Ученики Ушачской детской школы искусств успешно демонстрируют свои таланты

Культура

Чараўніца-зіма натхняе на творчасць і невыпадкова арганізатары многіх конкурсаў выбіраюць для іх правядзення менавіта гэты час. Самі назвы праектаў – “Крыштальная сняжынка”, “Музычны феерверк”, “Зімовыя мары” – адразу настройваюць на ўзнёслы святочны лад. Ну а тое, што амаль усе цяперашнія конкурсы прапануюць варыянт удзелу ў анлайн-фармаце, прыцягвае ўсё больш жадаючых паказаць свае таленты. Бліснулі імі гэтай зімой і навучэнцы Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

Н.Тарасенка, М.Дуброўская, А.Антуновіч, Д.Лаюшка, Г.Хвошч.

Так, ва ўсіх трох прыгаданых вышэй адкрытых рэгіянальных конкурсах узялі ўдзел балалаечнікі Дзяніс Лаюшка і Арсеній Антуновіч. Першага хлопчыка можна лічыць правераным конкурсным байцом: летась ён ужо радаваў сваіх бацькоў і педагога Галіну Уладзіміраўну Хвошч удалымі выступленнямі. Гарэзлівая пьеса “Чыжык-пыжык”, падрыхтаваная ў гэтым сезоне, таксама спадабалася журы – юны выканаўца дадаў у скарбонку сваіх трафеяў лаўрэацкія дыпломы І і ІІ ступені і званне дыпламанта І ступені. А вось для сямігадовага Арсенія адбыўся конкурсны дэбют. Пачынаючы музыкант вельмі стараўся, каб развучаны ім твор “Ехалі мядзведзі…” прагучаў дастойна. “Нават не думаў, што гэта так складана!” – прызнаўся хлопчык пасля некалькіх дубляў відэазапісу. Зрэшты, інструментальная музыка ў іх доме гучыць пастаянна: у Галіны Уладзіміраўны займаецца і старэйшы брат Кірыл, а сястра Ілона нядаўна скончыла школу мастацтваў па класе цымбал. Нягледзячы на зусім юны ўзрост, Арсеній – чалавек старанны і арганізаваны, таму ўдала сумяшчае заняткі музыкай і футболам.

У.Казьяніна.

Праявілі сябе і выхаванкі Наталлі Мікалаеўны Тарасенка. Таксама ўпершыню спрабавала свае сілы васьмігадовая цымбалістка Ульяна Казьяніна, у якой педагог бачыць вялікі патэнцыял. На конкурсе “Зімовыя мары” яна стала лаўрэатам ІІІ, а на “Музычным феерверку” – дыпламантам І ступені. Такім жа званнем на апошнім конкурсе адзначылася і Марыя Дуброўская. Дзяўчына вучыцца на аддзяленні ўжо пяты год, і ў яе багажы нямала трафеяў: у мінулым маі, напрыклад, стала ўладальніцай двух лаўрэацкіх дыпломаў. “Заняткі музыкай дапамагаюць развіваць памяць, настойлівасць, уседлівасць, адказнасць”, – лічыць Маша. Пра тое ж, што гэтыя якасці ёй уласцівыя, сведчыць факт, што цымбалістка з’яўляецца выдатніцай і ў сярэдняй школе.

“Поспех – гэта заўсёды плён калектыўных намаганняў. Сваю лепту ў яго ўнеслі самі вучні, педагогі, бацькі і, канечне, канцэртмайстры Святлана Раманаўна Валова і Аляксандра Ігараўна Зільберт, якім мы хочам выказаць асаблівую падзяку”, – адзначае Г.У.Хвошч.

А.Смык, А.Пашута.

Першы вопыт удзелу ў падобных творчых спаборніцтвах атрымалі і юныя мастакі – выхаванцы Айгуль Аразалаўны Смык. Дыпломам І ступені конкурсу “Крыштальная сняжынка” быў ацэнены зімовы пейзаж Лізы Шамшуры. А сярод трох дасланых работ Арцёма Пашуты журы асабліва ўразіў малюнак маяка, за які ён прызнаны лаўрэатам І ступені. Трэба зазначыць, што хлопчык мае інваліднасць, а вучоба на мастацкім аддзяленні спрыяе яго рэабілітацыі. Нельга не ацаніць вялікія намаганні таты і мамы Арцёма, якія ўсяляк стараюцца развіваць яго таленты, павялічваць кругагляд. Так, адна з работ хлопчыка з’явілася пасля паездкі з бацькамі да Селішчанскага касцёла – свае яркія ўражанні ён перанёс на паперу.

Увогуле цяжка пераацаніць выхаваўчую місію творчасці. А калі дзеці бачаць высокую ацэнку сваіх намаганняў – гэта стымулюе да далейшай працы. І невыпадкова юныя таленты ўжо атакоўваюць педагогаў пытаннямі – а ці хутка будуць новыя конкурсы?

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *