Участники клуба интересных встреч «Ушачане» придерживаются принципов здорового и активного образа жизни

Культура

Здаровы чалавек фарміруе моцную нацыю, а таму любая дзяржава імкнецца ствараць адпаведныя ўмовы, заахвочваць грамадзян да правільнага ладу жыцця. Існуе нават Сусветны дзень здароўя, які адзначаецца 7 красавіка. І менавіта да гэтай даты было прымеркавана пасяджэнне клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, што працуе пры раённай бібліятэцы.

Да яго ўдзельнікаў завітаў кампетэнтны госць – галоўны санітарны ўрач раёна П.А.Саўчанка. З 2020 года ў нас рэалізуецца прафілактычны праект “Ушачы – здаровы горад”, пра змест і ход выканання якога і расказаў Павел Аляксандравіч. Прысутныя задавалі пытанні наконт азелянення населеных пунктаў, заняткаў школы здароўя, што працуе пры ЦРБ. Цікава было даведацца, што ў хуткім часе ў мікрараёне вуліцы Віцебскай будзе абсталявана веласіпедная дарожка. Удзельнікі клуба, дарэчы, выказалі меркаванне, што гэтая перспектыўная частка гарпасёлка, канечне, справядліва карыстаецца ўвагай, аднак хочацца, каб не забываліся і пра жыхароў іншых куточкаў райцэнтра. Так, Людміла Мікалаеўна Цяцерка і Анастасія Шараева зазначылі, што ў іх мікрараёнах ПМК-66 і вуліцы Е.Лось няма абсталяваных пляцовак, дзе можна пагуляць з дзецьмі.

Ажыўленая дыскусія разгарнулася па тэме папулярызацыі здаровага харчавання. Валянціна Іосіфаўна Дунік хацела б часцей бачыць у газеце парады спецыялістаў-дыетолагаў. Павел Аляксандравіч нагадаў, што ў крамах “Родны кут” і “ПраЗапас” абсталяваны спецыяльныя куткі здаровага харчавання. І ўсе прысутныя прызналі слушнай заўвагу А.Шараевай наконт таго, што ў меню кафэ “Тайм-аўт”, дзе падсілкоўваюцца пасля трэніровак юныя і ўзроставыя спартсмены, хацелася б бачыць не толькі смажанкі ды пірожныя, а і карысныя салаты, у тым ліку фруктовыя.

Паляпшае самаадчуванне і такі фактар, як рэалізацыя ў творчасці. Андрэй Андрэевіч Шахноўскі, напрыклад, расказаў, як пераадольваў цяжкае захворванне ў тым ліку і з дапамогай свайго даўняга захаплення – ігры на гармоніку. І сапраўды, мелодыі ў яго выкананні ўзнялі прысутным настрой – як і вясёлыя вершы Тамары Барадзёнак. А вось Л.М.Цяцерка і

Т.А.Чабатар здзівілі цудоўнай выставай карцін з бяросты, карэння і іншага натуральнага матэрыялу.

Такім чынам, “Ушачане” прытрымліваюцца прынцыпаў здаровага і актыўнага ладу жыцця, чаму спрыяюць і цікавыя мерапрыемствы клуба.

Таццяна ГАРБАЦЕНКА, кіраўнік клуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *