Фонды музея народной славы имя В.Лобанка пополнились ещё одной работой художника Николая Обрыньбы

Калейдоскоп

Імя легендарнага мастака, стваральніка ўнікальнай партызанскай карціннай галерэі Мікалая Абрыньбы добра вядома ўшачанам. Выпускнік Маскоўскага мастацкага інстытута дабравольцам пайшоў на фронт, трапіў у акружэнне, але здолеў збегчы з палону і стаў разведчыкам партызанскай брыгады імя Дубава. А ў перапынках паміж баявымі аперацыямі разам з сябрам Мікалаем Гуцыевым яны малявалі карціны і плакаты, ствараючы мастацкі летапіс партызанскага руху. Іх работы беражліва захоўваюцца ва Ушацкім музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Нядаўна ж фонды ўстановы папоўніліся яшчэ адным адметным творам…

Палотны лясных экспазіцый пахлі не толькі маслам, але і порахам, дымам партызанскіх кастроў. Для кожнага народнага мсціўца патрапіць у якасці персанажа на малюнак ці карціну было знакам вялікай пашаны: гэта права выпадала толькі тым, хто выдатна праявіў сябе ў баях. Некаторыя героі-партызаны станавіліся персанажамі батальных палотнаў пасмяротна. Так, напрыклад, рэквіемам у гонар подзвігу групы байцоў, прыкрываўшых адход свайго атрада, стала карціна М.Абрыньбы “Бой пад Пышна”. Гэта было, бадай, самае складанае выпрабаванне ў кар’еры мастака: эскізы і замалёўкі персанажаў будучага палатна ён рабіў праз два тыдні пасля бітвы ля аднайменнай вёскі. Увесь гэты час целы забітых герояў, разарваныя кулямі і гранатамі, расплюшчаныя гусеніцамі варожых танкаў, заставаліся на полі бою. М.Абрыньба дакладна аднавіў на палатне не толькі рысы твараў партызан, але і акалічнасці іх неўміручага подзвігу…

Пасля вайны творы партызанскіх мастакоў разышліся па розных экспазіцыях. Калі ж у 1977 годзе была прынята Пастанова бюро ЦК КПБ аб стварэнні філіяла музея народнай славы “Партызанская карцінная галерэя”, шэраг карцін і малюнкаў ­М.Абрыньбы і М.Гуцыева зноў вярнуліся на Ушаччыну. Так, напрыклад, пано “Чапаеў у баі” нам перадаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а палатно “Выхад брыгады “Дубава” на аперацыю” – лепельскі краязнаўчы музей.

… Днямі ж у фондах Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка з’явілася яшчэ адна карціна Мікалая Абрыньбы. Яна была напісана ўжо ў пасляваенны час – у 1953 годзе, калі Мікалай Іпалітавіч жыў і працаваў у Маскве. Работа мае назву “Паўднёвы порт”, а натхніў майстра на яе стварэнне прыгожы від на Масква-раку. Да нас жа гэтая мастацкая каштоўнасць трапіла дзякуючы сям’і Кірпічаў.

Як вядома, першым дырэктарам музея ва Ушачах, заснаванага ў 1968 годзе, стаў Васіль Іванавіч Кірпіч. У час вайны ён сам быў партызанам брыгады Дубава, сябраваў з многімі былымі народнымі мсціўцамі. Непасрэдныя стасункі звязвалі Васіля Іванавіча і з М.Абрыньбам, і ў знак іх сяброўства ў 70-х гадах легендарны мастак зрабіў яму падарунак – карціну свайго аўтарства. Пра гэта сведчыць і надпіс простым алоўкам на яе зваротным боку: “На добрую память о Москве и нашей встрече Кирпичу Василию Ивановичу от художника”.

У 1972 годзе першы дырэктар нашага музея быў пераведзены на партыйную работу ў г.Смаргонь. Карціна ж заўсёды вісела ў кватэры Кірпічаў на пачэсным месцы, была сапраўднай сямейнай рэліквіяй. Калі ж Васіля Іванавіча не стала, палатно захоўвалася ў сям’і яго сына Сяргея Васільевіча. Магчыма, менавіта гэты твор, адметны сваёй мастацкай дасканаласцю, пэўным чынам паўплываў і на тое, што ўнучка Васіля Іванавіча Алена абрала творчую прафесію, атрымала адукацыю ў Беларускай дзяжаўнай акадэміі мастацтваў, сама піша выдатныя карціны, выкладае курсы для дзяцей.

“Захоўваў палатно, як памяць пра майго бацьку. Аднак прыйшоў да высновы, што карціна можа быць цікавай многім людзям, распавесці ім нешта карыснае, дапоўніць вобраз аднаго з удзельнікаў партызанскага руху на ўшацкай зямлі, і вырашыў перадаць яе ў музей, каб зрабіць даступнай для шырокага кола наведвальнікаў”, – тлумачыў Сяргей Васільевіч, уручаючы рарытэтны твор дырэктару музея Наталлі Пятроўне Бугай. Выканаць прыемную місію яму дапамаглі ўшацкія сябры – сем’і Варатынскіх, Лосевых і іншыя. У кожны свой прыезд на малую радзіму дацэнт, кандыдат тэхнічных навук С.Кірпіч абавязкова ладзіць сустрэчы з былымі аднакласнікамі, падчас якіх заўсёды гучаць не толькі цёплыя словы, але і вершы, песні, бо ўсе яны, землякі – людзі творчыя, з’яднаныя любоўю да роднай ушацкай зямлі, сваёй малой радзімы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

У пасляваенны час М.Абрыньба неаднаразова бываў ва Ушачах. Як прыгадвае яшчэ адзін былы дырэктар музея Мікалай Мікалаевіч Кірпіч, перад адкрыццём мемарыяльнага комплексу “Прарыў” і другой пастаяннай экспазіцыі музея ў 1974 годзе мастак прывёз і перадаў установе больш дзясятка сваіх графічных работ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *