Приём в Клепцах

Общество

Першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў правёў прыём грамадзян у вёсцы Кляпцы Кубліцкага сельсавета.

У гэтай вёсцы, што размясцілася недалёка ад аграгарадка Кублічы, пражывае 34 чалавекі, але магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам улады скарысталіся нямногія.

Асноўнае і даволі актуальнае пытанне – нарыхтоўка дроў. Каб набыць гатовых дроў у лясніцтве, трэба стаць на чаргу і доўга чакаць. Калі ж займацца саманарыхтоўкай, то не ўсюды можна выразаць лес і кустоўе. Жыхары заўважылі, што вёска зарастае кустоўем, якое магло б пайсці на дровы. Навошта выразаць дровы ў лесфондзе, калі рукой падаць да хмызняку.

Старшыня Кубліцкага сельвыканкама І.В.Ластаўка патлумачыла прысутным парадак саманарыхтоўкі дроў. КУСГП “Кублічы”, на землях якога знаходзіцца кустоўе, павінна зрабіць выкіпіроўку карт зямель, узгадніць іх з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая ў сваю чаргу забараняе для высечкі ўчасткі, якія знаходзяцца ў водаахоўнай зоне. Потым карты перадаюцца ў лясніцтва, якое і дае дазвол на саманарыхтоўку. Па-ранейшаму лясніцтва, у дадзеным выпадку Кубліцкае, можа прапанаваць для саманарыхтоўкі і ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржлесфондзе.

Жыхара вёскі В.Жаваранка хвалявала наступнае: дом, у якім ён пражывае, непрыватызаваны і належыць гаспадарцы. Паколькі пабудаваны ў 90-х гадах, то патрабуе рамонту. Чалавек бы і рады яго зрабіць, аднак яго засмучае тое, што будынак не яго. А.Я.Вайцянкоў параіў высветліць, якая сума крэдыту засталася нявыплачана гаспадаркай за дом. Ён можа яго выкупіць і стаць паўнапраўным гаспадаром. Старшыня КУСГП “Кублічы” А.В.Есіпаў, які таксама прысутнічаў на прыёме, паабяцаў свайму працаўніку дапамагчы высветліць гэтае пытанне.

Прыйшла на прыём і жыхарка вёскі Шахноўцы, дзе пастаянна пражывае ўсяго тры чалавекі. Вёска знаходзіцца зусім побач з Кляпцамі, і жанчына прасіла хоць крыху падсыпаць дарогу, што злучае вёскі. Вясной, а таксама ў час моцных дажджоў, не заўсёды можна трапіць у вёску на машыне. Пасля заканчэння прыёму А.Я.Вайцянкоў вывучыў гэтае пытанне на месцы і даў даручэнне старшыні гаспадаркі падсыпаць дарогу, што злучае Шахноўцы і Кляпцы.

Усе астатнія пытанні былі вырашаны адразу ў рабочым парадку.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *