Лучшие учителя-практики страны делились опытом работы в Ушачах

Образование и молодежь

Абмеркаваць выклікі сучаснасці, іх уплыў на школьную адукацыю, даведацца ад экспертаў пра найлепшыя практыкі іншых краін, абмяняцца ўласнымі ідэямі, напрацоўкамі – усё гэта ставілі на мэце ўдзельнікі ме­ра­пры­ем­ства, якое прайшло на мінулым тыдні ва Ушачах. Сярод запрошаных – творчыя педагогі з усёй Беларусі. І кожнаму было што сказаць сваім калегам.

Education Camp (EdCamp) – міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе, а ў 2017-м упершыню прыйшла ў Беларусь. За гэты час семінары адбыліся ў Мінску, Брэсце, Століне, Паставах і іншых гарадах. У пяцёрцы першых на Віцебшчыне – наш раён. Ініцыятарамі правядзення ўзгаданага мерапрыемства ва Ушачах сталі настаўнікі з райцэнтра Вольга Анатольеўна Жыткая, Уладзімір Леанідавіч Хамёнак, Алена Васільеўна Марозава, якія ўжо прымалі ўдзел у падобных педагагічных сустрэчах.

– Сёння здзяйсняецца мая мара – выдатная каманда аднадумцаў (з многімі настаўнікамі паспела пасябраваць) сабралася ў маёй роднай альма-матэр, – далучыўшыся да вітальнага слова дырэктара Ушацкай школы Віталя Іосіфавіча Клімашэўскага, зазначыла В.А.Жыткая. – Ніхто не пабаяўся зменлівага надвор’я, няпростай эпідсітуацыі – а ўсё для таго, каб любімая справа была плённай, а кожны ўрок – адкрыццём для вучняў. Вельмі радуе, што многа сярод нас моладзі.

Трэба заўважыць, што эдкэмп мае ўнікальны фармат і падпарадкоўваецца закону “аб дзвюх нагах”: праграма загадзя невядомая, удзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім. Усе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Галоўны прынцып – “дай, калі можаш, вазьмі – калі хочаш”. Сярод педагогаў Ушаччыны, дарэчы, знайшліся як першыя, так і другія. З цікавым трэнінгам “Адукацыйны працэс з пазіцыі сацыяльнай роўнасці і справядлівасці”, падрыхтаваным дзякуючы тыднёваму праходжанню Школы глабальнай грамадзянскасці, выступіла В.А.Жыткая (на здымку). “А мы пагаворым пра гісторыю ў адным яблыку. Гэты духмяны плод у канцы і разыграем”, – удала рэкламаваў свой майстар-клас па канструяванні вобразаў гістарычнага мінулага У.Л.Хамёнак. Зацікавіла педагогаў і тэма, якую прапанавала А.В.Марозава, – па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

– Сёння трапіла на “заняткі” як сваіх непасрэдных калег, так і педагогаў з іншых рэгіёнаў краіны. Прызнаюся – станоўчых эмоцый атрымала шмат! – падзялілася з намі настаўніца Ушацкай школы Святлана Дзмітрыеўна Галай. – Седзячы за партай у ролі вучня, па іншаму ўспрымаеш ход урока. Для сябе зразумела: 27 гадоў педагагічнага стажу – нішто, калі штодня не працуеш над сабой.

…Падчас развітання хтосьці назваў эдкэмп настаўніцкім кіслародам, які дапамагае выжываць. Такія сустрэчы натхняюць, пасля іх хочацца працаваць па-новаму, творча, актыўна, у сучасным фармаце.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • Серыя эдкэмпаў у Беларусі ладзіцца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID і некамерцыйнай арганізацыі PACT. Галоўны тэзіс “EdCamp Belarus-2020”  – “Лепшыя практыкі – у кожным класе краіны”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *