«Всё, чему учат, нужно в жизни». Наша землячка Лилия Пальвинская — преподаватель и заведующий кафедрой лечебной физкультуры БГУФК

Общество

“А вось нахіляецеся вы няправільна, – спыніла мой намер падняць шалік Лілія Уладзіміраўна Пальвінская. – Калі рабіць гэта пад прамым вуглом, можна пашкодзіць пазванкі. Трэба паступова “скручвацца”: спачатку галава схіляецца, потым плечы ідуць уніз…”. Давялося паўтарыць спробу, каб замацаваць правіла. “У нас вельмі карысны факультэт – усё, чаму вучаць, патрэбна ў паўсядзённым жыцці”. Так, з практыкі і пачалася размова з нашай зямлячкай, загадчыкам кафедры лячэбнай фізічнай культуры і фізічнай культуры дашкольнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, старт у які ёй дала Ушацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.

Хваравітым дзіцём расла, таму і запісалі бацькі Лілю ў секцыю дзюдо, якую толькі што адкрылі, дзякуючы трэнеру Станіславу Анатольевічу Шэдзько. Вельмі ўпартая, яна паказвала годныя вынікі, вярталася з прызавымі месцамі з рэспублікі. Але галоўным лічыць тую школу жыцця, што даў іх трэнер. “Ён як сонейка, усіх саграваў, вучыў не толькі прыёмам, а жорсткай самадысцыпліне, маральным якасцям, адносінам да людзей. Сам быў прыкладам поўнай самааддачы справе, якую любіў. Я вельмі многае ўзяла ад яго”, – прыгадвае субяседніца.

А калі яго не стала, а ў папулярную секцыю па-ранейшаму запісвалася шмат дзяцей, ёй прапанавалі весці заняткі. (На той час Лілія атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы і працавала ва Ушачах). Пагадзілася. Трэба было паступаць у Акадэмiю фізічнага выхавання i спорту, што яна і зрабіла, толькі замест завочнага навучання ўсё ж спынілася на стацыянары, а “трэнерскі” памяняла на факультэт аздараўленчай фізкультуры. І вось ужо 19 год сама выкладае студэнтам.

– Вучыцца было лёгка і вельмі цікава. Мы ж усё абкатваем на практыцы: лячэбную, аздараўленчую, адаптыўную фізкультуру, усе сістэмы і методыкі, што эфектыўна сябе зарэкамендавалі ў свеце. І скончыўшы ўніверсітэт, ты не толькі на памяць ранішнюю гімнастыку зробіш, але і прафесійны масаж родным, падкажаш знаёмым дыхальныя ці аднаўленчыя комплексы. Калі паглыбілася ў навуку, думала нават паступаць яшчэ і ў медыцынскі ўніверсітэт, каб дапамагаць хворым людзям, а потым зразумела, што гэта можна паспяхова рабіць і з нашымі ведамі. Дарэчы, практыку студэнты якраз і праходзяць у бальніцах, садках, санаторыях, працуюць валанцёрамі, так што ўжо падчас вучобы многія знаходзяць работу.

Бодзіфлекс – дыхальная гімнастыка, заснаваная на спалучэнні глыбокага дыяфрагмальнага тыпу дыхання і комплексу практыкаванняў на расцяжку. У адрозненні ад іншых тэхнік, ён заснаваны на затрымцы дыхання пасля выдыху, з-за чаго ў арганізме адбываецца павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу, артэрыі пашыраюцца і клеткі гатовыя да поўнага засваення кіслароду. Менавіта “дадатковы” кісларод і спрыяе барацьбе з лішняй вагой, паляпшае самаадчуванне і дапамагае дапоўніць недахоп энергіі. Метад добры тым, што займацца можна раніцай усяго 15-20 хвілін у дзень.

Лілія Уладзіміраўна расказвае, як масаж пазбавіў чалавека ад пастаяннага галавакружэння і стамляльнасці, які эфектыўны курс рэабілітацыі пасля інсультаў, як добра зараз усім хворым асвоіць дыхальную сістэму Стрэльнікавай, што была прыдумана спявачкай, каб вярнуць голас, а цяпер выдатна стабілізуе арганізм з пнеўманіяй, астмай, бранхітам. Выпускнікі іх універсітэта потым і працуюць у здраўніцах, дзіцячых садах, фізкультурных цэнтрах, установах аховы здароўя, а часта адкрываюць свае фітнэсцэнтры з моднымі методыкамі, дзе і прымяняюць веды па кiнезiялогii. Некаторыя бацькі спецыяльна паступаюць, каб дапамагчы блізкім справіцца з хваробай. Ведаючы род заняткаў Л.Пальвінскай, да кандыдата педагагічных навук ва Ушачах па-свойску звяртаюцца знаёмыя і суседзі. І яна падбірае курс практыкаванняў, павышае культуру самадапамогі без лекаў. Пад яе наглядам лечыць хворыя суставы і бацька Уладзімір Мікалаевіч – настаяла, калі аднойчы ўбачыла, як гэта робяць родныя.

– Адчыняю дзверы дома, а яны на каленках ходзяць – лечацца так бы мовіць, а на самой справе калечацца. Ні ў якім разе нельга жорстка нагружаць хворыя месцы, што б гэта ні было: спіна, рукі ці ногі. Практыкаванні патрэбны, аднак асцярожныя, паступовыя, граматныя. Мама ж прачытала ў нейкім часопісе чарговую методыку і давай выпрабоўваць на сабе, – усміхаецца, прыгадваючы прыгоды Вольгі Уладзіміраўны, дачка. – Яна ў нас дрэнна паддаецца маім урокам, паколькі чытае навукова-папулярную літаратуру, а я навуковую.

Кінезіялогія – навука аб руху чалавека, навуковая і практычная дысцыпліна, якая вывучае рух цягліц ва ўсіх яго праявах.

У Ліліі Уладзіміраўны ў самой ужо не адзін дзясятак публікацый. Навукай яна пачала займацца яшчэ са студэнцтва. Прымала ўдзел у канферэнцыях, на пятым курсе на міжнароднай у Кіеве выступала са сваёй дыпломнай работай, таму і невыпадкова, што па размеркаванні яе пакінулі выкладчыкам на кафедры лячэбнай фізкультуры. Зараз яна ўжо ўзначальвае яе, рыхтуецца да абароны доктарскай дысертацыі, выконвае шмат адміністрацыйнай работы і па-ранейшаму вядзе пэўныя дысцыпліны, у прыватнасці, адаптыўную фізкультуру пры розных паталогіях, лячэбную пры захворваннях і траўмах, рухальныя аднаўленчыя методыкі. Добранькім выкладчыкам сябе не лічыць, наадварот, вельмі патрабавальная, нікому не патурае, у тым ліку і землякам. Хутчэй наадварот, з іх больш патрабуе, ведае, што пазней яны абавязкова скажуць “дзякуй”.

“Практыка дазваляе і самой пастаянна падтрымліваць форму. У нас ёсць прафессар, якому 83 гады, і мы з ім два разы на тыдні сустракаемся на дарожках у басейне, – кажа Лілія Уладзіміраўна. – Здароўе з гадамі трэба падтрымліваць, таму раніцай займаюся бодзіфлексам, пачала хадзіць, наведваю і трэнажорную залу. У нас выдатная база, так што раю выпускнікам школ сур’ёзна падумаць аб выбары такіх патрэбных сабе і людзям спецыяльнасцях, якія дае наш факультэт, ну а ўсім землякам абавязкова рабіць аздараўленчую гімнастыку, толькі па меры сваіх магчымасцяў і лепш пад наглядам спецыялістаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *