У девятиклассника Ушачской школы Николая Боровикова каждый день расписан буквально по минутам

Общество

Сустрэцца з дзевяцікласнікам Ушацкай школы Колем Баравіковым аказалася не такой і простай справай. Кожны дзень гэтага актыўнага, цікаўнага хлопца распісаны літаральна па хвілінах: заняткі па вучэбных прадметах, школа мастацтваў, гурткі, бібліятэка – ледзь на вячэрні аўтобус паспявае, каб вярнуцца дамоў у Баяршчыну. Ці многа вы ведаеце сучасных дзяцей і падлеткаў, якія самі сабе ставяць абмежаванне: сядзець у тэлефоне і камп’ютары не больш адной гадзіны ў дзень? А вось Мікалай якраз з такіх, бо лічыць час вялікай каштоўнасцю, а “жывыя” зносіны – лепшымі за віртуальныя. Тыя ж паўгадзіны, на якія ён зазірнуў у рэдакцыю паміж “музыкалкай” і аўтобусам, праляцелі вельмі хутка – настолькі цікавым і шчырым субяседнікам аказаўся хлопец.

Прынамсі, першая наша з ім сустрэча адбылася яшчэ 10 год таму. У РДК ладзіўся раённы конкурс талентаў, на які амаль у поўным складзе прыехала сям’я Крывёнкаў, каб падтрымаць старэйшага сына Яўгена, гумарыстычны нумар у яго выкананні тады рассмяшыў усю залу, і хлопец атрымаў галоўны прыз. Маленькі Коля зачаравана назіраў за падзеямі і, здаецца, лавіў кожнае слова і эмоцыю, у гэтую вялікую дружную сям’ю ён трапіў зусім нядаўна і толькі прывыкаў да новага статусу.

Стаць прыёмнымі бацькамі Людміла Іванаўна і Алег Юльянавіч вырашылі на сямейным савеце. Калі ж прыехалі ў дзіцячы дом, да іх прывялі пяцігадовага хлопчыка. “Такі разгублены, маленькі – птушанятка ў акулярчыках… Супрацоўніца кажа, маўляў, давайце яшчэ аднаго малыша пакажу. Але ж мы не ў краме! Я адразу адчула, як мы з ім адзін аднаму патрэбныя”, – прыгадвае момант знаёмства Людміла Іванаўна. Яе Коля адразу стаў называць мамай, а праз колькі часу нясмела запытаўся: “Матуля, а можна я і дзядзю Алега буду татам зваць?”

Малы з захапленнем сачыў за простымі бытавымі рэчамі – як гатуюць ежу, мыюць бялізну, ён нават жывога ката ніколі не бачыў! Убіраў у сябе ўсё, як губка. Увогуле дапытлівасць, імкненне пранікнуць у сутнасць рэчаў – адна з галоўных рыс яго характару. Часам ад гэтага былі і праблемы. Аднаго разу шасцігадовы Коля вырашыў дапамагчы тату падрыхтаваць тэхніку да выезду ў поле. Узяў ключ і “падкруціў” гайкі – бачыў, як той раней рабіў нешта падобнае. Насамрэч жа мацаванні малы наадварот аслабіў – і добра, што вопытны механізатар сапраўды перад кожным выездам аглядае трактар… “І ведаеце, тата нават голасу не павысіў, – прыгадвае Коля. – Селі мы, пагаварылі, потым ён даў мне стары гадзіннік, прапанаваўшы яго разабраць і сабраць, каб задаволіць цікавасць да механізмаў. Мне ж было вельмі сорамна і ўрок я засвоіў на ўсё жыццё”.

Людміла Іванаўна за гэтыя гады брала на сябе апякунскія клопаты ў адносінах некалькіх дзяцей, вось і зараз у іх дружнай сям’і жывуць два новыя хлопчыкі. У 2017-м годзе жанчына стала лаўрэатам прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі, якая прысуджаецца самым дастойным матулям вобласці.

Неўзабаве хлопчык пайшоў у школу, з ім карпатліва займаліся і родныя, і спецыялісты, у выніку ўдалося палепшыць зрок, зняць праблемы з маўленнем (апошняму вельмі паспрыяла лагапед Таццяна Мікалаеўна Васілеўская). “У Плінскай школе панавала сапраўдная сямейная абстаноўка. Мы ўсе там былі сябрамі! Шкада, што яна зачынілася. Але і ва Ушачах вучыцца падабаецца, тут шырокія магчымасці. Мне цікавыя ўсе прадметы, але найбольш фізіка і матэматыка, спадзяюся пасля школы атрымаць прафесію інжынера-тэхнолага. Але самае маё вялікае захапленне – шахматы! Калі не згуляю ці не разбяру за дзень хаця б адну партыю – лічы што ён прайшоў дарэмна”, – прызнаецца хлопец.

Упершыню гэту гульню яму паказаў брат Яўген, а яе тонкасцям навучыў былы плінскі настаўнік Уладзімір Ільіч Барысёнак, пад кіраўніцтвам якога ў гуртку “Юны шахматыст” раённага цэнтра дзяцей і моладзі Коля займаецца і зараз. Ёсць у хлопца ўжо і тытулы: ён двухразовы чэмпіён дзіцячага санаторыя “Расінка”, дзе штогод праходзіць аздараўленне. Коля распрацоўвае шахматныя партыі, а самай цікавай з нядаўна прыдуманых ён даў назву “Пляска смерці”, бо ў яе аснове імклівы, атакуючы стыль. Юнак нават спрабуе аформіць свае ідэі ў форме кнігі з рабочай назвай “Ад навічка да майстра”, дзе апісвае самыя цікавыя згуляныя партыі, дае парады тым, хто толькі адкрыў для сябе свет шахмат.

Непрадукцыйным школьнік лічыць і той дзень, калі не прачытаў хаця б некалькі кніжных старонак. Сярод любімых жанраў – гістарычныя раманы, а ў ліку аўтараў – славуты зямляк Васіль Быкаў.

Ну а як у такой таленавітай, артыстычнай сям’і было ўтрымацца ад музычнай творчасці? Сёлета хлопец заканчвае школу мастацтваў, дзе асвойваў ігру на баяне. Працяглы час перадаваў яму сваё майстэрства Сяргей Васільевіч Парашкін, які, па словах Колі, быў вельмі цярплівы, даваў не толькі музычныя, а і жыццёвыя парады. Шмат для развіцця далі і чатыры гады ўдзелу ў фальклорным калектыве “Спадчына”. Хлопец выступаў на розных сцэнах, ды ўсё ж любімай называе тую, што ў родным селішчанскім клубе. Яна ж лічы што сямейная: вось і сёлета перад Новым годам на чале з загадчыкам Ганнай Канстанцінаўнай Мялешка ладзілі тут святочнае прадстаўленне, у якім былі задзейнічаны і мама, і сястра, а Коля дэбютаваў у якасці спевака: выканаў песню пра “цудоўную маркізу”, для якой сам прыдумаў жартоўны тэкст. “Давялося пераадолець страх, але гледачы прымалі мяне вельмі цёпла! – кажа Мікалай. – Выдатны быў канцэрт, пасля якога мы адправіліся дамоў сустракаць сям’ёй Новы год”.

Як жа хочацца, каб і ў гэтага хлопца, і ў яго блізкіх усё было добра – яны як ніхто гэтага заслугоўваюць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *