Наши земляки успешно проявляют себя на спортивных соревнованиях в разных городах Беларуси

Cпорт

Апошнімі тыднямі актывізавалася спартыўнае жыццё і нашы землякі адзначыліся цэлым шэрагам дастойных выступленняў на спаборніцтвах рознага кшталту ў Мінску, Віцебску і іншых гарадах Беларусі.

Стойка бароліся ў “Стайках”

Пачнём жа мы падборку з турніру самага высокага рангу: Кубка Беларусі па самба, які нядаўна праходзіў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”. Як вядома, гэтым летам выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта рэкамендаваў уключыць гэты від адзінаборстваў у алімпійскую праграму, таму ўвага да яго развіцця зараз асаблівая. І вельмі прыемна, што ў лік прызёраў на прэстыжным турніры трапілі дзве былыя выхаванкі Ушацкай ДЮСШ. Срэбраны медаль у вагавой катэгорыі да 65 кг заваявала Крысціна Зуева, а Сняжана Чарапанава (на здымку) узнялася на трэцюю прыступку п’едэстала ў вазе звыш 80 кг.

Пяць залатых медалёў

прывезлі з абласнога цэнтра юныя ўшацкія дзюдаісты. Яны дэманстравалі сваё майстэрства на адкрытым першынстве горада сярод юнакоў і дзяўчат 2008-2011 гадоў нараджэння. У старэйшай групе не мелі сабе роўных Павел Шакута і Паліна Пацэвіч. “Бронзу” паклалі ў сваю скарбонку Яўген Карэйша, Сяргей Жарнасек і Каміла Первянёнак. Парадавалі і больш юныя выхаванцы нашай ДЮСШ: не пакінулі шансаў саперніцам Уладзіслава Цюкала, Аляксандра Міхаль і Кацярына Рубанік, “срэбра” на рахунку Карыны Лецкай і Яўгеніі Крывёнак, трэцімі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Раман Ардынскі і Уладзіслаў Сматроў. Хочацца павіншаваць і трэнераў Святлану Фядосенка, Кацярыну Маркевіч, Канстанціна Дука, якія здолелі якасна падрыхтаваць сваіх падапечных да гэтых стартаў.

Злавілі хвалю поспеху

выхаванцы аддзялення плавання нашай спартшколы. У гэты раз сваю хуткасць яны дэманстравалі не ў дамашнім басейне, а на сталічных водных дарожках, дзе праходзіў Адкрыты турнір на прызы чэмпіёна свету і Еўропы Аляксандра Гукава. У час сваёй кар’еры праслаўлены беларускі плывец спецыялізаваўся ў брасе, і ў гэтым жа стылі плавання спаборнічала на дыстанцыі 50 метраў юная ўшачанка Анастасія Касіч (на здымку). Паказаны вынік дазволіў дзяўчыне ўзняцца на трэцюю прыступку п’едэстала. Ну а яшчэ адзін наш прадстаўнік – Аляксей Салодкін зноў пацвердзіў свой клас у плаванні на спіне і ўзяў “бронзу” на стометроўцы.

Дастойны дэбют

Хоць да Ранальду ды Месі выхаванцам трэнера фізкультурна-спартыўнага клуба Рамана Фядосенкі пакуль яшчэ далекавата, ды і гульнявыя сувязі ў зусім маладой футбольнай каманды хлопчыкаў 2011-2012 гадоў нараджэння толькі пачынаюць наладжвацца, ужо можна казаць аб некаторых дасягненнях. Так, нядаўна наша дружына адправілася ў Глыбокае на Адкрыты міжраённы турнір па міні-футболе, прысвечаны Году народнага адзінства. У першым паядынку ўшачане ва ўпартай барацьбе саступілі першай камандзе гаспадароў, а вось у наступным з лікам 4-0 разграмілі аднагодкаў з Верхнядзвінска. Супрацьстаяць моцнай міёрскай камандзе не ўдалося, затое другую глыбоцкую дружыну нашы землякі перамаглі – і ў выніку заваявалі “бронзу” спаборніцтваў. Асабліва хочацца адзначыць лідара ўшачан Мацвея Кандрацкага, які забіў шэсць галоў і быў прызнаны лепшым іграком не толькі каманды, а і турніру. Двума галявымі ўдарамі адзначыўся Ілья Сляцкі, па адным запісалі на свой рахунак Міхаіл Кудраўцаў і Марат Цішкоў. Улічваючы, што для большасці хлопчыкаў гэта быў першы выязны турнір, “баявое хрышчэнне” можна прызнаць паспяховым. Ну і, канечне, іх новыя перамогі не за гарамі!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *