28 июля – Всемирный день борьбы с гепатитом

Здравоохранение

Мільёны людзей жывуць з вірусным гепатытам, многія падвяргаюцца рызыцы інфіцыравання. У параўнанні з ВІЧ, вірус гепатыту В валодае ў 100 разоў большай інфекцыйнасцю. Для заражэння дастаткова маленькай кроплі крыві, часам нават нябачнай простым вокам.

У нашай краіне вірусныя гепатыты А і Е адносяцца да ліку малараспаўсюджаных – рэгіструюцца ўсяго 1-2 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва (часта завозіцца з-за мяжы). Аднак стандартныя санітарна-гігіенічныя меры – ужыванне ежы і вады гарантаванай якасці, захаванне тэхналогіі прыгатавання кулінарных страў, мер асабістай гігіены, купанне ў спецыяльна адведзеных вадаёмах – захоўваюць сваю актуальнасць. Тыпы вірусаў В і С прыводзяць да развіцця хранічнай хваробы і з’яўляюцца самай распаўсюджанай прычынай ўзнікнення цырозу і рака печані. У рэспубліцы захваральнасць на парэнтэральныя вірусныя гепатыты В, С і D (далей – ПВГ) выяўляецца даволі часта – за год каля 5-6,5 тысячы выпадкаў. У 90 працэнтах церпяць грамадзяне працаздольнага ўзросту.

Перадача вірусаў ад чалавека да чалавека адбываецца праз іх трапленне з інфіцыраванымі біялагічнымі вадкасцямі ў кроў здаровага. Дастаткова невялікай ранкі, драпіны, уколу ці парэзу. На неапрацаванай сродкамі паверхні вірусы могуць захоўвацца да некалькіх тыдняў.

Нярэдка захворванне працякае бессімптомна. Выявіць яго дазваляе спецыялізаванае лабараторнае даследаванне крыві на антыгены віруса гепатыту В ці антыцелы да віруса гепатыту С.

Часта заражэнне адбываецца пры сумесным ужыванні ін’екцыйных наркотыкаў. На другім месцы – неабароненыя (без прэзерватыва) палавыя кантакты. Можна “займець” хваробу і пры выкананні пірсінгу, татуажу, манікюру, педыкюру інструментамі, якія не прайшлі спецыяльную біялагічную ачыстку, а таксама пры бытавых кантактах. Пры гэтым вірус не перадаецца пры размове, чханні, абдымках, карыстанні агульным посудам. Небяспеку ўяўляюць толькі тыя прадметы, на якіх можа ўтрымлівацца кроў: брытвы, манікюрныя прыналежнасці, зубная шчотка, ручнік. Для кожнага з членаў сям’і яны павінны быць індывідуальнымі.

Эфектыўнай мерай прафілактыкі заражэння вірусным гепатытам В з’яўляецца вакцынацыя. З 2000 года яна ўключана ў нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Рэспублікі Беларусь і праводзіцца дзецям на першым годзе жыцця. Вакцына супраць гепатыту С не распрацавана, таму прафілактыка захворвання грунтуецца на агульнагігіенічных правілах бяспекі.

Сучасны ўзровень дыягностыкі і лячэння дазваляе выяўляць і паспяхова змагацца з віруснымі гепатытамі. Галоўнае – своечасова выявіць хваробу і звярнуцца да ўрача.

В.ЯРМОШ, урач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *