В любую непогоду центральная котельная обеспечит ушачан теплом

Общество

На вуліцы невялікі мінус, тэмпература ў топцы катла – 726 градусаў, а да кватэр ушачан падаецца вада +57. “Раней у маразы нават з падключэннем газавых катлоў тэмпература на выхадзе была не больш 61. Пасля рэканструкцыі і без блакітнага паліва давалі 63, – падкрэслівае галоўны інжынер УП ЖКГ Анжаліка Джонаўна Хахлова падчас экскурсіі па абноўленым аб’екце. – Гэта значыць, што ў любую непагадзь мы можам забяспечыць карыстальнікаў цяплом адпаведна нарматывам, ёсць і запас магутнасці, прычым нават з уводам у гарпасёлку новых аб’ектаў”.

Тэхнік-энергетык В.Шыркевіч і слесар Д.Сазонаў.

Дарэчы, адзін з пяці катлоў у час нашага наведвання кацельні “маўчаў”, а слесары ўхілялі паломку. Год таму ў такой сітуацыі пры марозе мы б адчулі няладнае па пахаладанні ў кватэрах, ну а пасля рэканструкцыі, ды ў адлігу ніхто са спажыўцоў і не падумае пра збой аднаго з агрэгатаў.

А што ўважлівыя ўшачане маглі прыкмеціць – гэта дым з адной трубы. Рэканструкцыя не абмінула і гэту, заключную кропку, дарэчы таксама немалаважную. Усе нізкія трубы дэманціраваны, пакінута самая высокая. Такім чынам, стала меншай рызыка, што шкодныя выкіды асядуць на ўчастках блізкай катэджнай забудовы. Забруджанасць і раней была ў межах норм, паколькі дым праходзіць ачыстку праз спецыяльныя цыклоны, што зманціраваны да кожнага катла. Гэта абавязковая ўмова па ахове навакольнага асяроддзя, а на рэканструкцыю кацельні выдзяляліся ў тым ліку і экалагічныя сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

Кліматычны раён Ушаччыны – ІІ В, што адпавядае сярэднямесячнай тэмпературы паветра ў студзені ад -3 да -20, а ў ліпені ад +8 да +21. Гэта другі па холадзе кліматычны раён, да такой жа класіфікацыі мы адносімся і па заснежанасці, а вось па вільготнасці і ветранасці – да самага моцнага І класа.

А.Мартыновіч.

Ну а пачалася наша экскурсія па здадзеным да Новага года аб’екце з агрэгатнай з прыёмнікам паліва. Гэта закрытая пабудова з навесам для шчапы, дзе варочаюцца металічныя “лінейкі” і ажыццяўляецца гідраўлічная падача паліва да транспарцёра, які накіроўвае шчапу ў топкі катлоў. Як і раней, на тэрыторыі пастаянна прысутнічае “Амкадор”, які “падсоўвае” шчапу да прыёмнiка. На драўляным паліве цэнтральная кацельня працуе не першы год, таму камунгас уласнымі сіламі змайстраваў навес, які аднак, не мог закрыць ад дажджу ці снегу ўвесь неабходны аб’ём шчапы. І праектам было прадугледжана будаўніцтва новага навеса. Пасля рэканструкцыі з’явіўся вялізны крыты плац, укладзены трывалымi аэрадромнымi плітамi. І гружоная машына пад’едзе, і шчапа не адсырэе. А размясціць пад дахам зараз адначасова можна 945 кубаметраў, што адпавядае прыкладна сямідзённай рабоце кацельні. Пакуль што навес пусты, аднак дагаворы з лясгасам на пастаўку паліва заключаны да 2024 года і яго атрымліваюць без затрымак.

Зваршчык І.Петухоў, слесар М.Александровіч.

Перад пачаткам рэканструкцыі праектанты атрымалі ад камунальнікаў усю неабходную інфармацыю. Так што першапачатковы этап мадэрнізацыі пачынаўся з разлікаў, а адказваў за іх намеснік галоўнага інжынера Аляксандр Сяргеевіч Бехаў. Зараз на прадпрыемстве захоўваецца некалькі аб’ёмных журналаў са схемамі, дэталёвым апісаннем кожнага накірунку рэканструкцыі, і абавязкова – заключэннямі аб бяспецы. Паколькі гэта стратэгічны і вельмі складаны ў тэхнічным плане аб’ект, перад запускам праходзілі выпрабаванні. Ды і выконвала ўсе работы ад распрацоўкі праекта да мантажу спецыялізаваная арганізацыя ААТ “Цеплаэнергетык г.Віцебск”. Мянялася ж на цэнтральнай кацельні практычна ўсё – ад прыёмнікаў паліва, да пракладвання дадатковых кабеляў для энергазабеспячэння. Давялося нават пераносіць падачу газу, каб размясціць зал нумар 2 – з новымі катламі – побач з існаваўшымі.

Зараз цепланосьбіт ад усiх чатырох шчапавых катлоў і двух газавых агульнай магутнасцю 14 мегават завязаны ў адзін падаючы трубаправод, для чаго зроблены дэмантаж ранейшай сістэмы. Усё асвятленне на кацельні заменена на энергазберагальнае, устаноўлены новыя вокны і дзверы, і калі ў дзвюх ранейшых залах ацяпленне засталося радыятарным, то ў новым яно паветранае. Як унутры, так і звонку ўстаноўлены камеры відэаназірання з вывадам “карцінкі” на экран манітора, што дазваляе на ўдаленні назіраць за працэсамі ў кацельні. Работа катлоў поўнасцю аўтаматызавана. Аднак машыністам на працягу змены неабходна сачыць за паказчыкамі электронных экранаў і пры неабходнасці ўмешвацца – уносіць ручную “праўку”. Бо атрыманне неабходнай тэмпературы на выхадзе залежыць ад многіх паказчыкаў, якасці шчапы ў тым ліку. Ну а пры збоі ў рабоце кацёл спыніцца аўтаматычна.

А.Хахлова, А.Бехаў.

На ацяпляльны сезон цэнтральнай кацельні патрэбна 26,5 тысячы кубаметраў ці 11 тысяч тон шчапы.

А як спецыялісты кацельні “ўгадваюць” тэмпературу, каб нам з вамі было камфортна, высвятляла непасрэдна ў залах. Самастойна разлічваць параметры ім не трэба – усё гэта бачна на адзіным электронным шчыце, што звязвае паміж сабой іншыя датчыкі. “Бачыце, стаіць тэмпература паветра мінус 1, ад яе і “пляшам”, – тлумачыць начальнік кацельні Анатоль Мікалаевіч Мартыновіч. – Існуе графік: якім пры пэўнай тэмпературы паветра павінен быць носьбіт на выхадзе. І машыністы памяньшаюць або павялічваюць магутнасць работы катлоў, далей яна падтрымліваецца ў аўтаматычным рэжыме. Такія ж лічбавыя “падказкі” гараць і на ўсіх катлах”. На новым, дарэчы, паказвала 97 працэнтаў, значыць працаваў амаль на максімуме”.

Машыністы Д.Шляхтуноў і М.Кулак.

Работнікам кацельні не давялося праходзіць дадатковага абучэння, паколькі прынцып работы вадагрэйных катлоў на цвёрдым паліве аднолькавы. Хоць крыху адрозніваюцца новыя, маркі “Белкатламаш”, што сыйшлі з канвеера ў Бешанковіцкім раёне, ад ранейшых, вытворчасці беларуска-французскага сумеснага прадпрыемства “Камконт”, якое працуе ў Гомелі. Перавагу першым на гэты раз аддаў, канечне, тэндар. І толькі ў тым выпадку, калі магутнасці гэтых чатырох не хопіць, будуць падключацца газавыя.

Са з’яўленнем катлоў рознай магутнасці – новыя на 1 і 2 мегаваты, ранейшыя – па тры, у камунальнікаў з’явілася магчымасць манеўравання пры выкананні стандартаў. Напрыклад, летам ці ў міжсезонне можна выкарыстоўваць менш прадукцыйныя.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *