Желающих сделать прививку от коронавируса на Ушаччине стало больше

Здравоохранение

Эпідсітуацыя ва Ушацкім раёне застаецца напружанай. Напэўна, у кожнага хтосьці з блізкіх, знаёмых перахварэў на каранавірус. І добра, калі перамагчы захворванне атрымалася! І ўсё ж трагічныя выпадкі працягваюць рэгістравацца… Прычым, ахвярамі COVID-19 становяцца, насуперак уяўленням грамадскасці, і людзі зусім маладыя, дагэтуль цалкам здаровыя.

Вакцынуюцца работнікі комплексу «Маяк».

Усё гэта прымусіла многіх ушачан перагледзець свае адносіны да захавання мер прафілактыкі захворвання і, у прыватнасці, вакцынацыі. Па словах намесніка галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы Н.В.Дрозд, жадаючых зрабіць прышчэпку ад каранавіруса сапраўды пабольшала – яны не толькі актыўна прыходзяць у паліклініку, але і выклікаюць медыкаў на дом, у працоўныя калектывы. Так, днямі прышчапіліся адразу 14 работнікаў магазіна “Санта” (некаторыя правакцынаваліся раней). Сур’ёзна задумаліся пра абарону сябе, акружаючых і работнікі іншых гандлёвых кропак, у ліку запісаных на вакцынацыю – “Дабраном”, “Еўраопт”.

Знайшлі хвілінку ў шчыльным працоўным графіку і аграрыі. Так, учора адно з памяшканняў жывёлагадоўчага комплексу “Маяк” філіяла “Маяк-Ушацкі” часова ператварылася ў імправізаваны працэдурны кабінет. За прышчэпкай і абавязковым папярэднім аглядам да спецыялістаў Ушацкай ЦРБ прыйшлі 12 тутэйшых работнікаў. Для іх на карысць вакцынацыі начальнік комплекса Валерый Уладзіміравіч Літвін (ён, дарэчы, правакцынаваўся яшчэ месяц таму) знайшоў патрэбныя аргументы: каранавірус ў плінскім баку зараз “актыўнічае”, на бальнічным ужо знаходзяцца некаторыя прадстаўнікі гаспадаркі…

Выказалі жаданне калектыўна прышчапіцца і прадстаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае” – да іх медыкі прыедуць у бліжэйшы час.

Правакцынаваўся, значыць, не захварэў?

Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна П.А.Саўчанкі, у прышчэпленым супраць COVID-19 арганізме пры сустрэчы з узбуджальнікам хутка актывізуецца імунная сістэма і пачынае барацьбу з інфекцыяй. Першая лінія абароны – антыцелы, якія цыркулююць у крыві пасля вакцынацыі. Другая – актывізацыя В-клетак памяці, якія ўзмацняюць выпрацоўку дадатковай колькасці антыцел, і Т-клетак, якія змагаюцца з вірусам напрамую. У комплексе гэтыя механізмы абароны дазваляюць або зусім не захварэць, або перанесці захворванне ў лёгкай, няўскладненай форме.

У магазіне «Санта».

Эфектыўнасць любой вакцыны ацэньваецца ў працэнтах. У “Спутніка V”, якім зараз прышчапляюць ушачан, яна складае 92. А гэта азначае наступнае: са 100 прышчэпленых захварэюць толькі 8, але яны перанясуць інфекцыю без сімптомаў ці з мінімальнай сімптаматыкай (даказана, што эфектыўнасць вакцыны супраць сярэдняй або цяжкай ступені COVID-19 – 100 працэнтаў).

– Практыка паказвае, што ў пацыентаў, якія прышчапіліся, але захварэлі, вельмі часта не паспеў выпрацавацца імунітэт: яны пракантактавалі з узбуджальнікам у першыя дні пасля прышчэпкі (звычайна пасля першай) ці мелі сур’ёзныя захворванні, якія зніжаюць выпрацоўку поствакцынальнага імунітэту, – удакладняе Павел Аляксандравіч. – На максімальную абарону чалавек можа разлічваць толькі пасля атрымання дзвюх доз вакцыны і пры ўмове, што пасля поўнага курсу прайшло не менш 14 дзён.

У рэанімацыі – непрышчэпленыя

Як нам расказалі ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы, сярод тых пацыентаў, якія трапляюць у стацыянар з COVID-19 прышчэпленых – адзінкі. Але яны, як паказвае практыка, значна хутчэй папраўляюцца, чым людзі, якія зусім не маюць імунітэту да каранавіруса. У аддзяленні ж анестэзіялогіі і рэанімацыі правакцынаваных увогуле няма.

Цяжарным на заметку

Паколькі цяжарнасць адносіцца да фактараў рызыкі цяжкага цячэння COVID-19, загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 12.10.2021 г. №1257 прадугледжана вакцынацыя жанчын незалежна ад тэрміну цяжарнасці, а таксама тых, якія кормяць грудзьмі. Асабліва сур’ёзна падумаць аб прышчэпцы трэба прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва ва ўзросце 25 і больш гадоў, з атлусценнем любой ступені, хранічнымі захворваннямі лёгкіх, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, цукровым дыябетам і іншымі цяжкія саматычнымі захворваннямі.

– Раю прышчапляцца і сямейным парам на этапе планавання цяжарнасці, – кажа Н.В.Дрозд. – Такім чынам можна будзе мінімізаваць магчымасць інфіцыравання вірусам СOVID-19 у самы адказны для жанчыны час, а значыць, засцерагчы і яе, і малыша ад непрыемных сітуацый.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *