В 34 года мать шестерых детей: Татьяна Юркевич удостоена ордена Матери

Общество

Вельмі прыемная навіна прыйшла на гэтым тыдні ў дом Таццяны і Аляксандра Юркевічаў з гарпасёлка: Таццяна Пятроўна ўдастоена высокай узнагароды – ордэна Маці. Знакавай падзею можна лічыць і для раёна – нячаста ўшачанкі атрымліваюць такую дзяржаўную ўзнагароду.

“Гэта ж так складана! Столькі сіл і цярпення трэба!” – заўсёды прыкмячаюць знаёмыя сям’і. Таццяна ж зазначае, што мацярынскія абавязкі прыносяць ёй толькі радасць. У свае 34 гады яна ўжо маці шасцярых цудоўных дзетак! У той час як многія яе аднагодкі толькі рашаюцца на другое дзіця, або наогул аддаюць перавагу кар’еры. Да дэкрэтнага водпуску жанчына працавала бухгалтарам у “Агра-Селішча”, а галава сям’і Аляксандр Юр’евіч зараз заняты ў філіяле “Маяк-Ушацкі”.

Іх старэйшаму сыну Мікіту ўжо 13 гадоў і сёлета ён пойдзе ў сёмы клас Ушацкай школы. Хлопчык наведвае і школу мастацтваў, дзе асвойваю ігру на гітары. Творчымі растуць і астатнія дзеці. 11-гадовай Мар’яне падабаецца плесці з саломы, а таму займаецца ў адпаведным гуртку, таксама дзяўчына грае на фартэпіяна. А вось другакласніца Насця вельмі любіць танцаваць. “А паглядзіце, які прыгожы абруч мне мама зрабіла сваімі рукамі! Ён пасуе да маёй сукенкі. А яшчэ мама нам прычоскі спрытныя робіць!” – ахвотна расказвае дзяўчынка. Выхоўваюцца ў сям’і яшчэ і трое малодшых хлопчыкаў – чатырохгадовы Яраслаў, двухгадовы Лёша і Дзіма, якому паўтара.

Незлічоная колькасць разоў у іх кватэры ў новым доме на Віцебскай за дзень гучыць слова “мама”, і яна ўвесь час завіхаецца каля сваіх дзяцей. Да таго як пабудаваць з дзяржпадтрымкай жыллё ва Ушачах, сям’я жыла з бацькамі ў Селішчы і, канечне, вельмі радаваліся, калі з’явіліся ўласныя метры.

Старэйшыя дзеці з задавальненнем дапамагаюць маме спраўляцца з хатняй работай і прыглядаць за маленькімі. Надзейнай падтрымкай і апорай ва ўсіх справах з’яўляецца тата.

Мікіта, Насця і Мар’яна прыйшлі разам з любімай мамай на ўрачыстае ўзнагароджанне, якое прайшло ў чацвер у райвыканкаме. “Хвалюючы момант, таму падтрымка родных вельмі дарэчы. Гэта для мяне надзвычай пачэсна!” – прызналася Таццяна.

Ордэн Маці быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе і стаў пераемнікам савецкай традыцыі заахвочвання мнагадзетных маці на дзяржаўным узроўні. Усяго гэтай узнагароды ў нашай краіне ўдастоена больш 9600 мам, на Ушаччыне яе маюць 28 жанчын.

– Мнагадзетная мама заўсёды выклікае павагу і захапленне, бо асноўны цяжар па нараджэнні і выхаванні дзетак, бясспрэчна, кладзецца на яе плечы. Здароўя, дабрабыту, шчасця вашай сям’і! – адзначалі падчас уручэння ордэна і пасведчання старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і яго намеснік Алена Васільеўна Пашковіч. Пасведчанне і Указ Прэзідэнта “Аб узнагароджанні за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей” сям’я будзе беражліва захоўваць у сямейным архіве.

Таксама Таццяне Пятроўне быў перададзены падарунак ад Віцебскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *