Как защитить себя от обморожения?

Профилактика и безопасность

На двары па-сапраўднаму зімняе надвор’е – павялічваецца рызыка атрымаць пераахаладжэнне ці абмаражэнне.

Пра тое, як правільна іх распазнаць, аказаць першую дапамогу, а лепш – засцерагчыся, расказвае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА:

– Абмаражэнне ўяўляе сабой пашкоджанне любой часткі цела пад уздзеяннем нізкіх тэмператур – звычайна пры мінус 10-20 градусах. Пры гэтым доўга знаходзіцца на марозе неабавязкова – хапае і некалькіх хвілін.

Калі голыя рукі трапілі ў снег, неадкладна сагніце пальцы ў кулак, засуньце іх пад вопратку, а пасля адагравання і высыхання апраніце рукавіцы. Калі апошнія не дапамаглі, памахайце рукамі – але ўжо без сціскання ў кулак! Сагрэць ногі можна перакачваннем з пятак на насок, твар – праходжаннем невялікай адлегласці нагнуўшыся наперад ці 10-20 глыбокімі нахіламі. Абмарожаны ўчастак варта расцерці мяккай тканінай (але не снегам – ён узмоцніць ахаладжэнне і пашкодзіць скуру).

Часта абмаражэнне адбываецца непрыкметна для чалавека. Таму калі заўважылі, што ў некага збялелі мочкі вушэй, кончык носа, падбародак, шчокі, адразу пра гэта паведаміце.

Не піце перад выхадам на мароз спіртное: алкагольнае ап’яненне, выклікаючы ілюзію цяпла, на самой справе яго хутка растрачвае. Адмоўцеся і ад цыгарэт: курэнне змяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві і робіць канечнасці больш уразлівымі. Насіце свабодную вопратку, апранайцеся як капуста. Адмоўцеся ад цеснага абутку без вусцілкі. Не выходзьце на вуліцу без рукавіц, шапкі і шаліка. У ветранае надвор’е папярэдне намажце адкрытыя ўчасткі цела адмысловым крэмам. Не насіце металічныя (у тым ліку залатыя, срэбраныя) упрыгожванні.

Памятайце, што ў дзяцей цепларэгуляцыя арганізма не цалкам наладжана, а ў пажылых людзей бывае парушана. Гэтыя катэгорыі больш схільныя да пераахаладжэння і абмаражэння, што варта ўлічваць пры планаванні прагулкі. Усім жа раю ў моцны мароз не “геройстваваць” і без асаблівай патрэбы не выходзіць з дому.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *