Приятная новость для ушачских медиков и пациентов. Автопарк «скорой» пополнился новым современным автомобилем

Здравоохранение

Прыемная навіна прыйшла днямі ва Ушацкую цэнтральную райбальніцу – аўтапарк аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі папоўніўся новым аўтамабілем “Ford Transit”. Транспарту такога класа ў раёне дагэтуль не было.

– У гэтай сучаснай машыне прадугледжана магчымасць падключэння шматлікіх прыбораў, падведзены кісларод для штучнай вентыляцыі лёгкіх, – расказвае намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандр Віктаравіч Паншын. – У салоне, вышыня якога дазваляе не згінацца, маецца кандыцыянер, рознага віду асвятленне, каталка-насілка, “рухомыя” крэслы для медыкаў, а таксама адмысловая каляска для транспарціроўкі хворых па лесвіцы, якая хутка “дэфармуецца” з калёснай у гусінічную. З’явіцца на транспарце і GPS-навігатар, які дазволіць сачыць за рухам аўто, аператыўна перанакіроўваць з аднаго адрасу на другі, тым самым скарачаць час у дарозе і затраты на паліва. Задзейнічаны будзе новы “Ford” не толькі на перавозцы цяжкіх пацыентаў, пацярпелых у дарожна-транспартных і іншых здарэннях, суправаджэнні масавых мерапрыемстваў, але і ў штодзённай рабоце “хуткай”.

Работнікі аддзялення абслугоўваюць за суткі каля 100 выклікаў, у перыяд уздыму захваральнасці іх колькасць павялічваецца амаль удвая. Прыкладна 30 працэнтаў складаюць тэрміновыя і экстранныя. Кругласутачна працуюць дзве брыгады. Інтэнсіўная эксплуатацыя і сельскія дарогі значна зношваюць транспарт. Таму абнаўленне аўтапарка – надзвычай важнае пытанне, у вырашэнні якога дапамог наш дэпутат, старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Як нам паведамілі ў райвыканкаме, сёлета плануецца закупіць для Ушацкай райбальніцы яшчэ адзін аўтамабіль падобнага класа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *