Ситуация с очередями на почте устраивает далеко не всех. Что предлагают ушачане для решения проблемы?

Общество

Падыходзячы ў мінулую сераду да пошты, убачыла на вуліцы натоўп людзей. Бываю тут рэдка, таму і адагнала ад сябе непрыемныя прадчуванні. Падумала, мабыць у “Амі-Мэблі” нейкая суперакцыя і ўсе чакаюць адкрыцця магазіна. Не, на жаль, дзесяць чалавек (колькі яшчэ было непасрэдна ў аддзяленні, не лічыла), імкнуліся трапіць менавіта да сувязістаў. Я б, канечне, развярнулася і пайшла назад, калі б не дамоўленасць на інтэрв’ю ў адной з суседніх устаноў. Таму заняла чаргу і накіравалася па справах. Правёўшы там больш паўгадзіны, была пераканана, што ўжо некаму будзе пацвердзіць, што я таксама стаяла. І вельмі здзівілася, калі ў тамбуры наткнулася на наведвальніка, за якім займала чаргу.

Маё падарожжа на пошту заняло 55 хвілін. Бо каб адшукаць прозвішча на перавод, таксама давялося пачакаць… падвісла праграма ці камп’ютар. У суседнім акенцы тым часам вельмі доўга аплачвалі адну “залу”, потым другую, электраэнергію, клалі грошы на тэлефон. Шчыра скажу, злосць абуяла, ну навошта рабіць гэта ў аддзяленні, калі можна дома праз інтэрнэт-банкінг. Пакуль не прыгледзелася: у мужчыны перадпенсійнага ўзросту наўрад ці ёсць дома камп’ютар. Ды і ў вунь той вясковай кабеты з простым тэлефонам. Аднак тут жа сіратліва назіраў незапатрабаваны тэрмінал.

Максімальная нагрузка на аддзяленні прыпадае з 10 па 25 чыслы месяца, калі адкрываюцца базы даных на паслугі і прымаецца аплата.

Мабыць і пакінула б гэты візіт без асаблівай увагі, калі б у рэдакцыю не завітала маладая жанчына. “Вы бачылі, што робіцца на пошце? І гэта не адзін дзень, – казала В.Цвяцінская. – Аднойчы я адстаяла гадзіну да перапынку, але так і не трапіла. Потым прызвычаілася. Прыходжу ў хвілін 20 першай, калі ў аддзяленні абед – тады ты другі ці трэці – і стаіш да адкрыцця. Але ж гэта ненармальна, каб атрымаць пасылку, столькі часу марнаваць. Думаю, мабыць, вясковы адрас які пісаць, каб атрымліваць іх у бліжэйшым сельскім аддзяленні?”. Словы нашай чытачкі могуць дапоўніць сотні ўшачан, я ж спецыяльна хадзіла на пошту некалькі дзён запар. 26-га пасля абеду – чарга 10 чалавек і працуе адна каса. 27-га ў 12.45 (час перапынку) – пад дзвярыма сем наведвальнікаў і яшчэ чатыры займалі чаргу. Таму і вырашылі разабрацца ў сітуацыі, знайсці варыянты, каб не заставалася такога дрэннага асадку ад візіту ў самую запатрабаваную службу.

Першы мне яшчэ ля акенца прапанавалі аператары. “Вы ж можаце патэлефанаваць і грашовы перавод вам даставіць паштальён. За гэта, праўда, возьмуць 3 працэнты ад сумы, аднак не меней 42 капеек. На дом могуць прынесці і пасылку – калі яе вага да 2 кілаграмаў, то давядзецца заплаціць 2 рублі 64 капейкі, калі большая, то дастаўка машынай за 4 рублі 8 капеек.

– Чэргі ў паштовых аддзяленнях, на жаль, не толькі ва Ушачах, – тлумачыць намеснік начальніка Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Вольга Мікалаеўна Закрэўская. – Банкі паднялі тарыф за аплату камунальных паслуг, у нас яны прымаюцца бясплатна. Хаця і вісіць аб’ява, што паштовыя паслугі – прыярытэтныя, аднак, напэўна, мала хто на гэта звяртае ўвагу. Удакладню. Калі вы прыйшлі ў аддзяленне, у якім працуе дзве касы, за пасылкай ці адправіць яе, атрымаць перавод, выпісаць перыядычнае выданне – здзейсніць любую паштовую аперацыю, то маеце права на прыярытэтнае абслугоўванне. Ва Ушацкім аддзяленні сувязі гэта каса нумар 2 – вас павінны прапусціць тыя, хто стаіць, каб аплаціць камунальныя паслугі, і толькі калі профільных абанентаў няма – іх таксама прыме аператар. Каб пасылку даставілі на дом, на ўсіх паштовых паведамленнях пачалі пісаць нумар тэлефона, варта толькі набраць яго і заказаць кур’ера. Перапынак на абед агульны па ўсім аддзяленні мы зрабілі спецыяльна, бо калі працуе адзін аператар, утвараецца вялікая чарга. Мяркую, што прапанаваныя ўшачанам меры дазволяць зрабіць наведванне да аператараў больш камфортным, да таго ж мы падабралі кандыдатуру начальніка аддзялення, ва Ушачах будзе працаваць спецыяліст з Полацка, які на месцы зможа ўрэгуляваць сітуацыю. Ну і, канечне, людзям трэба смялей асвойваць новыя тэхналогіі. У аддзяленні прастойвае плацёжна-даведачны тэрмінал, хаця карткай там можна аплаціць любыя паслугі. Ды і наяўнымі грашыма, а суму, якая атрымліваецца як здача, пакласці на тэлефон. Хапае і людзей, якія валодаюць камп’ютарнымі тэхналогіямі, аднак па-старынцы ідуць да аператара.

У Селішчы паштовая машына прыходзіць у аўторак і чацвер з 10 да 12. Часам, каб дачакацца сваёй чаргі, адстаяць трэба гадзіны паўтары. І не факт, што будзе сувязь. А кліенты ж – пераважна пажылыя людзі.

2 студзеня. На маё здзіўленне, чаргі не было, усяго некалькі чалавек, аднак працаздольнага ўзросту, якія “на ты” з мабільнымі дадаткамі. Убачыўшы мае “вялікія вочы”, яны шчыра адказалі: “Кансерватары, любім заплаціць “пры сведках”, атрымаць чэк. У чарзе, канечне б, не стаялі, аднак людзей на вуліцы не заўважылі і завіталі”.

На такія выключныя дні, калі пашчасціць праскочыць без чаргі, безумоўна, натрапіць можна. Аднак, зноў жа – не факт. Вось В.Мялешку давялося 40 хвілін пастаяць 4 студзеня, аб чым ён пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў. Падзяліцца апошнімі, а таксама сваім вопытам аплаты паштовых паслуг мы папрасілі перад выхадам артыкула і нашых чытачоў. Вось некаторыя водгукі.

Атрымаць грашовы перавод можна ў любым аддзяленні сувязі, а выпісаць “раёнку” – як непасрэдна ў паштальёна, так і ў рэдакцыі газеты.

“Зрабіць электронную чаргу, як у гарадах, каб працавала 2-3 акенцы, і падзел аперацый паміж імі”. “Вярнуць паштовы кіёск у памяшканне райвыканкама”. “Плацяжы робім праз інтэрнэт, а выпісаць газеты ці часопіс – катастрофа. Аддзяленне працуе тры разы на тыдні, людзей поўна, да таго ж пандэмія, таму чакаем на вуліцы”. ”Усё ў нас нявыгадна, усё эканомім. Пра людзей менш за ўсё думаем”. “Навучанне і папулярызацыя тэрміналаў, інфакіёскаў, анлайн-плацяжоў”.

Спадзяюся, што меры, прымаемыя з боку паштавікоў, і наш адыход ад кансерватызму зробяць сваю справу. Бо даўно абяцала парадаваць сваякоў сушанымі баравікамі з роднай Ушаччыны, а ісці на пошту… ну зусім не хочацца.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *