В Ушачском районе до сих пор остаётся актуальной проблема суицида

Общество

Кожныя 3 секунды хтосьці ў свеце спрабуе добраахвотна скончыць жыццё, кожныя 40 секунд гэта атрымліваецца. Праблема суіцыдаў, на жаль, застаецца актуальнай і для нашага раёна. У 2020 годзе наклалі на сябе рукі 8 жыхароў Ушаччыны, яшчэ 6 паспрабавалі гэта зрабіць. Сёлета ў нас быў 1 суіцыд, парасуіцыдаў (спроб) – 2. Але канчатковыя высновы рабіць рана.

Слабасць моцнага полу

Практыка паказвае: на такі страшны крок у большасці выпадкаў ідуць прадстаўнікі моцнай паловы. Менавіта яны фігуравалі ў 7 леташніх суіцыдах. Калі памерла жонка і дом апусцеў, не вынес удару пажылы вясковец – літаральна праз тыдзень пасля пахавання другой палавіны ён павесіўся ў хляве. Нераздзеленыя пачуцці сталі прычынай недарэчнай смерці 22 гадовага ўшачаніна: яшчэ ў 9.30 на вачах дзясяткаў сведак ён сварыўся са сваёй каханай і яе мужам, каля 10.00 бег у бок лутаўскага леса, а ўжо ў 13.30 цела мужчыны было знойдзена на адным з дрэў… Дарэчы, менавіта праз павешанне ў 2020-м развіталіся з жыццём усе 8 жыхароў раёна. 5 з іх – прадстаўнікі пенсійнага ўзросту, 3 – працаздольнага. Што ж датычыцца парасуіцыдаў, то тут у 90 працэнтах выпадкаў прымаліся таблеткі, рэзаліся вены.

Няўдалая дэманстрацыя

Даволі часта спробы скончыць жыццё самагубствам носяць дэманстрацыйны характар. Людзі пакідаюць сабе шанс на выратаванне. А бывае, першапачаткова на яго спадзяюцца. Так, некалькі год таму пасля прыняцця на грудзі чаркі-другой жыхарку Арэхаўна нечакана “накрыла” – успомніла аб праблемах з дзіцем-студэнтам, іншых крыўдах на ўвесь свет і пайшла за таблеткамі. Як пазней прызналася, катэгарычнага рашэння памерці ў яе не было. Летась трагедыя з удзелам непаўналетняга ледзь не здарылася яшчэ ў адным сельскім населеным пункце. Хлопец праявіў цікавасць да дзяўчыны, якая прыехала ў суседні дом да бабулі, але зрабіў гэта ў не надта прыстойнай форме. Такую нахабнасць яе маці прабачыць не змагла – на ўсю вёску пачала слаць пагрозы здаць крыўдзіцеля ў міліцыю. Той, разумеючы, што атрымае наганяй ад бацькоў, іншай “схемы дзеянняў” не прыдумаў – пабег за хлеў і кавалкам шкла парэзаў вены…

Настрой у падказку

Яшчэ некалькі слоў пра непаўналетніх. Яны пакуль не ўмеюць адэкватна ацэньваць жыццёвыя сітуацыі, рэагаваць на іх, а таму бацькам і педагогам трэба заўсёды трымаць руку на пульсе. Насцярожыць павінны адсутнасць інтарэсу да вучобы, павышаная трывога, згуба апетыту, бяссонніца. Некалькі год таму, даведаўшыся пра здраду каханай дзяўчыны, не здолеў утрымаць эмоцыі 14-гадовы хлопец – выпіў 250 грамаў гарэлкі, якая дома была ў свабодным доступе (гэта па зразумелых прычынах недапушчальна!), залез на гарышча і перарэзаў вены. Дзякуй Богу, бацьку штосьці падказала таксама туды накіравацца – школьніка ўдалося выратаваць.

Мамам і татам рэкамендую заўсёды кантраляваць, чым цікавіцца нашчадак. Гэта таксама можа прадухіліць непапраўнае. Так, гады тры таму ўшачанка праглядзела ў адным з інтэрнэт-пошукавікаў, якія запыты ўводзіць яе сын, і схапілася за галаву. “Ці балюча рэзаць вены?”, “Колькі таблетак выпіць, каб не прачнуцца?” – усё гаварыла пра страшныя намеры хлопца. Тэрміновы зварот да псіхіятра дапамог знайсці спосаб адцягнуць яго ад такіх думак.

Быць больш уважлівымі да сваіх падапечных (у большасці гэта пажылыя адзінокія грамадзяне з шэрагам хвароб – асноўная група рызыкі) варта сацыяльным работнікам. Больш размаўляйце, цікаўцеся настроем: часта прычынай суіцыдальных паводзін становіцца менавіта адсутнасць зносін, адзінота. Не так даўно работнік ТЦСАН паведаміў, што ў адной з аддаленых вёсачак сабралася добраахвотна пайсці з жыцця 90-гадовая бабуля. Прычым, спосаб для гэтага выбрала неардынарны: кавалак электраправодкі раздзяліла на дзве часткі – каб можна было засунуць у разетку, і паклала ля ложка. Як пазней прызналася, меркавала выкарыстаць такое прыстасаванне, калі зусім надакучыць жыць.

Насцярожыць павінны…

Што штурхае чалавека да суіцыду? Сярод фактараў рызыкі – хранічныя саматычныя захворванні, псіхічныя расстройствы, алкагольная залежнасць, неспрыяльная сітуацыя ў сям’і, страта блізкіх, нежаданне быць абузай. Так, у 2021-м пажылая ўшачанка з хваробай Паркенсона вырашыла не напружваць сваімі праблемамі блізкіх, з якімі жыве, напісала развітальную запіску і, калі нікога не было, выпіла ўпакоўку “Сонэкса”. Яшчэ паўгадзіны – і здарылася б непапраўнае, аднак дамоў раней звычайнага вярнулася нявестка, якая выклікала хуткую дапамогу. Атруціцца меркаваў сёлета і пажылы мужчына. Былы ваенны змірыцца са сваёй слабасцю, немагчымасцю нармальна рухацца не мог – выпіў бутэльку каньяку, што ў яго ўзросце ўжо выпрабаванне для арганізму, а наверх – жменьку “Клафеліну”. І тут зноў выратавала тое, што побач своечасова аказаліся блізкія.

Ад іх, сапраўды, залежыць многае. Калі вы заўважылі трывожныя сімптомы, якія праяўляе сваяк (тэрмінова прыводзіць справы ў парадак, аддае даўнія даўгі, з усімі мірыцца, праяўляе цікавасць да пахавання, разважае на тэму смерці), зрабіце ўсё магчымае, каб той атрымаў кваліфікаваную дапамогу. Можна звярнуцца на “тэлефон даверу”, што працуе ва Ушацкай райбальніцы, па нумары 5-03-94 (кантактныя даныя іншых медыцынскіх службаў можна знайсці ў інтэрнэце). Вас на ананімнай аснове выслухаюць, дадуць параду. Не трэба баяцца і візіту да ўрача-псіхіятра ці псіхолага. Ніякіх дыягназаў, якія б маглі “адбіцца” ў медыцынскіх даведках, а значыць на магчымасці ў далейшым працаўладкавацца, у такіх выпадках не ставіцца.

П.ПУГАЧ, урач псіхіятр-нарколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *