На вопросы ушачан ответил юрист

Общество

На мінулым тыдні з чытачамі газеты на «прамой лініі» знаходзіўся галоўны юрысконсульт Ушацкага райвыканкама Д.М.Закрэўскі. Магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні Дзмітрыю Мікалаевічу скарысталіся нямногія, а ўсе пазваніўшыя атрымалі на пытанні грунтоўныя адказы спецыяліста.

– З’яўляюся наймальнікам службовага жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Ці маю я права ўсяліць у гэта памяшканне сваіх бацькоў?

– Так, такое права ў Вас ёсць. Паводле падпункта 2.1 пункта 2 Тыпавога дагавора наймання службовага жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанага пастановай  Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.03.2006 № 371, наймальнік мае права ўсяляць у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, членаў сям’і ў займаемае ім службовае жылое памяшканне. Артыкулам 29 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што да членаў сям’і наймальніка адносяцца яго жонка (муж), іх дзеці і бацькі.

– Бацькі разведзены. Паўналетняя дачка (18 гадоў) вучыцца ў дзяржаўным прафесійным ліцэі на дзённай форме навучання і атрымлівае стыпендыю. Ці можа яна прэтэндаваць на атрыманне аліментаў ад бацькі?

– Можа, калі яна з’яўляецца непрацаздольнай і ёй патрабуецца дапамога. У адпаведнасці з артыкулам 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і бацькі абавязаны матэрыяльна забяспечваць непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якім патрэбна матэрыяльная падтрымка. Такімі асобамі прызнаюцца толькі непрацаздольныя, у якіх няма дастатковых сродкаў для існавання. Атрыманне непрацаздольнымі паўналетнімі дзецьмі пенсіі, стыпендыі не пазбаўляе іх права на атрыманне аліментаў ад бацькоў, калі наяўных сродкаў недастаткова для задавальнення асноўных іх патрэб. Пры гэтым, калі бацькі не выплачваюць аліменты на ўтрыманне сваіх непрацаздольных паўналетніх дзяцей, якім патрэбна грашовая падтрымка, гэтыя сродкі спаганяюцца з бацькоў у судовым парадку. Памер аліментаў вызначаецца ў цвёрдай грашовай суме або ў суме, якая адпавядае вызначанай колькасці базавых велічынь, падлеглай выплаце штомесяц, зыходзячы з матэрыяльнага і сямейнага становішча асобы, з якога спаганяюцца аліменты, і асобы, у карысць якога яны спаганяюцца.

– Ці можна спагнаць з работадаўцы страту, якую ён нанёс несвоечасовым і няправільным афармленнем дакументаў для прызначэння пенсіі?

– Можна. Артыкул 76 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года «Аб пенсійным забеспячэнні» ўстанаўлівае матэрыяльную адказнасць работадаўцы перад пенсіянерам за страту, прычыненую несвоечасовым і няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для прызначэння і пераразліку пенсіі, а таксама прадстаўленнем дакументаў, якія ўтрымліваюць недакладныя звесткі. Для гэтага неабходна звярнуцца ў суд.

– Адпачынак якой працягласці даецца студэнту-завочніку вышэйшай вучэбнай установы на перыяд падрыхтоўкі і абароны дыпломнага праекту?

– Артыкулам 216 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што работнікам, якія навучаюцца ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, на вячэрняй або завочнай форме, прадстаўляецца адпачынак у перыяд здачы дзяржаўных іспытаў – 20 каляндарных дзён, падрыхтоўкі і абароны дыпломнага праекту – 90.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *