Вредно ли курить электронную сигарету?

Здравоохранение

У апошняе дзесяцігоддзе шырокае распаўсюджванне, асабліва сярод моладзі, атрымаў вейпінг – курэнне электронных цыгарэт, міні-кальянаў і іншых выпаральнікаў. Прылады для курэння ўдасканальваюцца, набываючы новы дызайн і араматычныя ўласцівасці (з густам вішні, мяты, яблыка, лімона, кавы і інш.). У буйных гарадах адкрываюцца нават вейп-кафэ, праходзяць вейп-фестывалі. Вейперы лічаць, што курэнне электронных цыгарэт не нясе шкоду здароўю. Але на самой справе гэта зусім не так.

Сярод такіх курцоў вылучаюць дзве групы. Першыя – былыя курцы звычайных цыгарэт, якія імкнуцца адвыкнуць такім чынам ад шкоднай звычкі. У другіх няма тытунёвай залежнасці, але ёсць цікавасць да папулярнай рэчы. Тым часам вадкасць для курэння складаецца з гліцэрыны, прапіленгліколя. Іх тэрмічнае раскладанне прыводзіць да ўтварэння акралеіну і фармальдэгіду, якія раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, выклікаюць слёзацёк. Фармальдэгід, акрамя пералічаных уласцівасцяў, аказвае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму. Араматызатары, якія змяшчаюцца ў вадкасці для курэння, выклікаюць алергічныя захворванні верхніх дыхальных шляхоў аж да развіцця бранхіяльнай астмы. Нікацін, які часам змяшчаецца ў вадкасцях, выклікае залежнасць, а таксама прыводзіць да развіцця ракавых захворванняў. Прапіленгліколь назапашваецца ў арганізме, выклікаючы алергічныя рэакцыі, раздражненне, парушэнне работы печані і нырак.

Спецыялісты з нацыянальнай лабараторыі імя Лорэнса ў Берклі вызначылі, што пры курэнні электронных цыгарэт утвараецца 31 небяспечнае таксічнае рэчыва. У некаторых выпадках вадкасць для электронных цыгарэт гатуюць уручную, яна каштуе ў разы танней. На такім тавары няма інфармацыі аб складзе. Пры награванні акумулятара прылады для курэння канцэнтрацыя канцэрагенных рэчываў значна павялічваецца.

Бескантрольнае ўдыханне пары, якая змяшчае нікацін, можа прывесці да перадазіроўкі з галавакружэннем, млоснасцю, галаўным болем, дыярэяй, агульнай слабасцю. Выкарыстанне аднаго вейпа можа прывесці да перадачы такіх інфекцыйных захворванняў як гепатыт і сухоты.

Беражыце сваё здароўе і памятайце: папулярнае – не значыць бясшкоднае.

П.ПУГАЧ, урач псіхіятар-нарколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *