На Ушаччине поздравили работников соцзащиты и узнали мнение о проекте изменений Конституции

Навстречу референдуму Общество

На мінулым тыдні сваё прафесійнае свята адзначылі тыя, чыя місія – быць міласэрнымі, дапамагаць людзям. Работнікаў сацыяльнай абароны Ушаччыны ва ўрачыстай абстаноўцы павіншавалі старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч.

С.Садоўскі. Н.Ліленка.

– Сацыяльная абарона насельніцтва – адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі, а ваша служэнне людзям – больш, чым проста прафесія, – звярнуўся да прысутных Сяргей Сяргеевіч. – Вы не шкадуеце свайго вялікага сэрца, а таму становіцеся для падапечных надзейнымі сябрамі. Прыміце ад кіраўніцтва раёна шчырую ўдзячнасць за вашу нялёгкую, але такую патрэбную справу.

У перыяд распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі на плечы сацработнікаў лёг асаблівы клопат пра пажылых людзей. Рызыкуючы ўласным здароўем, ад абслугоўвання хворых яны не адмаўляліся, а часам бралі на сябе шэраг дадатковых, не вызначаных прафесійнымі абавязкамі функцый. Пра гэта казала ў віншавальным слове Н.М.Марковіч. Асобна звярнулася Наталля Мікалаеўна да спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якія 5 студзеня неапраўдана застаюцца ў “ценю” прадстаўнікоў ТЦСАН. А менавіта яны займаюцца налічэннем пенсій для амаль 40 працэнтаў насельніцтва нашага раёна, кантралююць пытанні занятасці, аховы працы і многія іншыя. Лепшым жа доказам таго, што робяць гэта высокапрафесійна, з’яўляецца адсутнасць за апошнія некалькі гадоў скаргаў ад землякоў.

Сацработнік Н.Бакурына.

Нямала ў гэты дзень было цёплых пажаданняў, узнагарод, прычым, не толькі раённага ўзроўню. Так, за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне прафесійных абавязкаў Падзяка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН Ушацкага раёна Алесі Мікалаеўне Бычынскай, Веры Якаўлеўне Жаваранак, Васілю Васільевічу Літвіновічу і Але Казіміраўне Шах, кухоннаму рабочаму аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Наталлі Аляксандраўне Ліленка.

У той час, калі ўся краіна абмяркоўвае праект абноўленай Канстытуцыі, не маглі абмінуць гэту важную тэму і ўдзельнікі прыгаданай сустрэчы.

– Галоўныя напрамкі Асноўнага Закону – гэта ўстойлівае развіццё краіны і грамадства, павышэнне якасці жыцця ўсіх слаёў насельніцтва, – падкрэсліў С.С.Садоўскі. – Асаблівая ўвага – пажылым і інвалідам. Многае будзе рабіцца, каб забяспечыць даступнае асяроддзе і зручную інфраструктуру для людзей з аслабленым здароўем, каб сацыялізаваць тых жа пастаяльцаў аддзялення ТЦСАН у Вяркудах. Замацаваны ў праекце новай Канстытуцыі і нашы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, падтрымка мнагадзетных сямей. Не спыняецца і жыллёвая праграма. Вельмі важна данесці да людзей сталага ўзросту, што закладзеныя імі традыцыі будуць працягвацца, што мы не дазволім перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і будзем выхоўваць маладое пакаленне ў духу патрыятызму.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *