Ушачанка Оксана Гордиёнок увлекается фиалками и знает все тонкости ухода за красивыми цветами

Общество

Бытуе меркаванне, што пакаёвыя фіялкі вельмі капрызныя расліны і вырошчваць іх складана. З гэтым зусім не згодна ўшачанка Аксана Гардзіёнак. У яе кватэры расце… некалькі соцень прыгожых фіялак!

“Гэта ў мяне, напэўна, ад бабулі, яна любіла гэтую кветку. Паступова і я ўцягнулася. Пачынала са звычайных, несучы дадому лісцікі фіялак, якія былі ў родных, знаёмых, сяброў, а потым абзавялася і рознымі сартавымі, у тым ліку міні-фіялкамі. Зрэшты, назвы іх старанна не запамінаю – падзяляю хутчэй проста па колерах. А вось мая маленькая дачушка Мілюціна любіць даваць фіялкам імёны і самыя любімыя экзэмпляры размясціла ў сваім пакоі. Дарэчы, менавіта ў дэкрэтным водпуску яшчэ больш захапілася вырошчваннем”, – расказвае Аксана.

Але і пасля выхаду з адпачынку ветурач-радыёлаг райветстанцыі не закінула свой любімы занятак. І на рабоце ў многіх кабінетах пачалі з’яўляцца кветкі. Летам шматлікія фіялкі прапісваюцца на лоджыі, а вось зімой перасяляюцца на падаконнікі і спецыяльную паліцу. Расказваючы, як вырасціць вось такія прыгожыя кветкі, А.Гардзіёнак зазначае, што нічога складанага няма, галоўнае прытрымлівацца трох залатых правіл – святло, паліў, перасадка. Так, фіялкі не любяць прамога сонечнага святла і калі ўлетку іх размясціць на паўднёвым падаконніку, то сонца падпаліць лісцікі. А ў цэлым кветцы патрэбна 8 гадзін свету, таму ў асенне-зімовыя месяцы на паліцы ўключае святлодыёдную энергазберагальную лямпу. Пры паліве галоўнае не перастарацца, лепш недаліць, бо наяўнасць лішняй вільгаці фіялкі пераносяць вельмі дрэнна і могуць пачаць гніць карані. Надзвычай халодная вада нанясе шкоду расліне. Зрэшты, калі вазон празрысты, то лягчэй назіраць за станам кветкі: карэньчыкі ў ідэале павінны быць светлага колеру. Перасаджваць фіялкі трэба прыкладна раз у год, але не ў перыяд цвіцення. Кветкам не даспадобы вялікія вазоны, яны не зацвітуць, пакуль не аплятуць каранямі ўсю ёмістасць. Глебу ж любяць лёгкую, рыхлую, тарфяную.

Фіялка была любімай кветкай такіх вядомых людзей, як Шэкспір, Гётэ, Тургенеў.

– Многія не вераць, але ніякіх спецыяльных угнаенняў для фіялак не выкарыстоўваю, – расказвае Аксана. – У продажы іх мноства, але лічу іх хутчэй маркетынгавым ходам, чым вялікай карысцю. Калі выконваць названыя залатыя правілы, фіялка і без іх будзе адчуваць сябе добра. Адзінае, што прымяняю падчас перасадак – фітаспарын, раствор якога знішчае шкоднікаў і хваробы ў глебе. Дарэчы, дасягнуць гэтага можна і патрымаўшы зямлю ў разагрэтай духоўцы 5-10 хвілін. Размножваю фіялкі самым простым спосабам: лісток адразу змяшчаю ў зямлю.

Як адзначае дзяўчына, цвісці фіялкі могуць цэлымі месяцамі. А калі пачынаюць вянуць, лепш выдаліць усе суквецці, каб даць расліне адпачыць. Бывае, што выпускае бутон фіялка і зімой, але ў такім выпадку Аксана таксама абрывае кветкі, каб больш працяглым і пышным цвіценне было вясной.

Фіялкі не толькі ўпрыгожваюць інтэр’ер, а і выдзяляюць фітанцыды, якія ачышчаюць паветра.

Растуць у доме А.Гардзіёнак і іншыя кветкі, але не ў такой колькасці. Фіялкі ж лічыць сваім захапленнем, як і вышыўку крыжыкам. На пытанне ж, як на ўсё хапае часу, зазначае: нічога не паспявае толькі лянівы, галоўнае – жаданне. Ну а зараз ужо многія расліны пачынаюць зацвітаць і падказваюць пра хуткі надыход вясны. І шматлікія кветкі ў чарговы раз будуць дзякаваць Аксане за догляд сваёй прыгажосцю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *