Как аттестуют школьников, будет ли последний звонок и выпускной бал в Ушачах?

Образование и молодежь

Навучальны год выйшаў на фінішную прамую. Пра тое, якой будзе гэта дыстанцыя, чым яна запомніцца школьнікам і бацькам, наша сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама Г.Ф.СТРУЙ:

– Ганна Францаўна, з-за распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі многія школьнікі на працягу апошняй чвэрці не наведвалі заняткі ў школе. Як у такім разе будзе праводзіцца атэстацыя?

– Ёсць некалькі варыянтаў. Па-першае, гадавая адзнака можа быць выстаўлена па выніках першых трох чвэрцяў – прабел у чацвёртай у разлік брацца не будзе. Калі з паспяховасцю не ўсё гладка, варта ўзгадніць з настаўнікам час (у тым ліку ў суботу ці пасля ўрокаў) і прайсці атэстацыю. “Падцягнуць” вынік дапаможа і ацэнка выкананых на працягу чвэрці заданняў з адмысловай платформы “Classroom”. Права выбару – за навучэнцамі, іх бацькамі.

– Кожны год у канцы мая на базе Ушацкай школы ўшаноўваліся пераможцы прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых і спартыўных конкурсаў…

– Сёлетні не стане выключэннем. Праўда, мерапрыемства будзе ладзіцца ў больш “сціплым” фармаце: без запрашэння бацькоў і шматлікіх гасцей, без дадатковай забаўляльнай праграмы. Пра юных зорачак, іх настаўнікаў, якія на бягучым тыдні атрымаюць заслужаныя ўзнагароды, можна будзе даведацца ў адным з наступных нумароў “Патрыёта”.

Урачыстасці з нагоды Свята апошняга званка не адмяняюцца?

– Не, ва ўсіх школах Ушаччыны яны пройдуць у суботу, 30 мая. На лінейкі, якія працягнуцца 30-35 хвілін, рэкамендавана запрасіць толькі вучняў выпускных класаў і іх бацькоў. Але кожнай альма-матэр пры ўдзеле бацькоўскіх камітэтаў прапанавана самім прыняць канчатковае рашэнне. У выніку некаторыя ўключылі ў спіс гасцей першакласнікаў, выдатнікаў вучобы, іншыя – абсалютна ўсіх навучэнцаў.

– Як будуць праходзіць экзамены?

– Месцам правядзення пісьмовых выпрабаванняў стануць найбольш прасторныя аўдыторыі – каб была магчымасць рассадзіць вучняў за парты па адным. На вусныя ж кожны будзе прыходзіць у канкрэтны час па загадзя вызначаным графіку – гэта дазволіць не дапусціць вялікага скаплення школьнікаў на калідорах і ў холах навучальных устаноў. Прыемны бонус – адсутнасць на экзаменах правяраючых: акрамя выпускнікоў і членаў камісіі ў класах нікога не будзе.

– Чаканая падзея ў жыцці школьнікаў – выпускны баль…

– Так. Аднак сёлета ўсё ж будзе правільней гаварыць пра ўрачыстае ўручэнне атэстатаў, якое ва ўсіх школах раёна мяркуецца правесці на свежым паветры і ў максімальна скарочаны час. Спадзяюся: выпускнікі, бацькі з разуменнем аднясуцца да такой акалічнасці, прадыктаванай часам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *