Заготовка кормов в ОАО «Деменец» идёт полным ходом

Сельское хозяйство

Надвор’е на мінулым тыдні біла ўсемагчымыя тэмпературныя рэкорды, аграрыі ж, не заўважаючы анамальных умоў, пакаралі рэкорды працоўныя.

Нават даехаць на поле ў легкавушцы з “савецкім кандыцыянерам” (так галоўны інжынер “Дземенца” Уладзімір Ягоравіч Хамёнак жартам называе цалкам адчыненыя супрацьлеглыя вокны) было выпрабаваннем, а што казаць пра механізатараў, якія мужна шчыравалі на санцапёку. У такія дні разумееш, што фраза “героі зялёнага жніва” зусім не мае залішняга пафасу.

Старт касавіцы ў “Дземенцы” быў сёлета адным з самых ранніх у раёне: пачалі з падкосу насеннікаў, пакавалі травы ў стрэйч-плёнку, потым заняліся сенам і распачалі закладанне сянажных траншэй. І хоць дземянецкі статак самы невялікі сярод ушацкіх гаспадарак, аднак корманарыхтоўку тут лічуць працэсам стратэгічным: менавіта за кошт продажу лішкаў кармоў работнікі арганізацыі ў апошнія месяцы своечасова атрымлівалі зарплату.

Ёсць у дземянецкіх аграрыяў і пастаянны пакупнік – унітарнае прадпрыемства “Палімір-Агра”, што спецыялізуецца на малочнай вытворчасці і мае 2,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Хоць і зусім розныя па маштабе дзве гаспадаркі, аднак стасункі ладзяць паважлівыя і ўзаемавыгадныя. Навапалачане, напрыклад, на пачатку чэрвеня “пазычылі” “Дземенцу” прэс-абмотчык, дзякуючы чаму нашы землякі нарыхтавалі ў плёнку амаль 500 тон сенажу. А на мінулым тыдні, калі мы аб’язджалі палеткі, гэтая ж тэхніка прасавала траву на прылеглых да полацкай шашы сенажацях – праўда, за рулём працавалі ўжо паліміраўцы. У “Дземенцы” палічылі мэтазгодным дазволіць сябрам-партнёрам убраць для ўласных патрэб некаторыя свае ўчасткі: па-першае, траў і для сябе яшчэ ўдосталь, а па-другое (што немалаважна) палі ўздоўж буйной дарогі павінны мець належны выгляд, а ўласных магутнасцяў для хуткага ахопу ўсіх тэрыторый не хапае.

Дарэчы, у паездку менавіта з галоўным інжынерам мы адправіліся спадарожна: хлопцам, занятым на нарыхтоўцы сена, тэрмінова спатрэбілася дэталь для дробнага рамонту, а таксама ніткі для мацавання рулонаў. А таму першым на маршруце сустрэлі Аляксандра Спірыдовіча – дземянецкага перадавіка-універсала, які нядаўна працаваў на падкормцы і хімпраполцы, а зараз перасеў на прэс. Скошвалі ж гэтыя палеткі Мікалай Яловік і Ігар Мамон – але іх мы не ўбачылі, бо касілкі выязджаюць у поле з пяці раніцы і ўжо пад вечар. А вось два Аляксандры – Глінскі і Асяпёнак – былі заняты на важных этапах працэсу: першы варочаў сена, а другі звозіў і складваў на ўскрайку поля гатовыя цюкі.

Не менш зладжана працавала і звяно, што ўбірала на палетках ля вёскі Ляхі спелую люцэрну. “Неблагі сянаж будзе!” – канстатаваў Леанід Грыневіч. Толк у гэтай справе ён ведае: 11-ты сезон працуе на КВК-800. Думаў сёлета ўжо саступіць гэтую справу маладзейшым, аднак не ўстаяў перад угаворамі і часова змяніў больш спакойную пасаду вартаўніка майстэрні на гарачую кабіну камбайна. Мог бы ўжо адпачываць на пенсіі і Аляксандр Цецераў, які працаваў у гэты дзень з граблямі. За плячыма механізатара не адзін дзясятак год аграрнага стажу ў розных ушацкіх гаспадарках: у і роднай Дубраўцы сумленна працаваў, і ў Вяркудах, і ў “Райаграсэрвісе”, і ў КУСГП “Арэхаўна”, пасля закрыцця якога далучыўся да дземянецкага калектыву. Менавіта ў такіх майстроў-старажылаў моладзь можа павучыцца прафесіяналізму і загартоўцы. Зрэшты, папаўненне гаспадаркі ўжо пераймае лепшыя якасці ветэранаў: вось і малады механік Павел Шарох, калі ўзнікла патрэба, сеў за руль трактара, каб адвозіць зялёную масу.

Накіроўваўся ж транспарт з поля ў Сарочына, дзе ля былой фермы закладалася сянажная траншэя. Трамбаваў яе яшчэ адзін старажыл гаспадаркі – Аляксандр Лук’яненка. На Ушаччыну яны з жонкай пераехалі з Хойнікаў у 1992 годзе і знайшлі тут сваю новую малую радзіму: Галіна Мікалаеўна – адзін з лепшых страхавых агентаў, а яе муж – сапраўдны майстар механізатарскай справы. “Са свайго любімага “Амкадора” ён амаль што пылінкі здувае. Нядаўна, калі спатрэбілася запчастка, спецыяльна паехаў за ёй у Віцебск. Нават не ведаю, ці засне сёння ноччу, калі давядзецца перадаць змену на трамбоўцы Ільі Спірыдовічу”, – з гумарам распавядае галоўны інжынер. Ну а калі сур’ёзна, то такое стаўленне да тэхнікі заслугоўвае толькі пашаны. Сам жа механізатар, на некалькі хвілін пакінуўшы кабіну, прымаў нашы шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні: у гэты чэрвеньскі дзень яму якраз споўнілася 58 год.

Розны лёс у дземянецкіх работнікаў, як і стаж у гаспадарцы, але нікому з іх не займаць працавітасці і адказнасці. А значыць, любая справа будзе выканана сумленна і якасна – у тым ліку і стратэгічная корманарыхтоўка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *