Нина Иосифовна Грак

Общество

Дом гэты стаіць адразу на ўездзе ў Загор’е і прыцягвае ўвагу незвычайнай дагледжанасцю. І вакол яго ўсё зроблена, як гаворыцца, да толку. Пабудавана лазня, студня, хоць цяпер ужо ў доме ёсць водаправод. Кветкі ўкрыты лапнікам. І асабліва цікава, што ў двары стаіць пластыкавая пальма. Гаспадыня расказвае, што сын, які жыве ў Наваполацку, старанна рабіў яе, а найперш збіраў бутэлькі, зыходны матэрыял, зялёнага і карычневага колераў, выразаў, нанізваў на штыры, цэментаваў.  Ён наогул вельмі старанны, расказвае маці, ганебных звычак не мае, увесь час па выхадных прыязджае ў бацькоўскі дом, то адно падрамантуе, то другое. Як і сёлета, нарыхтоўвае на зіму дровы, каб маці было цёпла. Яшчэ калі быў жывы бацька, набылі бензапілу. Цяпер яна па-ранейшаму патрэбна. І дачка ўдалая ў Гракоў. Прыязджае з Наваполацка ў свае выхадныя, возіцца звычайна з градкамі, робіць закаткі на зіму.

Мужа ў Ніны Іосіфаўны не стала чатыры гады таму. Такога гаспадара мела! Працавалі разам: яна даглядчыцай цялят, ён пасвіў кароў. І дома з ахвотай усё рабілі. Выхоўвалі сына і дачку, якія бацькоўскую навуку нясуць па жыцці. Навука гэта – жыць па сумленні, працаваць аддана, несці ў душы боскія запаветы.

Іконы, выявы Усявышняга – у кожным пакоі Ніны Іосіфаўны, у адным – нават тры. І яна лічыць, што гэта дапамагае пераадольваць перашкоды, якія час ад часу ўзнікаюць у жыцці. Пра тое, што бабуля – веруючая, добра ведаюць дзеці і ўнукі жанчыны. І не толькі ведаюць. Вось унучка прывезла ёй праваслаўны насценны каляндар. Ніна Іосіфаўна ездзіць у цэрквы Арэхаўна, Полацка, Наваполацка.

Прыйсці да боскага ў жыцці жанчыну прымусіў яе складаны пачатак шляху. Калі ёй было ўсяго пяць гадоў, не стала маці. Іх, дзяцей, у сям’і засталося чацвёра, а яшчэ ў хуткім часе мачаха прывяла ў хату сваіх дваіх. Напэўна ж жыццё дзяцей было цяжкое, але Ніна Іосіфаўна нічога гэтага не гаворыць і не думае пра выпрабаванні, наадварот, расказвае, што радніліся да апошняга, пакуль тая не памерла, са зводнай сястрой Любоўю.

Напярэдадні Новага года жанчына справіла сваё 80-годдзе. Спачатку дзеці і ўнукі, сваты прыехалі павіншаваць, а потым яна запрасіла вясковых жанчын.

Жыць з усімі трэба ў згодзе, лічыць Ніна Іосіфаўна. Гэта распаўсюджвалася перш за ўсё на яе мужа. Пакуль пабудавалі сваю хату, шмат было ўсяго, перш за ўсё ў матэрыяльным плане. Гэта сёння ў жанчыны заўсёды ёсць чым нават выпадковых гасцей сустрэць: пірожныя самых розных відаў паставіла яна на стол, калі мы зайшлі да яе са старэйшынай вёскі. Дачка Ніны Іосіфаўны, больш за трыццаць гадоў працуючая буфетчыцай, падсалоджвае жыццё сваёй маці, якая магла адчуваць сябе адзінокай, а на самой справе атрымлівае задавальненне ад сваіх дзяцей, унукаў, суседзяў. Яна не адчайваецца і не шкадуе сябе. Жыве з Богам у сэрцы.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *