«Беларуская лыжня-2011»

Общество

У суботу прайшлі традыцыйныя раённыя спаборніцтвы сярод працоўных калектываў “Беларуская лыжня”. Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня, пэўна, кожны ўшачанін сумняваўся ў тым, што яны адбудуцца – на вуліцы плюсавая тэмпература і дождж. Але надвор’е, як вядома, вельмі зменлівае і якраз у канцы тыдня да нас вярнулася сапраўдная зіма са снегам і марозам.  

Пазмагацца за перамогу, “пахварэць” за калег, знаёмых і родных сабралася шмат ушачан. Сёлета прыняць удзел і паспрабаваць свае сілы ў “Беларускай лыжні” пажадала 16 каманд з розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

На пастраенні каманд з прывітальным словам, пажаданнямі поспехаў і ўдалых фінішаў да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму С.І.Ціханёнак. Права ўзняць сцяг было дадзена пераможцам мінулагодніх спаборніцтваў – камандзе аддзела па надзвычайных сітуацыях. І вось яна – траса. У састаў каманд па правілах правядзення ўваходзіла 4 чалавекі. Спаборнічалі яны ў розных узроставых групах на розных дыстанцыях. Па чарзе заступалі на старт і з лёгкасцю, здавалася, прабягалі кіламетр, два, тры. І толькі на фінішы ўсё станавілася зразумелым – нават тыя, хто гаварыў, што прыйшоў проста паўдзельнічаць, хацеў перамагчы. Кожная каманда старалася зарабіць як мага больш ачкоў, каб “выбіцца”  ў лідары. Камандны вынік вызначаўся па суме занятых месцаў і адпаведна  набраных ачкоў усімі ўдзельнікамі каманды.

Калі холад прабіраў да касцей, на дапамогу прыходзіла палатка райспажыўтаварыства, дзе можна было набыць піражкі, гарачы чай.

І вось дыстанцыі пройдзены. Самы ўрачысты і хвалюючы момант – падвядзенне вынікаў і вызначэнне пераможцаў. Сярод жанчын 18-29 гадоў лепшай стала Юлія Пацэвіч,  30-39 гадоў – Алена Жарнасек, 40-49 – Любоў Цыбульская, 50 і старэй – Галіна Макарава. Сярод мужчын 18-29 гадоў лепшы вынік паказаў Сяргей Пацэвіч, 30-39 гадоў – Аляксандр Жукаў, 40-49 – Юрый Жодзік, 50 і старэй – Мікалай Фядосенка. 

У камандным заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: пераможцам “Беларускай лыжні-2011” стала каманда “Беларусбанка”, другое месца з невялікім адрывам заваявала ПМК-66, трэцяе – “Ушацкі лясгас”. Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам і граматай. Ганаровыя граматы за першае, другое, трэцяе месцы атрымалі ўдзельнікі ўсіх узроставых катэгорый.

Спартыўнае мерапрыемства вызначыла самых лепшых, тых, хто надае  спорту вялікую ўвагу, займаецца рознымі яго відамі. Спадзявацца на перамогу аматарам цыгарэт і піва не было ніякага шанцу. Наперадзе цэлы год, каб падрыхтавацца да наступнага спартыўнага свята, да чарговай “Беларускай лыжні”. Ну а тых, хто ўпэўнена трымаецца на лыжах, хутка чакаюць новыя старты – каманда раёна прыме ўдзел у абласных спаборніцтвах.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *