Диалоговая площадка «Конституция — гарант белорусской государственности» прошла в Ушачском райисполкоме

Навстречу референдуму Общество

З моманту вынясення на ўсенароднае абмеркаванне Праекта змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь у нашым раёне прайшло больш 80 прысвечаных гэтай тэме сустрэч у працоўных калектывах, іншых мерапрыемстваў, удзел у якіх прыняла каля 1300 чалавек. Але дыялогавая пляцоўка “Канстытуцыя – гарант беларускай дзяржаўнасці”, што ладзілася ў мінулую пятніцу, стала, напэўна, самым маштабным і змястоўным. У малой зале райвыканкама сабраліся прадстаўнікі раённай улады, старшыні і дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў, старэйшыны вёсак, актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, іншых грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзныя лідары. Удзельнічаў у рабоце пляцоўкі і дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Ушацкай выбарчай акрузе №34 С.А.Даніловіч.

Распачала ж сустрэчу старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, якая зазначыла, што Беларусь выходзіць на новы этап развіцця, у сувязі з чым узніклі перадумовы для ўнясення змяненняў у Асноўны Закон дзяржавы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А. Алексяёнак зрабіў экскурс у гісторыю, нагадаў, што Канстытуцыя суверэннай Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года, акрэсліў асноўныя змяненні і дапаўненні, якія тройчы ўносіліся шляхам рэферэндуму.

У нашым раёне людзі старэйшага пакалення з’яўляюцца вялікай і традыцыйна актыўнай часткай насельніцтва, заўсёды аналізуюць грамадска-палітычныя падзеі, маюць свае меркаванні. Як зазначыла лідар ветэранскай арганізацыі раёна Н.А.Васілеўская, у яе пярвічках зараз 2832 жыхары раёна, што складае 67 працэнтаў ад усіх ушачан “ва ўзросце”. Безумоўную падтрымку ў ветэранаў выклікае “ўмацаванне” ў Канстытуцыі патрыятычнай тэмы, вітаюць яны і тое, што 2022 год абвешчаны ў Беларусі “Годам гістарычнай памяці”.

Пра вялікую планамерную работу, якая праводзіцца ў раёне па захаванні гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, распавяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак. Так, усе замацаваныя за помнікамі і абеліскамі арганізацыі раёна стараліся падтрымліваць іх у належным стане, праводзілі суботнікі, выдаткавалі на абнаўленне аб’ектаў больш за паўтары тысячы рублёў. Летась праведзены бягучы рамонт двух помнікаў у Жарах, пачата абнаўленне пастамента ў Павуллі – на гэтыя і іншыя работы з раённага бюджэту было вылучана больш 14 тысяч рублёў. Традыцыйна аказаў фінансавую падтрымку і Фонд міру. У надышоўшым годзе плануецца адрамантаваць абеліскі ў вёсках Мурагі, Усвіца, Загаваліна, на грамадзянскіх могілках у Вялікіх Дольцах, устанавіць помнік на брацкай магіле ў Роўбах. Актыўна вялася і будзе працягвацца пошукавая работа – так, за два апошнія гады выяўлены неўстаноўленыя ваенныя пахаванні ў Забораўне, Губінцы, Мураўцы, Вялічкаўцах, Завячэллі, Воцькавічах, Жарах. Мяркуецца таксама, што ў 2022 годзе ў музеі Народнай славы імя У.Е.Лабанка будзе адкрыта экспазіцыя, прысвечаная генацыду жыхароў Ушацкага раёна.

“Вельмі важна кожнаму прыняць удзел у рэферэндуме і тым самым выказаць сваю пазіцыю ў адносінах да Асноўнага Закона нашай краіны. Менавіта ад нас з вамі залежыць, па якіх прынцыпах беларускае грамадства будзе развівацца далей”, – зазначыла Н.М.Марковіч.

А вось начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава лічыць, што ключавымі цэнтрамі патрыятычнага выхавання вучняў павінны стаць школьныя музеі. Укараняюцца і новыя формы – як, напрыклад, інфармацыйны рэсурс “Сцяна памяці”, адкрыты ў кастрычніку ў Глыбачанскай школе. Ужо можна даць першую ацэнку дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія ладзілі экскурсіі да ваенных святыняў і сустрэчы з афіцэрамі, вялі прафарыентацыйную работу і рыхтавалі дзяцей да ўдзелу ў ваенна-спартыўных праектах. Наладжваецца плённае супрацоўніцтва школ з ваенкаматам.

Нікога не можа пакінуць абыякавай тэма аховы здароўя. У праекце гэта канстытуцыйная норма характарызуецца не толькі як права, а і як абавязак грамадзян. Галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ А.А.Міранкова цалкам згодна з гэтым новаўвядзеннем. У апошні час мы сутыкнуліся з надзвычайным выпрабаваннем: каранавірусная эпідэмія забірае жыцці і здароўе, патрабуе і вялізных сродкаў – так, у 2021 годзе выдаткі, звязаныя з барацьбой з кавідам у нашым раёне, склалі 9,4 мільёна рублёў, у лячэнні такіх пацыентаў было задзейнічана больш 200 медработнікаў, а кожнаму пятаму хвораму спатрэбілася знаходжанне ў стацыянары. Відавочна, што грамадзяне павінны больш адказна ставіцца да прафілактыкі захворвання, аднак статыстыка сведчыць, што гэта разумеюць не ўсе: на канец мінулага тыдня ў раёне было правакцынавана 57,3 працэнта жыхароў, у тым ліку 46,1 атрымалі абедзве прышчэпкі.

Актыўна ўключылася ў абмеркаванне праекта беларуская моладзь – ад гэтай катэгорыі грамадзян у Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі паступіла ўжо больш тысячы прапаноў. Як падкрэсліла першы сакратар райкама БРСМ Д.Калбасава, вельмі правільна, што ў тэкст праекта ўведзены артыкул 32-1, дзе адзначана, што дзяржава павінна спрыяць рознабаковаму развіццю моладзі, рэалізацыі яе патэнцыялу, стварэнню ўмоў для яе ўдзелу ў грамадскім жыцці.

“Было цікава прыняць удзел у рабоце пляцоўкі, далучыцца да абмеркавання самых розных тэм, агучыць думкі жыхароў нашага сельсавета”, – падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства дэпутат Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў В.Г.Сталбунова і старэйшына аграгарадка Вяркуды Н.В.Кірпічонак. Відавочна, што і іншыя ўдзельнікі сустрэчы натхніліся атмасферай канструктыўнага дыялогу і атрымалі шмат карыснай інфармацыі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *