На конкурсе детского творчества «Зимние фантазии» Ушачского Дома ремёсел выбрать победителей было непросто

Культура

Конкурс дзіцячай творчасці пад сімвалічнай назвай “Зімнія фантазіі” прайшоў напрыканцы 2021-га ва Ушацкім раённым Доме рамёстваў. Хлопчыкам і дзяўчынкам было прапанавана зрабіць сваімі рукамі навагоднія цацкі. Прычым, ні ў тэхніцы, ні ў падручных сродках іх не абмяжоўвалі. Як вынік – атрымалі не адзін дзясятак работ: арыгінальных шароў, іншых сродкаў дэкору ялінкі і памяшканняў.

У тым, што фантазіі і старанняў юныя канкурсанты прыклалі нямала, упэўніліся падчас знаёмства з выставай іх работ. Абаяльныя снегавічкі, важны тыгр – сімвал 2022 года, вясёлыя Дзед Мароз са Снягурачкай, умела выкананыя з нітак, ватных дыскаў, кардону, гузікаў, фетру, пацерак, мішуры, падкуплялі сваёй самабытнасцю і чысцінёй… Пра гэта казаў падчас цырымоніі ўзнагароджання і дырэктар Дома рамёстваў Юрый Канстанцінавіч Пашковіч. Ён падкрэсліў, што выбраць пераможцаў было няпроста, давялося нават пашырыць запланаваную напачатку колькасць дапламантаў.

У выніку ўзнагароду І ступені атрымалі Ягор Рудзёнак, Аляксандра Крупеня і Мацвей Міхаль, ІІ – Іван Каваленка, Валерыя Харак, Вікторыя Качан, Паліна Дрозд і Мар’яна Грак, ІІІ – Соня Пугач, Мілана Шаўчэнка і Кіра Акулёнак. Усім ім напярэдадні Новага года ўручаны дыпломы пераможцаў і салодкія падарункі.

Не засталіся без ласункаў і іншыя канкурсанты. За ўдзел у “Зімніх фантазіях”, праяўлены творчы патэнцыял адзначаны Анастасія Папко, Вікторыя Шарлай, Дар’я Бабянок, Валерыя Каўрыжонак, Анастасія Танана, Ульяна Шчэрбік, Таццяна Гусёнак, Аляксей Смотрын, Яраслаў Басак, Эвеліна Кляшчонак, Мікіта Хамёнак, Алена Александровіч, Ксенія і Вікторыя Пятніцы, Данііл Шайтар, Раман Катушонак, Ксенія Церашкавец.

Яшчэ доўга пасля заканчэння мерапрыемства ў Доме рамёстваў было ажыўлена. Дзеці з цікавасцю знаёміліся з работамі сваіх сяброў, бралі “майстар-класы” ў пераможцаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *