В ТЦСОН Ушачского района прошла диалоговая площадка по обсуждению изменений и дополнений Конституции

Навстречу референдуму Общество

Пытанням сацыяльнай інклюзіі (уключэння ў актыўнае жыццё) інвалідаў, а гэта каля 6 працэнтаў ад усяго насельніцтва Беларусі, у нашай краіне надаецца асаблівая ўвага. Даступнае асяроддзе, фінансавая падтрымка, забеспячэнне роўных магчымасцяў для рэалізацыі правоў і свабод – усё гэта знайшло адлюстраванне ў дапаўненнях, унесеных у артыкул 47 Канстытуцыі. Пра гэта ішла гаворка на дыялогавай пляцоўцы, што ладзілася на мінулым тыдні на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна.

Адкрываючы сустрэчу, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Васілеўская адзначыла, што прынцыповай пазіцыяй пры ўнясенні змен у Канстытуцыю з’яўляецца захаванне сацыяльнай накіраванасці дзяржаўнай палітыкі. Працоўныя і эканамічныя гарантыі, абарона права ўласнасці, даступнасць адукацыі, садзейнічанне кожнаму грамадзяніну ў набыцці свайго жылля засталіся нязменнымі. Аднак асаблівая ўвага ў праекце нададзена выхаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падтрымцы сямей з дзецьмі, дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама моладзі, клопаце дзяржавы аб пажылых людзях і інвалідах (артыкулы 32, 321, 47).

Стабільны даход

Падрабязней пра змены, якія закранаюць інтарэсы людзей з інваліднасцю, расказала дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Кацярына Коршун. Яна падкрэсліла, што большасць мерапрыемстваў, якія датычацца ўдасканалення дзеючага заканадаўства, знайшлі адлюстраванне і ў праекце Закона “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, які прайшоў першае чытанне ў парламенце.

На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне пражывае 792 інваліды, з іх 164 маюць першую групу, 303 – другую, 325 – трэцюю. Інвалідаў-калясачнікаў у нас 38, у тым ліку маладых (ад 18 да 31 года) – 5.

Асаблівы клопат дзяржавы традыцыйна накіраваны на дзяцей-інвалідаў. Пры ўстанаўленні любой групы ім прызначаецца сацыяльная пенсія. Яе памер залежыць ад ступені страты здароўя: пры чацвёртай – 110 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, трэцяй – 95, другой – 85, першай – 80. Пры дасягненні дзіцем-інвалідам 18-гадовага ўзросту і пры ўстанаўленні яму I, II або III групы разглядаецца пытанне аб тым, працягнуць яму выплату сацыяльнай ці прызначыць працоўную пенсію па інваліднасці. Пры адсутнасці стажу выплачваецца першая, яе памер – 110, 95, 75 працэнтаў БПМ пры І, ІІ і ІІІ групах адпаведна. На другую ж можна разлічваць пры наяўнасці страхавога стажу (працягласць значэння не мае) і агульнага працоўнага (не менш за 1 год). Памер такой выплаты таксама залежыць ад групы інваліднасці: пры I – 75 працэнтаў заробку, прынятага для вылічэння пенсіі, ІІ – 65, ІІІ – 40. Да гэтай сумы ўстанаўліваецца надбаўка на догляд: інвалідам I групы – 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, адзінокім інвалідам II групы, якія маюць патрэбу ў пастаяннай чужой дапамозе, – 50. Па дасягненні інвалідамі з дзяцінства ўзросту 53 і 58 гадоў (для жанчын і мужчын адпаведна) можа быць разгледжана пытанне аб пераводзе на працоўную пенсію па ўзросце. Аднак для гэтага неабходна мець 5 гадоў страхавога стажу, а таксама агульнага: у інвалідаў з дзяцінства I і II групы – 20 гадоў у мужчын і 15 у жанчын, III групы – 25 і 20 адпаведна. Пенсія па ўзросце інвалідам з дзяцінства, інваліднасць якім устаноўлена пажыццёва, павялічваецца на 50 працэнтаў мінімальнага яе памеру.

Даступнасць у прыярытэце

Адным з асноўных напрамкаў сацыяльнай палітыкі застаецца стварэнне даступнага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. Як адзначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Глінская, на сённяшні дзень ва Ушацкім раёне “безбар’еркай” у райцэнтры абсталявана 19 аб’ектаў. У адміністрацыйным будынку сацслужбы ў Градзянцы пандусы і поручні з’явіліся на сцэне актавай залы, поручні – у санітарных вузлах і холе. Там жа для выкліку персаналу маюцца спецыяльныя кнопкі. Назвы ўсіх кабінетаў дубліруюцца шрыфтам Брайля. У 2019-м закуплены маўленчы інфарматар. Па вуліцы Віцебскай абсталяваны тратуар з улікам патрабаванняў інвалідаў па зроку і калясачнікаў, на перакрыжаваннях Ленінскай і Савецкай – 4 пешаходныя пераходы. Сярод тэрыторый сельвыканкамаў годна вылучаецца Сарочынскі, дзе ўлічаны ўсе патрабаванні для адзначанай катэгорыі грамадзян.

Здароўе правераць і дома

Пра нюансы медыцынскага абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі расказала медсястра Ушацкай цэнтральнай райбальніцы Вераніка Гірсёнак. Адзначаная катэгорыя, па яе словах, знаходзіцца на асаблівым кантролі медыкаў. Рэгулярна (для інвалідаў І групы – раз у месяц, ІІ і ІІІ – раз у квартал) праводзіцца іх абследаванне па месцы жыхарства. Там жа могуць брацца розныя аналізы, унутрымышачна (не ўнутрывенна!) уводзіцца лекавыя сродкі. Практыкуецца ў райбальніцы таксама бескантактная выпіска рэцэптаў: можна патэлефанаваць участковаму тэрапеўту, іншаму спецыялісту, а потым папрасіць блізкіх, знаёмых забраць рэцэпт у рэгістратуры.

У басейн – бясплатна

Заняць сябе цікавай справай дапамагае адзначанай катэгорыі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Па словах загадчыцы Наталлі Глінскай, на сённяшні дзень яго паслугамі карыстаецца 50 жыхароў раёна, у тым ліку 10 – на доме. Для іх арганізавана работа 12 гурткоў, 4 працоўных майстэрняў, 4 клубаў. Палюбіліся многім заняткі ў рамках рэалізацыі праграмы “Школа бяспекі”, на якія запрашаюцца спецыялісты розных сфер. Могуць разлічваць інваліды, а таксама тыя, хто іх суправаджае, на бясплатнае наведванне басейна і трэнажорнай залы ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. Актыўна ладзяцца ў аддзяленні экскурсіі па роднай Беларусі.

* * *

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі прыйшлі да высновы, што прапанаваныя канстытуцыйныя пераўтварэнні адлюстроўваюць патрэбы грамадства, адпавядаюць выклікам часу. Замацаванне ж палажэнняў, якія датычацца людзей з інваліднасцю, паспрыяе іх далейшай сацыяльнай інклюзіі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *