В Ушачском районе начинается вакцинация против гриппа

Здравоохранение

Вакцынацыя супраць грыпу сёлета стартуе ў звыклыя тэрміны – ужо ў кастрычніку. Разам з тым гэты сезон будзе адрознівацца ад папярэдніх. У сувязі з працягам імунізацыі ад COVID-19 зрабіць прышчэпку ад грыпу можна будзе на месяц пазней – да студзеня 2022-га. Пра асаблівасці гэтай кампаніі наша сённяшняя гутарка з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Ушацкага раёна Паўлам Аляксандравічам САЎЧАНКАМ.

– Пачну з цікавага нюансу. Летась вірусы грыпу ў нашай краіне практычна не цыркулявалі. Гэтай з’яве ёсць два тлумачэнні. Па-першае, дзейнічалі прафілактычныя абмежаванні: людзі сталі насіць маскі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю, больш увагі ўдзяляць асабістай гігіене. Па-другое, СOVID-19, з’яўляючыся пандэмічным, а значыць больш “уплывовым” вірусам, не пакінуў шансаў іншым. Але ж у гэтым якраз крыецца галоўная небяспека: паколькі на грып у 2020-м перахварэлі нямногія, ёсць рызыка ўзнікнення эпідэміі па ім сёлета.

Можна адначасова заразіцца на каранавірус і грып?

– Так. Прычым, такое “суседства” ў арганізме надзвычай небяспечнае: могуць развіцца сур’ёзныя ўскладненні. Таму вакцынацыя сёлета будзе праходзіць у двайным накірунку: і ад СOVID-19, і ад грыпу.

Які прэпарат будзе выкарыстоўвацца ад апошняга?

– На бягучым тыдні ва Ушацкую райбальніцу паступіла першая ў гэтым сезоне партыя прэпарата расійскай вытворчасці “Грыпол” (630 доз). Дарэчы, з улікам штогадовай мутацыі вірусу, спецыяльная камісія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сёлета замяніла адразу два кампаненты ў складзе вакцыны, таму ў яе сіле сумнявацца не даводзіцца.

Ці ёсць супрацьпаказанні?

– Па ўзросце – практычна не. Прышчапіцца могуць і дзеці, пачынаючы з шасцімесячнага ўзросту, а далей без абмежаванняў. Адзінае абсалютнае супрацьпаказанне – цяжкая алергічная рэакцыя (напрыклад, анафілактычны шок) на папярэднюю дозу вакцыны, што сустракаецца надзвычай рэдка – 0,07 выпадка на 100 тысяч доз. Калі ў вас цяжкае вострае захворванне ці абвастрылася хранічнае, таксама не адмаўляйцеся ад прышчэпкі – проста адкладзіце яе. У любым выпадку ўрач прызначыць правядзенне вакцынацыі толькі пасля ацэнкі вашага стану, анамнезу.

Тым, хто перахварэў на СOVID-19, прышчэпка ад грыпу патрэбна?

– Так. Аднак пры ўмове, што пасля перанесенай інфекцыі прайшло дастаткова часу, няма ніякіх сімптомаў і скаргаў.

Якую прышчэпку рабіць першай?

– Распрацаваны механізм сумеснага правядзення вакцынацыі супраць грыпу і супраць CОVID-19 для тых, хто не хварэў і не быў прышчэплены ні ад адной з інфекцый. Рэкамендацыя Міністэрства аховы здароўя ў гэтым выпадку наступная: першапачатковае значэнне мае вакцынацыя супраць каранавіруса. Чалавеку неабходна зрабіць дзве прышчэпкі ад яго, а праз 14 дзён пасля завяршэння курсу праімунізавацца супраць грыпу. Можна зрабіць прышчэпкі і адразу ад дзвюх інфекцый. Гэта дапушчальна, калі няма супрацьпаказанняў і пасля падпісання індывідуальнай інфармаванай згоды.

Ці трэба рабіць прышчэпку ў гэтым годзе, калі прышчапляўся ў мінулым?

– Канечне. Па-першае, таму што будуць цыркуляваць новыя вірусы грыпу, да якіх наша імунная сістэма не гатова. Па-другое, не трэба забываць, што поствакцынальны імунітэт – непрацяглы (доўжыцца ад 6 да 12 месяцаў), а значыць, мінулагодняя “падстрахоўка” ўжо не дзейнічае.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

  • Ва Ушацкім раёне ў гэтым сезоне плануецца прышчапіць ад грыпу мінімум 40 працэнтаў насельніцтва, а гэта каля 5 тысяч чалавек. Спецыяльнага абследавання або медыкаментознай падрыхтоўкі перад працэдурай не патрабуецца.

! Зрабіць прышчэпку ад грыпу можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі (другі паверх), дзіцячай кансультацыі. Будуць працаваць і выязныя брыгады медыкаў – выклікаць іх у працоўныя калектывы ці на дом можна праз рэгістратуру па нумары 5-21-57.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *