В Ушачах прошёл семинар по инновационным методам борьбы с инвазивными растениями

Общество

Віцебшчына займае незайздроснае лідарства па распаўсюджванні баршчэўніку – на долю нашай вобласці прыпадае каля 80% ад агульнай плошчы, ахопленай раслінай па краіне. Найбольш пацярпелымі лічацца Віцебскі, Гарадоцкі, Браслаўскі, Ушацкі раёны. На Ушаччыне няма такога чалавека, які б не ведаў і не чуў пра баршчэўнік. Гэтай шкоднай раслінай у раёне ахоплена больш за 1200 гектараў. Менавіта таму першы навукова-практычны семінар “Сучасныя метады кантролю за распаўсюджваннем баршчэўніку Сасноўскага і іншых інвазійных раслін, барацьбы з імі ў мэтах забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця і інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў” прайшоў 24 лістапада ва Ушачах.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзя А.Худык дае інтэрв’ю СМІ.

Прадстаўнікі Мінпрыроды, Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ВНУ Віцебшчыны абмеркавалі праблему распаўсюджвання інвазійных раслін і іх знішчэння.

Гісторыя пытання

У сямействе баршчэўнікаў некалькі дзясяткаў відаў. Яшчэ ў 17 стагоддзі яго вырошчвалі ў батанічным садзе Швецыі і многія хацелі мець такую расліну. Раней 10 яе відаў вырошчвалі і ў Цэнтральным батанічным садзе Беларусі. Баршчэўнік жа Сасноўскага пачаў сваё шэсце з Каўказа ў пасляваенныя гады, калі краіна мела патрэбу ў хуткім пад’ёме сельскай гаспадаркі, для пагалоўя жывёлы патрэбны быў сакавіты вітамінны корм, які дае добры ўраджай і непатрабавальны ў вырошчванні. Спецыялісты-энтузіясты пераймалі новыя тэхналогіі для сваіх гаспадарак і “цуда-расліна” ўслед за кукурузай хутка распаўсюджвалася па прасторах СССР. Але ў адрозненне ад бяскрыўднай “царыцы палёў” баршчэўнік лёгка дзічэў і бескантрольна парушаў экалагічную раўнавагу на новых тэрыторыях. Пазней высветліліся і іншыя недахопы расліны: людзі, якія працавалі з баршчэўнікам, атрымлівалі апёкі 1-3 ступені. Ядавітыя рэчывы негатыўна ўплывалі на якасць малака і мяса, здароўе жывёлы.

Удзельнікі семінару.

Маштабная праблема

Як адзначыў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык, які прымаў удзел у семінары, на сённяшні дзень барацьба з баршчэўнікам і іншымі непажаданымі відамі раслін з’яўляецца праблемай сусветнага маштабу. Яны небяспечныя не толькі для здароўя чалавека, але і наносяць шкоду прыродным экасістэмам, зніжаюць прадукцыйнасць сельскагаспадарчых угоддзяў. Толькі за 2 апошнія гады тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды ў цэлым па рэспубліцы выяўлена больш за 1,6 тысячы гектараў новых зямель, зарослых баршчэўнікам Сасноўскага. Ён імкліва распаўсюджваецца не толькі на сельгасугоддзях, а і ідзе ў лясы, асвойвае нежылыя сядзібы ў вёсках, псуе краявіды каля азёр.

Апрацоўка хімічным

Старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў падкрэсліў, што мэтанакіраваная барацьба з баршчэўнікам стала праводзіцца ў вобласці на працягу апошніх пяці-шасці гадоў і асабліва актывізавалася з 2018 года. На гэта затрачваюцца немалыя фінансавыя сродкі. Па выніках праведзенай сёлета інвентарызацыі, уліковая плошча, занятая баршчэўнікам, у вобласці складае каля 3,6 тысячы гектараў, скарачэнне або поўная ліквідацыя – 776.

Што прапануюць навукоўцы?

На семінары прагучалі і канкрэтныя прапановы па барацьбе з агрэсарам. Так, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай Свідзінскі звярнуў увагу на абавязковую і вельмі строгую праверку якасці работ пры хімічнай апрацоўцы. Калі на ўчастку застаюцца прапушчаныя расліны, то яны даюць насенне, якое можа захоўвацца ў глебе да 8-10 гадоў! Узмацніла б эфект і адказнасць землекарыстальнікаў за парушэнне патрабаванняў па абмежаванні распаўсюджвання інвазійных раслін. Умоўна кажучы, Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за мак на ўчастку прадугледжаны штраф, а за баршчэўнік – не.

Для выяўлення месцаў вырастання прапанавана стварыць і спецыяльны мабільны дадатак, куды грамадзяне маглі б адпраўляць фота з каардынатамі.

…і механічным спосабам.

Галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі росту і развіцця раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валерый Прохараў адзначыў, што скошваць баршчэўнік неабходна не менш трох разоў за сезон. Эфектыўна поўнае выдаленне сцябла рыдлёўкай, але зразумела, што гэта немагчыма на вялікіх тэрыторыях. У такім выпадку дапаможа “хімія”. У барацьбе з захопнікам зямель выкарыстоўваюцца розныя прэпараты, адзін з распаўсюджаных – “Тэрсан”. Ён дае хуткі эфект і нядрэнна спраўляецца з задачай, аднак на месцы 2-3 гады застаецца голая зямля. Станоўча ахарактарызавалі навукоўцы гербіцыд “Магнум”, ён таксама знішчае баршчэўнік, пакідаючы пры гэтым шанцы травастою. Яго можна прымяняць на сельгасугоддзях, а таксама ў поймах рэк і азёр, што асабліва актуальна для нашага раёна.

І на яшчэ адзін важны момант звярнулі ўвагу вучоныя: час апрацоўкі – фаза разеткі, перыяд дзялення клетак. Прэпарат трапляе на іх, і расліна гіне. Распыленне “хіміі” на вялікія старыя расліны не мае сэнсу. Пры гэтым варта ўлічваць і надвор’е: дождж адразу змые прэпарат, а ў плюс 30 кропля гербіцыду імгненна высахне і не паспее падзейнічаць. Калі расліна не засохла, а стаіць жоўтая – значыць яна проста запаволіла свой рост.

Сучасныя тэхналогіі

У вайне з баршчэўнікам задзейнічаны і сучасныя тэхналогіі. Абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя стварыў спецыяльную інтэрактыўную карту для кантролю за выяўленнем баршчэўніку і правядзеннем работ. На семінары не раз гучала, што перш чым прыступаць да знішчэння, трэба дакладана ведаць, дзе расце агрэсар. Практыкаваў камітэт і абследаванне тэрыторый з выкарыстаннем квадракоптара. Прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава прадэманстравалі, як з дапамогай ГІС-тэхналогій мож­на кантраляваць распаўсюджванне баршчэўніка.

Летась у Сенненскім раёне пробная хімічная апрацоўка баршчэўніка ў цяжкадаступных месцах праводзілася аграквадракоптарам. Метад паказаў сваю эфектыўнасць ва ўмовах зацішнага надвор’я. Пры дапамозе беспілотніка знішчалі захопніка зямель у Мінскай вобласці – пра гэта распавёў прадстаўнік Беларускай Федэрацыі беспілотнай авіяцыі Глеб Бандарык.

Б.Яфрэмаў, У.Аўдошка, Ф.Гулы.

Пагроза не толькі ад баршчэўніка

У 2016 годзе ў Беларусі складзены пералік інвазійных шкодных раслін. У ім 9 найменняў. Так, кампанію баршчэўніку складае сумнік канадскі (золотарник). Ён гэтак жа імкліва захоплівае землі і такі ж непатрабавальны. Многія беларусы вырошчваюць на сядзібах гэтыя жоўтыя мяцёлкі для прыгажосці. Сумнік не шкодны для чалавека, а вось для глебы і экасістэмы – нясе сапраўдную пагрозу. У пераліку шкодных і падобная на яго амброзія, якая з’яўляецца мацнейшым алергенам і ад яе ў сезон пакутуюць многія людзі.

Замежны вопыт

У Англіі і некаторых іншых краінах выкарыстоўваюць спосаб страўлівання: на ўчастак з баршчэўнікам запускаюць статак авечак ці коз, якія ядуць расліны і да таго ж вострымі капытамі выбіваюць парасткі. У Эстоніі прытрымліваюцца ручнога спосабу: выкопваюць ці зразаюць парасонікі да перыяду цвіцення, пасля чаго іх знішчаюць. А вось у Польшчы тым часам актыўна змагаюцца з сумнікам канадскім, у першую чаргу пры дапамозе скошвання – расліна ў адрозненнне ад баршчэўніку адрастае не так хутка. А яшчэ палякі асвоілі тэхналогію і выкарыстоўваюць сумнік для вытворчасці паліўных гранул і пелетаў. На Украіне да барацьбы з амброзіяй падключаюць насельніцтва і плацяць за сарваныя кветкі 10 грывен.

І ў нас можна знайсці прымяненне?

Выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта расказалі пра методыку прымянення баршчэўніка ў якасці структураўтваральнага кампанента цеплавой ізаляцыі. Свой вопыт яны падрабязна паказалі ў спецыяльнай прэзентацыі. Аднак такую навацыю віталі не ўсе ўдзельнікі семінара. Напрыклад, магістр біялогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава Юрый Высоцкі пераканы, што з расліны не варта нічога рабіць – гэта шкодны від, ад якога лепш пазбаўляцца і як мага хутчэй. Дарэчы, навукоўца даўно займаецца даследаваннем па тэме і менавіта на Ушаччыне.

Работа працягнецца

Барацьба з баршчэўнікам у вобласці будзе працягнута, фінансаванне мерапрыемстваў, па словах намесніка старшыні аблвыканкама Барыса Яфрэмава, застанецца на ранейшым узроўні.

Змяншэнне колькасці зялёнага агрэсара, безумоўна, павысіць турыстычную прыцягальнасць Ушацкага раёна – пра гэта ў сваім выступленні на семінары казаў старшыня рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Ф.Гулы, а таксама прадстаўнікі міжнароднай грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Дыялог”, упраўлення спорту і турызму аблвыканкама.

– Усе прапановы і высновы будуць абагульнены, прыменены ў рабоце. Той вопыт, напрацоўкі, якія мы сёння атрымалі, упэўнены, спатрэбяцца не толькі Віцебшчыне, а і іншым рэгіёнам. Хацелася б выказаць удзячнасць за арганізацыю семінара абласному камітэту прыродных рэсурсаў і, канечне, Ушацкаму райвыканкаму, Савету дэпутатаў, – падвёў вынік плёнай сустрэчы старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Васількоў.

Па выніках семінара была прынята рэзалюцыя, адным з пунктаў якой прадугледжана, што тэрыторыя Ушацкага раёна будзе выкарыстана ў якасці эксперыментальнай пляцоўкі для апрабацыі і прымянення інавацыйных, экалагічна найбольш бяспечных метадаў барацьбы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *