Накануне Дня студенческих отрядов БРСМ организовал встречу бывших и нынешних бойцов

Образование и молодежь

Напярэдадні Дня студэнцкіх атрадаў, які адзначаецца ў Беларусі 1 жніўня, Ушацкі райкам БРСМ арганізаваў сустрэчу былых і цяперашніх байцоў. Будучым студэнтам, сённяшнім школьнікам, якія ў летні час заняты на праполцы хвойнікаў, пра сваё юнацтва расказалі выпускнікі Наваполацкага політэхнічнага інстытута Сяргей Аляксандравіч і Людміла Іванаўна Лосевы (на здымку).

Сяргей Аляксандравіч на такі выпадак спецыяльна прыхапіў уніформу і адразу памаладзеў, апрануўшы яе. Ён з запалам расказваў юнакам і дзяўчатам што азначае сімволіка на куртцы, пра жорсткі адбор, які існаваў у ВНУ, каб стаць байцом студатрада.

“Хоць ад нашага інстытута іх арганізоўвалася ажно 25, трапіць у склад нават тых, што накіроўваліся на будоўлі Беларусі, не гаворачы пра Поўнач СССР, было складана. Трэба было добра вучыцца, не мець “хвастоў”, датэрмінова здаць сесію, а таксама абавязкова валодаць нейкімі здольнасцямі, паколькі ні адзін атрад не выпускалі, пакуль ён не “здаў” сваю канцэртную праграму. Мы годна абаранілі нумары, больш таго, у нашай агітбрыгадзе быў нават вакальна-інструментальны ансамбль. І хоць трапілі на будоўлі сельгасаб’ектаў у Глыбоцкі раён, паставілі мэту зарабіць не менш, чым аднакурснікі на Надыме. 8 гадзін бетонных работ, потым разгрузка вагонаў на чыгуначнай станцыі, а яшчэ нам плацілі нават за выступленні – кіраўнікі гаспадарак разлічваліся мясам, бульбай. У атрадзе была жалезная дысцыпліна, а назад мы вярталіся з дзвюма з паловай тысячамі. Вялікія грошы не толькі для студэнтаў, спецыялісты ў той час атрымлівалі 115 рублёў,”– успамінаў А.Лосеў.

Людміла Іванаўна паказвала фотаздымкі з іх агульнага студэнцкага альбому, бо менавіта там, у будаўнічым атрадзе, дзе яна працавала поварам, і нараджалася іх каханне. Дарэчы, гэту гісторыю з цікавасцю слухаў і іх унук. Ну а школьнікам муж і жонка Лосевы пажадалі не ўпускаць свой шанс і абавязкова трапіць у студатрад падчас вучобы ў ВНУ ці каледжах, бо галоўнае ў іх зусім не заробак, а дзіўная атмасфера братэрства, маладосці, адпачынку ля вогнішча.

А ў сабраўшыхся на сустрэчу ўжо ёсць і невялікі вопыт, і нават працоўныя кніжкі. Іх, а таксама страхавыя пасведчанні вучням уручыла старшыня Ушацкага райкама БРСМ Дзіяна Калбасава. Такім чынам падлеткі, а некаторым толькі 14, распачалі свой працоўны стаж і маюць на руках за змену мінімум па 130 рублёў. Ну а Арцём Карпёнак запісаўся нават у трэці склад працоўнага атрада.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *