Великодолецкие школьники продолжают изучать достопримечательности Ушаччины

Образование и молодежь

Экскурсійныя паездкі ў Вялікадолецкай школе сталі ўжо добрай традыцыяй. Мы аб’ехалі нямала цікавых месцаў Беларусі, ну а на восеньскіх канікулах вырашылі зладзіць вандроўку па нашым раёне, у якім таксама нямала вартых увагі славутасцяў.

Галоўнай сярод іх, канечне, з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Кожны ўшачанін бываў тут неаднойчы, але штораз падчас экскурсіі да святыні адкрываеш для сябе нешта новае, праходзячы па шляху, якім прарываліся партызаны, адчуваеш асаблівыя эмоцыі. Пасля праведзенай пяць год таму рэканструкцыі комплекс аздобіла выстава ваеннай тэхнікі, якая асабліва зацікавіла хлопчыкаў. Экскурсавод расказала нам пра ўтварэнне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, пра прарыў блакады. На верхняй пляцоўцы комплексу размешчана брацкая магіла. Тут захаронена больш 450 партызан, воінаў Савецкай Арміі і мірных жыхароў, якія загінулі пры прарыве варожай блакады. Хвілінай маўчання мы аддалі даніну памяці тым, хто не дажыў да Перамогі. З цікавасцю прайшліся па “Партызанскай вёсцы”. Даведаліся пра “Лясную школу”, якая дзейнічала ў гады вайны, пра зямлянкі і вогнішча, ля якога вырашаліся важныя ваенныя пытанні. Мы засталіся пад уражаннем ад убачанага і пачутага.

У гэты дзень наведалі яшчэ адно славутае месца – сядзібу-музей В.У.Быкава ў вёсцы Бычкі. На тэрыторыі мы ўбачылі дакладную копію дома, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, хлеў, гумно. У двары захаваліся нават дрэвы, пасаджаныя бацькам Васіля Уладзіміравіча. У доме з цікавасцю паглядзелі на старажытныя прадметы хатняга ўжытку, фатаграфіі, дакументы, кнігі, лісты, уласныя рэчы пісьменніка.

У час паездкі мы ўмацаваліся ў думцы, што наша Ушаччына – сапраўды легендарны і таленавіты край. Вялікі дзякуй настаўніцы Н.К.Спірыдовіч, якая арганізавала экскурсію, і вадзіцелю В.Л.Жванскаму.

Ганна САВІНА, вучаніца 7 класа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *