Ученица Ушачской ДШИ Надежда Романовская стала обладателем почётной награды за заслуги в творческой сфере

Общество

Шаснаццаць адораных выхаванцаў устаноў адукацыі мастацкага профілю Віцебшчыны штогод становяцца ўладальнікамі прэміі абласнога Савета дэпутатаў за заслугі ў творчай сферы. 10 самых дастойных навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і 6 – музычных каледжаў абіраюцца з ліку пераможцаў прэстыжных конкурсаў. І нам прыемна паведаміць, што сёлета ўладальніцай ганаровай узнагароды стала прадстаўніца эстраднага аддзялення Ушацкай ДШМ Надзея Раманоўская.

Практыка прысуджэння такога заахвочвання існуе з 2014 года, а робіцца гэта ў мэтах падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі нашага рэгіёну. Памер прэміі для прадстаўнікоў школ мастацтваў – 15, для вучняў каледжаў – 20 базавых велічынь. Грошы, заробленыя ўласным талентам і працай, канечне, не будуць лішнімі. Тая ж падрыхтоўка да вакальных конкурсаў патрабуе выдаткаў на запіс аўдыёфанаграм і відэаролікаў, набыццё касцюмаў. Перамогам папярэднічаюць шматлікія гадзіны рэпетыцый, падчас якіх з дзяўчынай карпатліва працуе педагог па вакале Алена Анатольеўна Сазонава. Шчыра зацікаўлены ў тым, каб дзеці дэманстравалі свае таленты на шырокую аўдыторыю, дырэктар установы Сяргей Васільевіч Парашкін.

Плёнам агульных намаганняў з’яўляюцца шматлікія лаўрэацкія дыпломы. У скарбонцы Надзеі іх ужо не адзін дзясятак. А сёлетні год стаў асабліва багатым на высокія адзнакі: летам ёй была прысуджана прэмія з Прэзідэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі. “Узнагароды атрымліваць вельмі прыемна! – адзначае дзяўчына. – І для мяне асабліва важна, што такім чынам мы дэманструем узровень нашай роднай школы мастацтваў, у новым будынку якой, дарэчы, вельмі камфортна займацца”.

Адпачываць на лаўрах дзяўчына не збіраецца: у гэтыя дні яны з педагогам рыхтуюць новую праграму для ўдзелу ў чарговым адборы да дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *