Семья Телепень из деревни Дубровка отметила рубиновую свадьбу

Общество

Тамара Іванаўна і Уладзімір Іванавіч Целепні ў чарговы раз з нецярпеннем чакалі на канікулы ўнукаў – і дом у Дубраўцы на тыдзень загудзеў галасамі, напоўніўся пахам любімай выпечкі. Гэтай ідылічнай карціны магло і не быць, бо калісьці ўрачы настойліва раілі не нараджаць дзяцей.

Звязана гэта было з сур’ёзнай хваробай – з самага нараджэння ў дзяўчыны быў парок сэрца, а ў бацькоў якія выхоўвалі пецярых дзяцей, не было тады магчымасцей для складаных аперацый і лячэння. Але да рэкамедацый маладая пара тады не прыслухалася, марылі пра дзяцей. І ў наступны раз Тамара Іванаўна ехала ў бальніцу, калі ўжо пачыналіся роды. Каб хутчэй дабрацца да Ушач, Уладзімір Іванавіч вёз жонку на трактары насустрач “хуткай дапамозе”. На шчасце, сэрца маладой мамы вытрымала такі іспыт – і на свет з’явілася здаровая дачушка.

На той момант сям’я ўжо трывала абаснавалася ў Дубраўцы – на радзіме галавы сямейства. У мясцовай гаспадарцы яна працавала сакратаром, а ён механізатарам. І зараз часам прыгадваюць сваю гісторыю знаёмства: да маладых дзяўчат, якія прыехалі на адпрацоўку ў гаспадарку, на 9 мая прыйшлі знаёміцца вясковыя хлопцы. З таго майскага вечара практычна не расставаліся, а ўжо восенню згулялі сціплае вяселле. Некаторы час туліліся ў бацькоў у Ягадках, а потым радаваліся ўласнаму жыллю, якое ім выдзеліў саўгас.

Ніколі не шкадавалі сябе: трымалі ў падсобнай гаспадарцы тры каровы, апрацоўвалі гектары зямлі, каб вырасціць агародніну, нарыхтаваць сена.

“Калі падрасла і даведалася, якім жаданым дзіцём была, усяляк старалася дапамагаць бацькам, каб хоць крышачку аблегчыць ім працу. Паспявала не толькі свае градкі палоць, а і нават калгасныя буракі, каб заробіць капейку. Любіла з бацькам у трактары і на камбайне пакатацца – лялькі не надта цікавілі. Знаёмыя часам жартавалі, што ў маёй асобе бацькі атрымалі і паслухмяную дзяўчынку, і няўрымслівага хлопчыка. Мама заўсёды вязала мне сваімі рукамі цудоўныя рэчы. Праўда, спачатку не па душы мне былі вязаныя штаны, калі ж падрасла, зразумела, якія ў мяне арыгінальныя кофты і камізэлькі. Упрыгожвалі дом і матуліны пакрывалы і сурвэткі. Бацькі заўсёды ўсё ў першую чаргу аддавалі мне і толькі потым думалі пра сябе. Так, памятаю, доўгі час усё адкладвалася і адкладвалася пакупка новай кухні…” – з цеплынёй расказвае пра бацькоў дачка Вераніка.

Калі ў Дубраўцы перастаў існаваць калгас, Уладзімір Іванавіч працаваў на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, у прыватніка, а зараз на трактары шчыруе ў Глыбачанскім лясніцтве. Тамара Іванаўна гатавала смачныя абеды для дубраўскіх школьнікаў. І зараз перажывае, што апусцела школа, якая знаходзіцца ў двух кроках ад дома.

Не дазваляе ўжо здароўе трымаць вялікую гаспадарку, тым не менш, не адмовіліся ад шматлікай птушкі – курэй ды індыкоў. Стараюцца падтрымліваць парадак на сядзібе: кожны год радуюць плады ў садзе і кветкі на клумбах.

З задавальненнем едуць у вёску да бабулі і дзядулі ўнукі Мікіта і Мацвей. Ім Тамара Іванаўна і Уладзімір Іванавіч не стамляюцца дарыць усю сваю любоў і клопат. Калі хлопчыкі ў дарозе, то ў Дубраўцы ўжо замешваецца цеста для смачных тартоў – кожнаму бабуля спячэ асобна па гусце. І гэта пры тым, што сама ўжо амаль дзясятак год зусім не ўжывае салодкага: да сардэчнай хваробы дадаўся цукровы дыябет. А вось дзядуля імкнецца зацікавіць рыбалкай і ўдалым уловам – яно і не дзіўна, дубраўскі край багаты на азёры.
Зусім нядаўна сямейная пара адзначыла рубінавае вяселле, а Тамара Іванаўна яшчэ і 60-гадовы юбілей. Святкавалі па традыцыі ў вузкім крузе са сваімі любімымі дзецьмі і ўнукамі, якія вельмі хочуць, каб даўжэй гарэў сямейны ачаг і стаяў водар смачных пірагоў!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *