На турнир по дзюдо памяти С.Шедько приехало 170 юных спортсменов из разных городов

Cпорт

60 год для мужчыны – гэта нават яшчэ і не пенсійны ўзрост, а час плённай працоўнай сталасці. Менавіта такі юбілей мог бы святкаваць 25 мая трэнер па дзюдо Станіслаў Анатольевіч Шэдзько, аднак лёс адвёў яму лічы што ўдвая карацейшы тэрмін. Ды ўсё ж за сціплы час гэты чалавек паспеў зрабіць вельмі многае – і яго жыццё працягваецца ў вучнях, многія з якіх цяпер самі выхоўваюць спартсменаў, а памяць трэнера ўшаноўвае турнір, які вось ужо ў 24-ты раз сабраў ва Ушачах юных дзюдаістаў.

На татамі – К.Лецкая і У.Цюкала.

Сёлета калона, якую ў чаканні цырымоніі адкрыцця сфарміравалі перад залай комплексу “Юнацтва- Ушачы” дзяўчынкі і хлопчыкі ў кімано, расцягнулася на ўвесь хол аж да басейна – на турнір заявілася 170 удзельнікаў з Лепеля, Докшыц, Полацка, Наваполацка, Віцебска, Мінска і Ушач. “Геаграфію” добра бачна па таблічках, якія з гонарам нясуць у час параду каманд самыя дастойныя спартсмены – у нас сёлета пачэсная справа была даверана пераможцу шматлікіх турніраў Паўлу Шакуту. Ну а місію прывітаць удзельнікаў спаборніцтваў узяў на сябе кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка, які пажадаў гаспадарам і гасцям выдатных эмоцый, новых сяброў і каб ва ўпартай, але сумленнай барацьбе перамаглі мацнейшыя.

Г.Быкаў змагаецца за выхад у фінал.

І яго словы, канечне, спраўдзіліся: на чатырох татамі, дзе адначасова ішлі паядынкі, было горача. Хоць і не хапае пакуль тэхнічнай базы самым маленькім дзюдаістам, затое ўдосталь жадання і эмоцый. Няпроста прыйшлося 7-гадовай віцябчанцы Яраславе Смірновай у паядынку супраць будучай пераможцы ў гэтай катэгорыі Сашы Храмёнак з Ушач. Аднак Яраслава, уласная вага якой усяго 18 кілаграмаў, мужна трымалася на сваім першым турніры, і горкія слёзы ад прайгранай схваткі імгненна змяніліся радаснай усмешкай, калі яна ўзышла на трэцюю прыступку п’едэстала. Не хавала эмоцый і яе мама Вольга, а на пытанне, ці не страшна было аддаваць на дзюдо такую малышку, патлумачыла, што дачка, паспрабаваўшы сябе ў гімнастыцы, заявіла, што гэта не для яе, бо яна хоча бароцца. Парадавалі ўшацкія дзяўчынкі свайго трэнера Кацярыну Аляксандраўну Маркевіч: апроч прыгаданай вышэй Сашы першае месца заваявала і Жэня Крывёнак – новая зорачка, якая зусім нядаўна прыйшла ў аддзяленне. Традыцыйна былі намінацыі, дзе гаспадары, як кажуць, правілі баль: на вышэйшую прыступку п’едэстала ўзышла вучаніца Веры Васільеўны Кілінай Паліна Пацэвіч, а “бронзу” ў гэтай жа катэгорыі атрымала Каміла Первянёнак, паміж сабой размеркавалі “золата” і “срэбра” Улада Цюкала і Карына Лецкая, якіх рыхтавалі В.Кіліна і М.Антопуш. Другое места ў камандную скарбонку таксама прынесла Паліна Жалейка, трэцяе – Каця Рубанік.

А.Храмёнак.

Моцная канкурэнцыя была сёлета на ўшацкіх татамі ў прадстаўнікоў моцнай паловы. З нашых землякоў найбольш паспяхова выступілі Герман Быкаў і Яўген Карэйша, якія атрымалі “срэбра”. “Бронзай” адзначыліся Максім Паршонак, Аляксей Карабань, Сяргей Жарнасек і Павел Шакута. Паядынак апошняга за выхад у фінал трымаў гледачоў у напружанні – толькі на апошніх хвілінах моцны сапернік са сталіцы здолеў правесці выніковы кідок. Да слова, сур’ёзных спрэчных момантаў па выніках схватак не ўзнікала – брыгада арбітраў, узначальваў якую суддзя нацыянальнай катэгорыі Аляксандр Цімошчык, добра справілася са сваёй работай.

Узнагароды ж трыумфатарам уручылі ганаровыя госці – трэнер С.Шэдзько Уладзімір Міхайлавіч Панкрацьеў і адна з яго лепшых выхаванак Наталля Снежань (Гайковіч), якія 25 мая адкладаюць усе справы, каб прыехаць на ўшацкі мемарыял. Ён жа вось ужо чвэрць стагоддзя займае важнае месца ў рэспубліканскім календары спаборніцтваў і спрыяе развіццю любімага віду спорту Станіслава Анатольевіча.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *