В ОАО «Маяк-Ушачский» начался основной этап осенней посевной кампании

Сельское хозяйство

Пачатак верасня асацыіруецца ў нас са святочнай лінейкай і кветкамі. А вось для аграрыяў старт восені рыхтуе “букет” актуальных спраў: гэтымі днямі хлебаробы раёна дажынаюць апошнія зерневыя палеткі, дасяваюць рапс і свірэпіцу, а нядаўна распачаўся і асноўны этап восеньскай пасяўной: першым у раёне запоўніў бункер сваёй сеялкі насеннем азімай пшаніцы механізатар “Маяка-Ушацкага” Міхаіл Ражноўскі – а мы накіраваліся на вялікае поле ля Угрынак, каб засведчыць гэтую падзею.

М.Ражноўскі, Д.Прашкевіч.

Любавацца дакладнай і адточанай работай гэтага механізатара даводзіцца неўпершыню – вясной перасякаліся на сяўбе яравых. Міхаіл у гаспадарцы займае “пасаду” штатнага сейбіта – а яна, між іншым, вельмі адказная і далёка не кожны ўпэўнена адчувае сябе на гэтым участку работ. “Галава тут павінна круціцца на ўсе 360 градусаў, – жартуе механізатар. – Толькі тады можна пазбегнуць агрэхаў, дакладна захаваць тэхналагічную каляіну, зберагчы агрэгат ад камення”. Якасць работы сейбіта напрамую ўплывае на будучы ўраджай, таму непасрэдна да працэсу рыхтуюцца вельмі скрупулёзна. У нядзелю, перш чым распачаць работу, некалькі гадзін разам з галоўным інжынерам Дзмітрыем Ладзікам рабілі настройкі, усё шмат разоў вылічвалі і пераправяралі, толькі з трэцяй спробы вызначылі аптымальную норму высеву. Тое ж, дарэчы, было і перад сяўбой рапсу: наладжваць сеялку пад новы сорт эліты механізатару ўласнаручна дапамагаў дырэктар філіяла Гурамі Буркенадзэ. Да слова, у тым, што маякоўцы аператыўна завяршылі сяўбу крыжакветных, вялікая заслуга М.Ражноўскага: на першым этапе ў дапамогу яму накіравалі работніка з Полацкага аграпрамысловага аб’яднання, але асноўныя аб’ёмы ляглі на плечы Міхаіла. Не надта шырокія, але надзейныя і звыклыя да няпростай аграрнай працы, якой мужчына прысвяціў усё жыццё.

Азімы збожжавы клін у “Маяку-Ушацкім” сёлета самы вялікі сярод гаспадарак раёна: засеяць зерневымі тут плануюць 1720 гектараў. 1650 мяркуюць заняць гэтымі культурамі ў “Ільюшынскім”, 1390 – у “Вялікадолецкім”.

Пачынаў ён кар’еру яшчэ ў саўгасе “Ушацкі”, потым пераехаў на Полаччыну, а калі 4 гады таму наш “Маяк-Ушацкі” ўвайшоў у холдынг – вырашыў зноў вярнуцца на радзіму. У Матырыне сям’і выдзелілі арэнднае жыллё, жонка ўладкавалася ў тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы, а дачушкі сёлета пайшлі ў 9 і 3 клас Ушацкай школы. Ёсць у Міхаіла і трэцяя прыгажуня – студэнтка-другакурсніца, будучы юрыст. Пра ўсе гэтыя прыемныя акалічнасці паспелі пагутарыць, пакуль механізатар даваў кароткую перадышку сваёй тэхніцы, якая працуе гэтымі днямі лічы што ад цёмнага да цёмнага. І асабліва прыемна было бачыць, што нягледзячы на ўсе цяжкасці прафесіі, ад сваёй працы мужчына атрымлівае задавальненне.

Я.Кулянок.

Не расчараваўся ў абранай справе і навічок прадпрыемства Дзмітрый Прашкевіч: “За летнія месяцы наадварот яшчэ больш у гаспадарцы спадабалася! Мне вунь ужо і годны трактар выдзелілі, а колькі працэсаў асвоіў: асабліва цікава было на прасаванні сена і саломы – нават на дапамогу “Глыбачанам” ездзіў. Ну а зараз вось даручылі важную справу – падвозіць зерне”. Стараннасць і кемлівасць Дзімы адзначыў і вопытны М.Ражноўскі. Высока ацаніў сейбіт і якасць работы калег, занятых на падрыхтоўцы глебы – Яўгена Кулянка і Андрэя Яфрэмава, якія напярэдадні прайшліся па гэтым участку з культыватарам і баронамі.

Яўгена мы знайшлі на другім канцы вялікага поля: на хвілінку спыніўшы магутны “Кіравец”, ён сваёй нязменнай усмешкай упрыгожыў чарговы вытворчы здымак для “раёнкі”. “Гэта лета для мяне праляцела проста імгненна: здавалася, толькі малаціў хлеб на камбайне – і вось ужо новая пасяўная”, – зазначыў малады механізатар. А калі пачуў перададзеныя намі словы падзякі ад калегі за якасную падрыхтоўку палеткаў, паціснуў плячыма: “Дык па-іншаму мы і не працуем”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *