Почтовики Великих Долец

К профессиональному празднику

Раніцай у Вялікадолецкім аддзяленні паштовай сувязі даволі ажыўлена. Прывезлі пошту, і Раіса Васі- льеўна Данілёнак з Аляксандрам Іванавічам Хаданом прыняліся за сарціроўку перыёдыкі.

Да акенца загадчыцы аддзялення Зінаіды Пятроўны Цветавай усё падыходзілі наведвальнікі. Ганна Сцяпанаўна Пепелка прынцыпова робіць тут усе плацяжы. Нягледзячы на тое, што размяняла восьмы дзесятак і магла б заплаціць за паслугі мабільнай сувязі, не выходзячы з дому, прыходзіць да паштавікоў “як на сяло”. Па-першае, карысней прайсціся, па-другое, хочацца пагутарыць з людзьмі. А заадно і выбрала прысмакаў да чаю. Жанна Гоман пералічала дзецям грошы. У яе сёлета двое першакурснікаў, якія пакуль не маюць пластыкавых картак. А паштовае аддзяленне ў Віцебску побач з домам, таму дзеля зручнасці дзяцей таксама рабіла перавод менавіта тут.

Так што і пагутарыць з паштавікамі надта не атрымоўвалася. Некалі. Яны ж умеюць цаніць час. Мабыць, і лягчэй было б не браць усе газеты і тавар адразу Раісе Васільеўне, але яна загружаецца і ідзе па раскідзістых вуліцах вялікага аграгарадка. Хоць і большай была б аплата, аднак адмовілася ад абслугоўвання Стаек, стала цяжка, жанчына ж ужо 18 гадоў працуе паштальёнам. Выдатна ведае людзей, мае падыход, таму і без праблем спраўляецца з абавязкамі. Сёлета менавіта Раіса Васільеўна адзначалася за самую высокую падпіску.

Частку Вялікіх Долец, таксама як Старыну і Жаўніна, абслугоўвае Аляксандр Іванавіч. Высокі, моцны, яму па плячы любая сумка, шмат тавару можа данесці да сваіх вяскоўцаў, амаль усе з якіх —пенсіянеры. Не надта прыбытковую работу гэты адказны чалавек цэніць перш за усё за пастаянны заробак, незалежна ад сезона.

Не занята вакансія па вёсках Царкавішча, Замошша, ніхто не пагаджацца на нялёгкі хлеб, хоць і ёсць там працаздольнае насельніцтва. Таму паштальёнам вымушана “падпрацоўваць” пасля асноўнай работы Зінаіда Пятроўна Цветава. У немаладым узросце ёй давялося асвоіць камп’ютэр, паралельна работу праграм, вельмі баялася ісці загадчыцай аддзялення, аднак паспяхова справілася. Пасля рамонту ў аддзяленні аграгарадка стала намнога ўтульней. Стаіць і вольны камп’ютэр, якім карыстаецца для выхаду ў інтэрнэт мясцовае насельніцтва, дзеці падчас канікулаў, і план платных паслуг выкананы за 8 месяцаў на 171 працэнт. Ажно на 263 – рэалізацыя газет у розніцу, на 122 – продаж тавараў, на 109 – даходы ад асноўнай дзейнасці. Пры плане 418 выданняў, яны падпісалі 428 і, як кажа Зінаіда Пятроўна, падпіска пастаянна павышаецца. І так па ўсіх паказчыках. Часткова з-за таго, што разрастаюцца самі Вялікія Дольцы, але ж пераважна дзякуючы іх рабоце, уменню падаць, пераканаць, зацікавіць. Дзякуючы авалоданню самаму цяжкаму рамяству – рабоце з людзьмі.

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку:

А.І.Хадан, З.П.Цветава, Р.В. Данілёнак.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *