Украденные велосипеды, улья и 200 рублей. Хроника происшествий в Ушачском районе

Происшествия

Поўны камплект

Злодзей аказаўся не промах. Вырваў дзвярны прабой у дачным доме грамадзяніна Расійскай Федэрацыі ў Рагуцкіх і ў перыяд з верасня 2018-га па жнівень 2020-га выкраў столькі!.. Сярод яго трафеяў – газавы балон, два ложкі, трумо, сервант, халадзільнік, гармонь, зернедрабілка, радыёпрыёмнік, ванна і іншая маёмасць на агульную суму 573 рублі.

Веласіпедам “зрабілі ногі”

Цяпер застаецца толькі марыць пра ціхія вандроўкі на сваіх веласіпедах адразу траім жыхарам раёна. Ва ўсіх выпадках гаспадары не паклапаціліся пра надзейную ахову маёмасці і сталі ахвярамі злодзеяў. Так, адзін транспартны сродак “з’ехаў” у ліпені з падвала шматпавярхоўкі ва Ушачах (памяшканне не было зачынена). Месцам стаянкі другога доўгі час быў адзін з двароў у гарпасёлку. Трэцяму ж у аграгарадку Глыбачка ў чэрвені “зрабіў ногі” мясцовы жыхар 1959 года нараджэння. Пагасціўшы за чаркай-другой у таварыша, мужчына сабраўся дамоў. Хоць і жыў недалёка, убачыўшы ў пад’ездзе чужы веласіпед, вырашыў скараціць час у дарозе і паехаў на ім. Магчыма, гаспадар і прабачыў бы земляку з амаль ідэальнай дагэтуль рэпутацыяй выхадку, але ж вяртаць транспартны сродак той перадумаў, за што “зарабіў” сабе крымінальную справу.

Настойлівы Вінні-Пух

На дачы палачаніна ў вёсцы Казьяне “кватаравалі” пчаліныя сем’і. Рупліўцы займаліся сваёй салодкай работай, ды трапілі на вочы злодзею – два вуллі і 55 рамак з мёдам зніклі. Адзін пчаліны домік праваахоўнікі знайшлі паблізу ўчастка ў кустах. Але ж парадавацца гаспадар не паспеў – праз колькі дзён вернутая маёмасць зноў “пераехала” ў невядомым накірунку. Асоба настойлівага Вінні-Пуха ўстанаўліваецца.

Замарудзіў будоўлю

Некалькі гадоў таму мінчанін распачаў будаўніцтва дачнага дома ў вёсцы Замошша Вялікадолецкага сельсавета. Вось толькі давесці справу да канца не ўдалося: неабходныя для гэтага рэчы – электрамагнітны пускальнік, электрарухавік, бензапілу “Дружба”, кабель – прыбраў злодзей, які з чэрвеня 2019-га па ліпень 2020-га скарыстаўся адсутнасцю гаспадара і грунтоўна праверыў памяшканне. Не застаўся па-за ўвагай і мангал, што стаяў у двары. Урон, які панёс жыхар сталіцы, склаў 650 рублёў.

Супрацоўнікамі Ушацкага РАУС устаноўлена асоба злодзея. Ім аказаўся раней не судзімы жыхар Замошша 1997 года нараджэння. Частка выкрадзенага канфіскавана, а ў адносінах нячыстага на руку маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа.

Завітала на чаёк – аблягчыла кашалёк

У злодзеяў няма нічога святога! Гэта пацвердзіў выпадак, што адбыўся нядаўна ва Ушачах. Да жанчыны ў госці завітала яе дачка 1991 года нараджэння, якая дагэтуль мела праблемы з законам. Адступаць ад сваіх злачынных “прынцыпаў” не стала і зараз – скарыстаўшыся тым, што маці ненадоўга выйшла, выцягнула з яе сумкі 200 рублёў.

Разборка з наступствамі

Спрэчка жыхароў г.п.Ушачы можа скончыцца для мужчыны 1958 года нараджэння пазбаўленнем волі. А ўсё таму, што той у парыве злосці пагражаў сваёй жонцы забойствам, моцна сціскаў яе шыю. Ад непапраўнага жанчыну выратаваў выпадак.

Хоць трава не расці!

Калі навапалачанін прыехаў на дачу ў вёску Чарсцвяды Ушацкага раёна, то быў непрыемна здзіўлены. На звычайным месцы ў двары (не самае лепшая “кропка” для захоўвання!) ён не знайшоў сваёй бензакасы коштам 75 рублёў. Па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа. І пакуль праваахоўнікі шукаюць выкрадальніка, мужчына шукае новыя спосабы барацьбы з непатрэбнай расліннасцю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *