В Ушачском музее открыта фотовыставка

Общество

Да Дня пажылых людзей і Дня маці, які будзе адзначацца 14 кастрычніка, ва Ушацкім музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка прымеркавана фотавыстава Карнэліуша Консэка.

Таленавіты фотамастак нарадзіўся ў 1962 годзе ў горадзе Прушкаў, што ў Польшчы. У маладыя гады ён прыняў манаства ў Ордэне Місіянераў Божага Слова, скончыў духоўную семінарыю, затым студыю паліграфіі ў Варшаве. З 1994 па 1998 год працаваў у Рыме. Апошнія дванаццаць гадоў Карнэліуш Консэк жыве ў Баранавічах і з’яўляецца кансультантам па паліграфіі і фатографам культурна-рэлігіёзнага каталіцкага часопіса “Дыялог”.

“Першы фотаапарат падарыў бацька, – расказвае Карнэліуш. – Але ўсур’ёз займацца фатаграфіяй я пачаў толькі ў 1986 годзе. Лічу, што вельмі часта людзі не заўважаюць тых незвычайных рэчаў і з’яў, якія кожны дзень знаходзяцца з імі побач. Зробіш здымак, дадасі да яго рамку – і ў зусім звыклым і будзённым адкрыецца нешта шчымліва дарагое, незвычайнае, прывабнае, што хацелася б захаваць у сваім сэрцы, у сваёй памяці”.

Карнэліуш вельмі любіць здымаць дзяцей, і на яго фатаграфіях перададзены іх незвычайна вялікі свет пачуццяў, хваляванняў, усе яны такія шчырыя. “Мусіць Бог даў мне такі дар, – працягвае фотамастак, – каб у звычайных, на першы погляд, рэчах я заўважаў прыгажосць і каб мне ўдавалася “выцягнуць” яе часам нават з нейкіх “цёмных куткоў” жыцця. Заўважаю, здымаю, і гэтай Божай ласкай, якая адкрываецца мне, імкнуся падзяліцца з вамі”.

Можна быць упэўненым, што кожны, хто наведае выставу, знойдзе нешта для сябе, бо яе тэма блізкая кожнаму з нас. Кожны здымак перадае так шмат пачуццяў, што хочацца затрымацца, каб спаўна асэнсаваць усё, што хацеў сказаць ім фотамастак.

Прыходзьце, не пашкадуеце. Выстава будзе працаваць як мінімум да сярэдзіны кастрычніка.

А яшчэ ў музеі працягвае працаваць выстава-продаж работ народных майстроў і самадзейных мастакоў народнага клуба “Адраджэнне”, якая перыядычна папаўняецца новымі экспанатамі.

В.ПАДСАДНІК,наведвальнікі ў выставачнай зале.

навуковы супрацоўнік музея.

На здымку:



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *