямлі.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *